Час чытання: 2 хв
Шмат гадоў таму жыў на свеце млынар. І быў у млынара асёл, разумны і дужы.
Доўга працаваў асёл на млыне, цягаў на спіне кулі з мукой і вось нарэшце састарыўся. Бачыць гаспадар: аслабеў асёл, не здатны больш для работы – і выгнаў яго з дому.
Спалохаўся асёл: «Куды я пайду, куды падзенуся? Стары я стаў і слабы».
А потым падумаў: «Пайду гэтак я ў нямецкі горад Брэмен і стану там гарадскім музыкам».
Так і зрабіў. Пайшоў у нямецкі горад Брэмен.
Ідзе асёл па дарозе і крычыць па-аслінаму. І раптам бачыць ён: ляжыць на дарозе сабака і цяжка дыхае.
– Чаму ты так запыхаўся, сабака? – пытае асёл. – Што з табой?
– Стаміўся, – гаворыць сабака. – Бег доўга, вось і запыхаўся.
– Што ж ты так бег, сабака? – пытае асёл.
– Ах, асёл, – гаворыць сабака. – Пашкадуй мяне. Жыў я ў паляўнічага, доўга жыў.

Па палях і балотах за дзічынай для яго бегаў, а цяпер стары стаў,і надумаў мой гаспадар мяне забіць. Вось я і збег ад яго, а што далей рабіць – не ведаю.
– Пойдзем са мной у горад Брэмен, – адказвае яму асёл, – зробімся там музыкамі. Брэшаш ты гулка, голас у цябе добры – ты будзеш спяваць і ў барабан біць. А я буду на гітары іграць.
– Што ж, – гаворыць сабака, – пойдзем.
Пайшлі яны разам. Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы.
Ішлі яны, ішлі і раптам бачаць: сядзіць на дарозе кот, сумны сядзіць кот, невясёлы.
– Што ж ты такі сумны? – пытае яго асёл.
– Што ж ты такі невясёлы? – пытае сабака.
– Ах, – гаворыць кот, – пашкадуйце вы мяне, асёл і сабака.

Жыў я ў сваёй гаспадыні, доўга жыў, – лавіў пацукоў і мышэй. А цяпер стары стаў, зубы ў мяне прытупіліся, і захацела мая гаспадыня мяне ў рэчцы ўтапіць. Я і збег з дому. А што далей рабіць – не ведаю.
Асёл яму адказвае:
– Пойдзем з намі, кот, у горад Брэмен, станем там вулічнымі музыкамі. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць і на скрыпцы іграць, сабака – спяваць і на барабане іграць, а я – спяваць і на гітары іграць.
– Што ж, – гаворыць кот, – пойдзем.
Пайшлі яны разам.
Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы, кот ідзе, мяўкае па-кашачы.
Ішлі яны, ішлі. Праходзяць побач аднаго двара і бачаць: сядзіць на варотах певень і крычыць на ўсё горла: «Ку-ка-рэ-ку!»
– Ты што, пеўнік, крычыш? – пытае яго асёл.
– Што з табой здарылася? – пытае яго сабака.
– Можа, цябе хто пакрыўдзіў? – пытае кот.
– Ах, – гаворыць певень, – пашкадуйце вы мяне, асёл, сабака і кот. Заўтра да маіх гаспадароў госці прыедуць, і вось збіраюцца мае гаспадары зарэзаць мяне і зварыць з мяне суп. Што мне рабіць?
Адказвае яму асёл:
– Пойдзем з намі, певень, у горад Брэмен, і станем там вулічнымі музыкамі. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць і на балалайцы іграць, кот будзе спяваць і на срыпцы іграць, сабака – спяваць і на барабане іграць, а я буду спяваць і на гітары іграць.
– Што ж, – гаворыць певень, – пойдзем.
Пайшлі яны разам.
Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы, кот ідзе, мяўкае па-кашачы, певень ідзе, кукарэкае.

Ішлі яны, ішлі, і вось настала ноч. Асёл і сабака ляглі пад вялізным дубам, кот сеў на галіну, а певень узляцеў на самую вершаліну дрэва і пачаў адтуль глядзець па баках.
Глядзеў, глядзеў і ўбачыў: свеціцца непадалёку агеньчык.
– Агеньчык свеціцца! – крычыць певень.
Асёл кажа:
– Трэба даведацца, што гэта за агеньчык. Можа, паблізу дом стаіць.
Сабака кажа:
– Можа, у гэтым доме мяса ёсць. Я паеў бы.
Кот кажа:
– Можа, у гэтым доме малако ёсць. Я папіў бы.
А певень кажа:
– Можа, у гэтым доме пшонка ёсць. Я пакляваў бы.
Усталі яны і пайшлі на агеньчык.
Выйшлі на паляну, а на паляне дом стаіць, і акенца ў ім свеціцца.
Асёл падышоў да дому і зазірнуў у акенца.
– Што ты там бачыш, асёл? – пытае яго певень.
– Бачу я, – адказвае асёл, – сядзяць за сталом разбойнікі, ядуць і п’юць.

– Ох, як хочацца есці! – сказаў сабака.
– Ох, як хочацца піць! – сказаў кот.
– Як бы нам разбойнікаў з дому выгнаць? – сказаў певень.
Думалі яны, думалі і прыдумалі.
Асёл ціхенька паставіў пярэднія ногі на падваконнік, сабака залез на спіну аслу, кот ускочыў на спіну сабаку, а певень узляцеў на галаву кату.
І тут яны ўсе разам закрычалі:
Закрычалі яны і ўваліліся праз акно ў пакой.
Напалохаліся разбойнікі і ўцяклі ў лес.
А асёл, сабака, кот і певень селі вакол стала і ўзяліся за ежу.
Елі-елі, пілі-пілі, – наеліся, напіліся і спаць леглі.
Асёл расцягнуўся ў двары на сене, сабака ўлёгся перад дзвярыма, кот скруціўся клубком на печы, а певень залез на вароты.
Патушылі яны святло ў доме і заснулі.
А разбойнікі сядзяць у лесе і глядзяць з чашчобы на свой дом.
Бачаць: святло ў акенцы патухла, цёмна стала.
І паслалі яны аднаго разбойніка паглядзець, што ў доме робіцца.
Можа, дарэмна яны так напалохаліся.
Падышоў разбойнік да дому, адчыніў дзверы, зайшоў на кухню. Бачыць, а на печы два агеньчыкі гараць.
«Напэўна, гэта вуголле, – падумаў разбойнік, – вось я зараз лучыну распалю».
Ткнуў ён агеньчык лучынкай, а гэта было кацінае вока.
Раззлаваўся кот, ускочыў, зафыркаў, ды як драпане лапай, ды як зашыпіць.
Разбойнік – у дзверы.
А тут яго сабака за нагу схапіў.
Разбойнік – у двор.
А тут яго асёл капытом убрыкнуў.
Разбойнік – у вароты.

А з варот певень як закрычыць:
– Кукарэку!
Кінуўся разбойнік з усіх ног у лес. Прыбег да сваіх таварышаў і кажа:
– Бяда! У нашым доме пасяліліся страшныя веліканы. Адзін мне ўвесь твар кап’ём падрапаў, другі мне ножыкам нагу парэзаў, трэці мяне па спіне дубінай вытнуў, а чацвёрты закрычаў мне ўслед: «Трымай злодзея!»
– Ох, – сказалі разбойнікі, – трэба нам адсюль як мага хутчэй уцякаць.

І пайшлі разбойнікі з гэтага лесу назаўжды.
А брэменскія музыкі – асёл, сабака, кот і певень – засталіся жыць у іх у доме ды пажываць.

Інфармацыя для навуковага аналізу
Паказчык | Значэнне |
|---|---|
| Нумар | KHM 27 |
| Пераклады | EN, ZH, ES, FR, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, KO, VI, TR, IT, PL, NL, RO, EL, HU, DA, FI, SE, BG |
| Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана | 30,1 |
| Колькасць знакаў | 5.573 |
| Колькасць літар | 4.212 |
| Колькасць сказаў | 115 |
| Колькасць слоў | 924 |
| Сярэдняя колькасць слоў у сказе | 8,03 |
| Словы даўжэй за 6 літар | 204 |
| Працэнт доўгіх слоў | 22,1% |
| Type-Token Ratio (TTR) | 0,408 |
| Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR) | 0,777 |
| Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD) | 76,3 |
| Hapax Legomena | 250 |
| Average word length | 4,58 |
| Median sentence length | 7,0 |
| 90th percentile sentence length | 15,0 |
| Direct speech share | 3,9% |
| Sentence complexity | 1,22 |
| Connectors | 0 |
| Referential cohesion | 0,017 |
| Character/name candidates | Брэмен (5), Можа (3), Пойдзем (2) |
| Character co-occurrence network | Брэмен - Пойдзем (3) |
| Motif/tag candidates | Браты Грым |







