Падзяліцца
Чорт з трыма залатымі валасамі
Чорт з трыма залатымі валасамі Märchen

Чорт з трыма залатымі валасамі - Казка братоў Грым

Час чытання: 3 хв

Жыла аднойчы бедная жанчына, вось нарадзіла яна сыночка, нарадзіўся ён на свет у сарочцы, і было яму прадказана, што на чатырнаццатым годзе ён ажэніцца з каралеўскай дачкой. І здарылася, што неўзабаве пасля гэтага прыбыў у гэтую вёску кароль; але ніхто не ведаў, што гэта кароль, і калі ён пачаў распытваць у людзей, што ў іх новага, яму адказалі:

– Ды вось нарадзілася ў нас на гэтых днях дзіця ў сарочцы; што яно ні задумае, ва ўсім яму будзе ўдача. І прадказана яму яшчэ, што на чатырнаццатым годзе быццам ажэніцца ён з каралеўскай дачкой.

А было ў караля сэрца ліхое; разгневаўся ён, даведаўшыся аб такім прадказанні, і пайшоў да бацькоў хлопчыка, прыкінуўся такім ласкавым, такім добрым і кажа:

– Вы людзі бедныя, аддайце мне ваша дзіця, ужо я аб ім паклапачуся.

Спачатку яны адмаўляліся, але калі гэты чужы чалавек прапанаваў ім за гэта нямала золата, яны вырашылі: «Ужо як ён нарадзіўся шчасліўцам, то будзе гэта для яго да лепшага», і яны згадзіліся і аддалі хлопчыка.

Паклаў кароль дзіця ў паходны куфэрак і паскакаў з ім далей. Пад’ехаў ён да глыбокага віру, кінуў куфэрак у ваду і падумаў: «Вось я і выратаваў сваю дачку ад няпрошанага жаніха». Але куфэрак не патануў, а паплыў, нібы караблік, і ні адна кропля вады ў яго не прасачылася. І адплыў ён на дзве мілі ад каралеўскай сталіцы, прыплыў да млына і спыніўся каля плаціны. На шчасце, стаяў паблізу батрак з млына, ён заўважыў куфэрак і выцягнуў яго бусаком на бераг, думаючы знайсці ў ім немалыя скарбы; але калі ён яго адчыніў, то ўбачыў, што ляжыць у ім прыгожы хлопчык, здаровы і вясёлы. Ён прынёс яго да млынара і яго жонкі, і паколькі дзяцей у іх не было, то млынарыха зарадавалася і кажа:

– Гэта сам Пан Бог паслаў нам дзіцятка.

Пачалі яны аб знайдышы клапаціцца, і ён вырас, выхаваны на многіх дабрадзейных справах.

Але вось здарылася аднойчы, што кароль, жадаючы схавацца ад навальніцы, зайшоў на млын і, заўважыўшы рослага хлопчыка, спытаў у млынара і яго жонкі, ці не іх гэта сын.

– Не, – адказалі яны, – гэта знайдыш. Чатырнаццаць гадоў таму назад яго прынесла ў куфэрку да нашай плаціны, і батрак выцягнуў яго з вады.

Тады кароль зразумеў, што гэта ніхто іншы, як той самы шчаслівец, якога ён кінуў у ваду, і ён сказаў:

– А ці нельга будзе, людзі добрыя, паслаць яго з маім пісьмом да каралевы. Я дам яму за гэта ўзнагароду – два залатыя.

– Як пажадае кароль, – адказалі млынар і млынарыха і загадалі юнаку рыхтавацца ў шлях-дарогу.

І напісаў кароль ліст каралеве, а было ў ім сказана: «Як толькі гэты хлопчык прыбудзе з маім пісьмом, я загадваю яго забіць і закапаць у зямлю; і зрабіць усё гэта трэба да майго вяртання».

Выправіўся хлопчык з гэтым лістом у дарогу, але на шляху заблудзіўся і трапіў пад вечар у дрымучы лес. У цемры ён заўважыў агеньчык: пайшоў насустрач яму і апынуўся каля хаткі. Зайшоў ён туды, бачыць – сядзіць каля печкі бабуля, а болей у хатцы нікога няма. Яна згледзела юнака, спалохалася і кажа:

– Ты адкуль і куды кіруешся?

– Я іду з млына, – адказаў ён, – кіруюся да каралевы, нясу ёй пісьмо; ды вось заблудзіўся ў лесе і хацеў бы ў цябе пераначаваць.

– Бедны ты хлопчык, – мовіла бабуля, – бо ты трапіў у разбойніцкі прытон; калі разбойнікі вечарам вернуцца дамоў, яны цябе заб’юць.

– Ну, што ж, няхай прыходзіць хто заўгодна, – сказаў юнак, – я нікога не баюся; я так стаміўся, што ісці далей не маю сілы. – І ён лёг на лаўку і заснуў.

Неўзабаве з’явіліся разбойнікі і гнеўна спыталі, чаму тут ляжыць нейкі чужы хлопчык.

– Ах, – сказала бабуля, – ды гэта ж зусім нявіннае дзіця. Хлопчык заблудзіўся ў лесе, і я з жалю яго прытуліла; ён павінен даставіць пісьмо каралеве.

Распячаталі разбойнікі ліст, прачыталі яго, а напісана ў ім было, што як толькі ён з’явіцца, яго трэба тут жа забіць. І вось адчулі жорсткія разбойнікі жаласлівасць, іх атаман разарваў ліст і напісаў замест яго новы, дзе сказана было, што як толькі ён з’явіцца, яго зараз жа трэба абвянчаць з каралеўскай дачкой. Яны пакінулі яго спакойна спаць на лаўцы да самай раніцы, а калі ён прачнуўся, далі яму ліст і паказалі дарогу.

Каралева, атрымаўшы ліст і прачытаўшы яго, зрабіла так, як было ў ім пазначана: яна загадала наладзіць пышнае вяселле, і каралеўна была павянчана са шчасліўцам. А паколькі юнак быў прыгожы і ласкавы, то жыла яна з ім радасная і задаволеная.

Праз некаторы час кароль вярнуўся ў свой замак і ўбачыў, што споўнілася прадказанне і шчаслівец павянчаны з яго дачкой.

– Як жа гэта здарылася? – спытаў ён. – Я ж у сваім пісьме даў зусім іншы ўказ.

Тады падала яму каралева ліст і сказала: няхай, маўляў, сам паглядзіць, што ў ім напісана. Прачытаў кароль ліст і адразу заўважыў, што яго падмянілі іншым. Ён спытаў у юнака, куды падзеўся даручаны яму ліст і чаму ён прынёс замест яго іншы.

– Я нічога аб гэтым не ведаю, – адказаў ён, – мабыць, яго ноччу падмянілі, калі я спаў у лесе.

І сказаў разгневаны кароль:

– Ну, гэта табе не надта лёгка пройдзе! Хто хоча атрымаць дачку маю за жонку, той павінен здабыць мне з пекла тры залатыя валасы з галавы чорта, – калі прынясеш, што я патрабую, то застанецца мая дачка тваёй жонкай.

Так думаў кароль адчапіцца ад яго раз і назаўсёды. Але шчаслівец адказаў:

– Што ж, залатыя валасы я вам здабуду, чорта я не баюся. – На тым ён развітаўся з каралём і пачаў сваю вандроўку.

І прывяла яго дарога ў адну сталіцу. Гарадскі брамнік пачаў яго выпытваць, якое ён рамяство ведае і што ўмее рабіць.

– Я ўсё ўмею рабіць, – адказаў шчаслівец.

– Тады акажы нам паслугу, – сказаў брамнік, – растлумач, чаму наш фантан на рыначным пляцы, з якога раней бруілася віно, цяпер перасох і нават вада з яго не цячэ.

– Гэта я вам растлумачу, – адказаў юнак, – пачакайце толькі, пакуль я назад вярнуся.

І ён рушыў далей і падышоў да другога горада; і зноў спытаў у яго брамнік, якое рамяство ён ведае і што ўмее рабіць.

– Я ўсё ўмею рабіць, – адказаў ён.

– Тады акажы нам паслугу і скажы, чаму дрэва ў нашым горадзе раней давала залатыя яблыкі, а цяпер на ім нават і лісцяў няма.

– Гэта я вам растлумачу, – адказаў ён, – толькі пачакайце, пакуль я назад вярнуся.

Пайшоў ён далей і прыйшоў да вялікай ракі, і трэба было яму цераз тую раку пераправіцца. Перавозчык спытаў у яго, якое рамяство ён ведае і што ўмее рабіць.

– Я ўсё ўмею рабіць, – адказаў ён.

– Тады акажы мне паслугу, – сказаў перавозчык, – растлумач мне, чаму я павінен увесь час займацца перавозам і ніхто мяне ніколі не зменіць?

– Я гэта табе растлумачу, – адказаў ён, – толькі пачакай, пакуль я назад вярнуся.

Пераправіўся ён цераз раку і адшукаў уваход у апраметную. А было там чорна-чорна і сажай усё пакрыта, а чорта на той час дома не аказалася, і толькі сядзела там яго бабуля ў шырокім, вялікім крэсле.

– Што табе патрэбна? – спытала яна ў яго, і падалася яна яму не такой ужо сярдзітай.

– Ды вось хацелася б мне здабыць тры залатыя валасы з галавы чорта, – адказаў ён, – а не – дык давядзецца мне са сваёй жонкай разлучыцца.

– Аднак жа ты багата патрабуеш, – сказала яна, – калі чорт вернецца дамоў і ўбачыць цябе тут, то давядзецца табе з жыццём сваім расквітацца. Але мне шкада цябе, я пагляджу – можа, чым і змагу табе дапамагчы. – І яна ператварыла яго ў мураша і сказала: – Залезь у складкі маёй спадніцы, там будзе табе бяспечна.

– Ды гэта ж добра, – адказаў юнак, – але я хацеў бы яшчэ атрымаць адказ на тры пытанні: чаму фантан, з якога раней струменілася віно, цяпер вычарпаўся і нават вада з яго не цячэ; чаму на дрэве, на якім раней раслі залатыя яблыкі, цяпер нават лісцяў няма; і чаму павінен перавозчык увесь час перавозіць з берага на бераг і ніхто яго ніколі не зменіць?

– Гэта пытанні цяжкія, – адказала бабка, – але ты сядзі ціха і слухай уважліва, што скажа чорт, калі я пачну вырываць у яго тры залатыя валасы.

Вось надышоў вечар, і вярнуўся чорт дамоў. Толькі зайшоў ён і, бачна, адразу ж прыкмеціў, што паветра чамусьці нячыстае.

– Чую, чую мяса чалавечае! – сказаў ён. – Тут штосьці нядобрае. – Ён зазірнуў ва ўсе куткі, пачаў шукаць і абшнарваць, але знайсці нічога не мог.

Тут пачала бабуля яго лаяць.

– Ды скрозь толькі што падмецена, – кажа, – і ўсё ў належны парадак прыведзена, а ты ўсё зноў раскідваеш, – вечна ты чуеш носам чалавечае мяса. Сядзь ты лепш ды павячэрай.

Паеў ён і папіў, – відаць, моцна стаміўся, – і схіліў галаву на калені бабулі і папрасіў вошай ў галаве ў яго пашукаць. Тут хутка ён задрамаў, засоп і захроп. Схапіла тады бабуля адзін залаты волас, вырвала яго і паклала яго каля сябе.

– Ой! – ускрыкнуў чорт. – Ты што робіш?

– Ды гэта мне дурны сон прысніўся, – адказала чортава бабуля, – вось я і схапіла цябе за валасы.

– Што ж табе такое прыснілася? – пытаецца чорт.

– Прысніўся мне фантан на рыначным пляцы, біла з яго раней віно, а цяпер перасох, і нават вада з яго не цячэ. Скажы, якая прычына таму?

– Эх, калі б ведалі яны! – адказаў чорт. – Там сядзіць жаба пад каменем, – калі яе забіць, то віно пацячэ зноўку.

Пачала чортава бабуля зноў у галаве ў чорта вошай шукаць, тут ён зноў заснуў і так захроп, што нават шыбы ў вокнах задрыжалі. І вырвала яна ў яго другі волас.

– Ух! Ды што гэта ты робіш? – ускрыкнуў разгневаны чорт.

– Ты не злуйся, – адказала яна, – гэта я спрасонку.

– А што ж табе зноў прыснілася? – пытаецца ён.

– Ды прыснілася мне, быццам расце ў адным каралеўстве яблыня, раней давала яна залатыя яблыкі, а цяпер нават лісцяў на ёй няма. Якая прычына таму?

– Эх, калі б яны ведалі! – адказаў чорт. – Яе карані мыш падтачвае; калі яе забіць, будзе зноў яна радзіць залатыя яблыкі, а будзе мыш і далей грызці карані, то і зусім яна засохне. Але пакінь ты мяне ў спакоі са сваімі снамі! Калі ты яшчэ раз перашкодзіш мне спаць, атрымаеш аплявуху.

Тут пачала бабуля ласкава яго суцяшаць і ўзялася зноў шукаць у яго ў галаве, пакуль ён не заснуў і не захроп. Тады яна схапіла трэці волас і вырвала ў яго з галавы. Тут чорт як падскочыць, як закрычыць, хацеў было ўжо з ёю расправіцца, але яна зноў яго супакоіла і сказала:

– Што з дурнымі снамі зробіш!

– Ды што ж табе прыснілася? – спытаў ён з цікаўнасцю.

– Сніўся мне перавозчык; скардзіўся ён, што павінен перавозіць з берага на бераг і ніхто ніколі яго не зменіць. Якая прычына таму?

– Эх, дурань жа ён! – адказаў чорт. – Калі хто падыдзе, каб цераз раку пераправіцца, няхай дасць ён яму ў рукі шост, – вось і павінен будзе другі стаць перавозчыкам, а ён вызваліцца.

Чортава бабуля, вырваўшы тры залатыя валасы і атрымаўшы адказ на ўсе тры пытанні, пакінула старога чорта ў спакоі, і ён праспаў да самай раніцы.

Вось чорт зноўку пайшоў, выняла тады бабуля са складак сваёй спадніцы мураша і вярнула шчасліўцу зноў яго чалавечы воблік.

– Вось табе тры залатыя валасы, – сказала яна, – а што адказаў чорт на твае тры пытанні, ты, бадай, і сам ужо чуў.

– Але, – адказаў шчаслівец, – я ўсё чуў і добра запомніў.

– Ну, вось я табе і дапамагла, – сказала яна, – а зараз ідзі сваёй дарогай.

Падзякаваў ён бабулю за дапамогу ў бядзе, выйшаў з пекла і быў задаволены, што ва ўсім яму так пашчасціла. Прыйшоў ён да перавозчыка і павінен быў даць яму абяцаны адказ.

– Спярша перавязі мяне на той бераг, – сказаў шчаслівец, – тады я табе скажу, як вызваліцца. – І калі яны пераправіліся на другі бераг, ён даў яму чортаву параду: – Калі хто падыдзе зноў да берага і папросіць яго перавезці, ты сунь яму шост у рукі.

Пайшоў ён далей і прыйшоў у горад, дзе расло бясплоднае дрэва і дзе гарадскі брамнік таксама чакаў адказу. І сказаў ён яму тое, што чуў ад чорта: «Забіце мыш, якая грызе карані дрэва, і яно зноў будзе радзіць залатыя яблыкі». Падзякаваў яму брамнік і даў як узнагароду за гэта двух наўючаных золатам аслоў, якія павінны былі ісці за ім.

Нарэшце прыйшоў ён у горад, дзе перастаў біць фантан. І ён перадаў брамніку тое, што параіў чорт: «Трэба знайсці жабу, – а яна сядзіць пад каменем у фантане, – і яе забіць, і зноў зацурчыць з фантана віно». Падзякаваў яму брамнік і даў таксама двух наўючаных золатам аслоў.

Нарэшце шчаслівец вярнуўся дамоў да сваёй жонкі, і яна зарадавалася ад усяго сэрца, што зноў яго ўбачыла і даведалася аб тым, што ўсё добра яму ўдалося. І ён прынёс каралю тое, што той ад яго патрабаваў, – тры залаты валасы з галавы чорта; і калі ўбачыў кароль чатырох аслоў, нагружаных золатам, дык быў і зусім задаволены і сказаў:

– Цяпер усе ўмовы выкананы, – няхай мая дачка застаецца тваёй жонкай. Але скажы мне, шаноўны зяцёк, адкуль у цябе столькі золата? Бо гэта ж багацце немалое!

– Ды перапраўляўся я цераз раку, – адказаў ён, – і ляжала яно, быццам пясок на беразе, я і забраў яго з сабой.

– А ці нельга мне яго здабыць? – спытаў кароль, і адолела яго вялікая сквапнасць.

– Ды колькі вам будзе заўгодна! – адказаў шчаслівец. – Ёсць на той рацэ перавозчык, вы папрасіце яго перавезці вас на другі бераг, а там ужо і наб’еце сабе поўныя мяшкі золатам.

І адправіўся прагны кароль спехам у шлях-дарогу, прыбыў да ракі і даў знак перавозчыку, каб той перавёз яго. Пад’ехаў перавозчык і прапанаваў яму сесці ў лодку, і калі пад’ехалі яны да другога берага, сунуў той яму ў рукі свой шост, а сам выскачыў з лодкі.

І з таго часу вымушаны быў кароль у пакаранне за свае грахі зрабіцца перавозчыкам.

– Што ж, перавозіць ён яшчэ і дагэтуль?

– А то як жа! Бо ніхто шаста з рук у яго не возьме.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
НумарKHM 29
ПеракладыEN, ZH, ES, FR, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, VI, TR, IT, PL, NL, EL, HU, DA, SE, BG
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана38,4
Колькасць знакаў13.019
Колькасць літар10.062
Колькасць сказаў151
Колькасць слоў2.205
Сярэдняя колькасць слоў у сказе14,60
Словы даўжэй за 6 літар524
Працэнт доўгіх слоў23,8%
Type-Token Ratio (TTR)0,358
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,858
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)136,0
Hapax Legomena484
Average word length4,57
Median sentence length13,0
90th percentile sentence length27,0
Direct speech share3,3%
Sentence complexity1,91
Connectors0
Referential cohesion0,012
Character/name candidatesШто (2)
Character co-occurrence networknone
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch