Падзяліцца
Беласнежка і Красназорка
Беласнежка і Красназорка Märchen

Беласнежка і Красназорка - Казка братоў Грым

Час чытання: 2 хв

На краі лесу, у маленькай хацінцы, адзінока жыла бедная ўдава. Перад хацінкай у яе быў сад, а ў садзе раслі два ружовыя кусты. На адным з іх цвілі белыя ружы, а на другім – чырвоныя. І былі ў яе дзве дачкі – адна бялей за белую ружу, другая румяней за чырвоную. Адну празвалі Беласнежкай, другую – Красназоркай.

Абедзве дзяўчынкі былі сціплыя, добрыя, працавітыя, паслухмяныя. Здавалася, увесь свет абыдзі – не знойдзеш лепшых! Толькі Беласнежка была цішэй і ласкавей, чым яе сястра. Красназорка любіла бегаць і скакаць па лугах і палях, збіраць кветкі, лавіць пеўчых птушак.

Беласнежка і Красназорка КазкаВыява: Oskar Herrfurth (1862-1934)

А Беласнежка больш ахвотна заставалася каля маці: дапамагала ёй па гаспадарцы або чытала што-небудзь услых, калі рабіць было нечага.

Сёстры так моцна любілі адна адну, што ўсюды хадзілі разам, узяўшыся за рукі. І калі Беласнежка гаварыла: «Мы ніколі не расстанемся», то Красназорка дадавала: «Да таго часу, пакуль жывыя!» А маці заканчвала: «Ва ўсім дапамагайце адна адной і ўсё дзяліце пароўну».

Часта абедзве сястры хадзілі ўдваіх у дрымучы лес збіраць спелыя ягады. І ні разу ніводзін драпежны звер не крануў іх, ніводзін маленькі звярок, убачыўшы іх, не схаваўся ад страху. Зайчык смела браў капусны ліст з рук у сясцёр, дзікая каза, як дамашняя, пасвілася ў іх на вачах, алень весела скакаў, а лясныя птушкі і не думалі ўцякаць ад дзяўчатак – яны сядзелі на галінках і спявалі ім усе песні, якія толькі ведалі.

Ніколі ніякай бяды не было з імі ў лесе. Калі, бывала, яны забавяцца і ноч застане іх у гушчары, то клаліся побач на мяккі мох і спакойна засыналі да раніцы. Маці ведала гэта і зусім не трывожылася за іх.

Беласнежка і Красназорка КазкаВыява: Paul Hey (1867 – 1952)

Беласнежка і Красназорка так чыста прыбіралі заўсёды сваю хату, што і заглянуць туды было прыемна.

Летам за ўсім прыглядала Красназорка. Кожнай раніцай, перш, чым прачыналася маці, яна ставіла каля яе пасцелі букет кветак, а ў букеце абавязкова было па кветачцы з кожнага ружовага куста – белая ружа і чырвоная.

А зімой у хаце гаспадарыла Беласнежка. Яна раскладала ў ачагу агонь і вешала на крук кацялок над агнём. Кацялок быў медны, але блішчаў, як залаты, – так ярка ён быў начышчаны.

Вечарам, калі за вокнамі хадзіла мяцеліца, маці гаварыла:

– Ідзі, Беласнежка, зачыні шчыльна дзверы.

І яны ўтраіх садзіліся перад ачагом.

Маці даставала акуляры, раскрывала вялікую тоўстую кнігу і пачынала чытаць, а абедзве дзяўчынкі сядзелі за сваімі калаўротамі, слухалі і пралі. Каля іх на падлозе ляжаў баранчык, ззаду, на седале, схаваўшы галаву пад крыло, – белы галубок.

Але аднойчы, калі яны сядзелі перад агнём і бавілі вечар за кнігай і калаўротам, хтосьці нясмела пастукаўся ў дзверы, быццам прасіў упусціць яго.

– Чуеш, Красназорка? – сказала маці. – Адчыні хутчэй! Гэта, напэўна, які-небудзь падарожнік шукае ў нас прытулку і адпачынку.

Красназорка пайшла і адсунула засаўку. Яна думала, што ўбачыць за дзвярыма стомленага чалавека, якога застала непагадзь.

Ды не, на парозе стаяў не чалавек. Гэта быў мядзведзь, які адразу ж прасунуў у дзверы агромністую чорную галаву.

Красназорка гучна ўскрыкнула і адскочыла назад. Баранчык забляяў. Галубок заляпаў крыламі. А Беласнежка схавалася ў самы цёмны куток, за ложак мацеры.

Мядзведзь паглядзеў на іх і сказаў чалавечым голасам:

– Не бойцеся! Я не зраблю вам ніякага зла. Я проста вельмі замёрз і хацеў бы хоць трохі сагрэцца ў вас.

– Ах ты, бедны звер! – сказала маці. – Кладзіся вось тут, каля агню… Толькі глядзі не падпалі незнарок шубу.

Пасля яна закрычала:

– Беласнежка! Красназорка! Ідзіце хутчэй сюды! Мядзведзь не зробіць вам нічога дрэннага. Ён разумны і добры.

Абедзве дзяўчынкі падышлі бліжэй, а за імі баранчык і галубок. І неўзабаве ўжо ніхто з іх не баяўся мядзведзя.

Беласнежка і Красназорка КазкаВыява: Oskar Herrfurth (1862-1934)

– Дзеці, – сказаў мядзведзь, – вам трэба пачысціць маю шубу, а то яна ўся ў снезе.

Дзяўчаткі прынеслі мяцёлку, абмялі, пачысцілі густую мядзведжую футру, і мядзведзь расцягнуўся перад агнём, забурчаў ад задавальнення.

А Беласнежка і Красназорка даверліва прымасціліся каля яго і давай тармасіць свайго непаваротлівага госця. Яны кудлацілі яго шэрсць, станавіліся яму на спіну нагамі, штурхалі то ў адзін бок, то ў другі, дражнілі арэхавымі палкамі. А калі звер пачынаў раўці, яны гучна смяяліся.

Мядзведзь дабрадушна дазваляў гуляць з ім, але калі яго вельмі даймалі, роў:

Калі надышла ноч і трэба было класціся спаць, маці сказала мядзведзю:

– Заставайся ты тут, каля ачага. Тут будзеш заслонены ад ветру і сцюжы.

Махнаты госць застаўся.

На світанні дзяўчаты адчынілі дзверы, і мядзведзь павольна паплёўся ў лес па снежных гурбах.

Але з той пары кожны вечар у той жа час ён прыходзіў да іх, клаўся перад ачагом і дазваляў абедзвюм сёстрам тармасіць яго колькі ім захочацца.

Дзяўчаткі так прывыклі да яго, што нават дзверы не зачынялі, пакуль не прыйдзе іх калматы чорны прыяцель.

І вось надышла вясна. Калі ўсё навокал зазелянела, мядзведзь сказаў Беласнежцы:

– Бывай. Я павінен пайсці ад вас, і ўсё лета мы не ўбачымся.

– А куды ты ідзеш, мілы мядзведзь? – спытала Беласнежка.

– У лес – вартаваць сваё багацце ад злых карлікаў, – адказаў мядзведзь. – Зімой, калі зямля моцна замярзае, яны не могуць выкарабкацца наверх і нехаця сядзяць у сваіх глыбокіх норах.

Але цяпер сонца абагрэла зямлю, растапіла лёд, і яны ўжо, напэўна, праклалі дарогу са свайго падзямелля на волю, вылезлі наверх, усюды шнараць і цягнуць да сябе ўсё, што ім прыглянецца. А хай што трапіць ім у рукі і апынецца ў іх нары, не хутка выйдзе зноў на белы свет.

Шкада было Беласнежцы расставацца з добрым другам. Яна ў апошні раз адчыніла яму дзверы. А ён, прабіраючыся міма яе праз парог, зачапіўся неспадзявана за крук у дзвярах і вырваў кавалачак шэрсці. І тут Беласнежцы падалося, што пад калматай мядзведжай шкурай бліснула золата… Але яна вачам сваім не паверыла. Мядзведзь з усіх ног кінуўся ўцякаць і, перш чым яна паспела аглянуцца, знік за дрэвамі.

Неўзабаве пасля таго паслала маці абедзвюх дачок у лес па хвораст. У глыбіні лесу дзяўчаты ўбачылі вялікае дрэва, паваленае бурай. Яшчэ здалёк яны заўважылі, што каля ствала ў траве штосьці мітусіцца, скача. Але што гэта такое – яны не маглі разабрацца.

Сёстры падышлі бліжэй і ўбачылі карліка – маленькага дзядка з маршчыністым тварам і доўгай, белай як снег барадой. Кончык яго барады трапіў у расколіну дрэва, і дзядок скакаў і мітусіўся, нібы сабачка на вяровачцы, але ніяк не мог вырвацца на волю.

Убачыўшы дзяўчат, ён выпучыў свае чырвоныя, іскрыстыя вачаняты і закрычаў:

– Чаго вы спыніліся? Не можаце падысці бліжэй і дапамагчы?

– Ды што ты тут робіш, дзядок? – сказала Красназорка.

– Неразумная цікаўная гуска! – адказаў карлік. – Я хацеў расшчапіць дрэва, каб нарыхтаваць сабе дробных дроўцаў для кухні. На тоўстых паляняках прыгараюць нашы далікатныя, лёгкія стравы. Але мы ядзім патрошку, а не напіхваем свае жываты, як вы, грубы, прагавіты народ!.. Я ўжо амаль загнаў у дрэва клін, і ўсё ішло выдатна, ды праклятая дзеравяка папалася вельмі слізкая і ні з таго ні з сяго выскачыла назад. Я не паспеў адскочыць, і маю цудоўную белую бараду прыхапіла, нібы ціскамі.

Беласнежка і Красназорка КазкаВыява: Oskar Herrfurth (1862-1934)

Вось яна і сядзіць у расколіне, і я, колькі ні б’юся, не магу вырвацца… Ды вы што смеяцеся, таўсташчокія дурнічкі? Цьфу, і глядзець на вас праціўна!

Дзяўчаты з усіх сіл імкнуліся дапамагчы дзядку, але вызваліць яго бараду ім ніяк не ўдавалася: вельмі ўжо моцна заціснула яе расколіна.

– Я пабягу паклічу людзей, – сказала Красназорка.

– Пустыя барановыя галовы! – заскрыпеў карлік. – Вельмі патрэбна клікаць сюды людзей! Хопіць з мяне і вас дваіх. Няўжо вы не можаце прыдумаць нешта лепшае?

– Пацярпі трошкі, – сказала Беласнежка. – Зараз я цябе выручу.

Яна выцягнула з кішэні маленькія нажніцы і адрэзала яму кончык барады.

Ледзь толькі адчуў сябе карлік на свабодзе, схапіў схаваны ў карэнні дрэва і з коптурам напакаваны золатам мех, надзейна завязаў яго, выгукнуў буркліва:

– Неачэсаны народ!.. Адхапілі кавалак маёй цудоўнай барады… Каб вам пуста было!

З гэтымі словамі ён узваліў мяшок на плечы і пайшоў, нават не глянуўшы на дзяўчат.

Праз некалькі дзён пасля таго Беласнежка і Красназорка вырашылі налавіць на абед рыбы. Прыйшоўшы на бераг ракі, яны ўбачылі вялікага коніка, які скакаў каля самай вады.

Яны падбеглі бліжэй і пазналі карліка, якога нядаўна бачылі ў лесе.

– Ды што з табой? – спытала Красназорка. – Ты, здаецца, збіраешся скочыць у ваду?

– Я не такі дурань! – крыкнуў у адказ карлік. – Няўжо вы самі не бачыце, што гэта праклятая рыба цягне мяне за сабой?

Сталася, што карлік сядзеў на беразе і лавіў рыбу. На бяду, вецер захацеў пагуляць з яго доўгай барадой і накруціў яе на лёску вуды. А тут, нібы знарок, клюнула вялікая рыбіна. У бяднягі не хапіла сілы выцягнуць яе на бераг. Рыба адолела рыбака і пацягнула яго за сабой у ваду. Ён хапаўся за травінкі і саломінкі, але ніяк не мог утрымацца. Рыба кідалася ў вадзе і цягала яго за сабой па беразе то ўправа, то ўлева… Яшчэ трохі, і яна пацягнула б яго на дно.

Дзяўчаты падаспелі якраз у час. Моцна схапіўшы карліка, яны спрабавалі разблытаць яго бараду. Але дзе там! Барада і лёска так цесна перапляліся, што думаць пра гэта было нечага.

Заставалася адно: зноў дастаць з кішэні маленькія нажніцы і адстрыгчы яшчэ жмут барады.

Ледзь толькі ляснулі нажніцы, карлік закрычаў не сваім голасам:

– Ды дзе гэта бачана, жабы вы лупатыя, так нявечыць чалавека! Мала таго, што вы ўжо адхапілі ў мяне канец барады, цяпер вы адрэзалі яе лепшую частку. Ды як я ў такім выглядзе пакажуся! Ах, каб вы, уцякаючы, свае падэшвы пагублялі!..

Тут ён схапіў мяшок з жэмчугам, закінуты ў чарот, і, не сказаўшы больш ні слова, знік за каменем.

Прайшло яшчэ тры дні, і вось маці паслала абедзвюх дачок у горад купіць іголак, нітак, шнуркоў і стужак.

Дарога ішла цераз пустэльную раўніну, па якой тут і там былі раскіданы агромністыя глыбы камянёў.

Дзяўчаты заўважылі, што ў небе лунае вялікая птушка. Павольна кружачыся, яна апускалася ўсё ніжэй і ніжэй і нарэшце села непадалёк ад дзяўчат, каля адной са скал.

У тое ж імгненне яны пачулі нейчы пранізлівы, жаласны крык.

Сёстры кінуліся на дапамогу і з жахам убачылі, што ў кіпцюры арла трапіў іх стары знаёмы – сівабароды карлік. Птушка развінула крылы і ўжо сабралася панесці яго.

Дзяўчынкі з усіх сіл ухапіліся за чалавечка і датуль тузалі і цягнулі яго да сябе, пакуль птушка не выпусціла сваю здабычу.

Толькі апомніўся карлік ад перапалоху, як закрычаў сваім скрыпучым, вісклівым галаском:

– Няўжо нельга было абысціся са мной як-небудзь асцярожней? Вы на шматкі парвалі кафтанчык з такога тонкага сукна!.. Эх вы, нехлямяжыя, непаваротлівыя дзеўчаняці!

Ён падняў мяшок, на гэты раз напакаваны каштоўнымі камянямі, і шмыгнуў у якуюсьці нару пад скалой.

А дзяўчаткі, зусім не здзівіўшыся, пайшлі далей: яны ўжо прывыклі да яго няўдзячнасці.

Вечарам, скончыўшы ў горадзе свае справы, сёстры вярталіся той жа дарогай і зноў нечакана сустрэлі карліка.

Выбраўшы чыстую, роўную мясціну, ён вытрас са свайго мяшка каштоўныя камяні і разбіраў іх, не думаючы, што хто-небудзь так позна пойдзе каля скал.

У праменнях вячэрняга сонца бліскучыя каменьчыкі так цудоўна мігацелі, пераліваючыся ўсімі колерамі вясёлкі, што сёстры міжволі спыніліся і залюбаваліся імі.

Карлік узняў галаву і заўважыў дзяўчынак.

– Ну чаго спыніліся, разявакі? – закрычаў ён, і яго попельна-шэры твар паружавеў ад злосці. – Што вам тут патрэбна?..

Ён адкрыў рот, каб вылаяцца, але тут пачулася грознае рычанне, і вялікі чорны мядзведзь шарам выкаціўся з лесу.

Страх адкінуў карліка ўбок, але дзядку не ўдалося ўцячы ў сваю надзейную нару: мядзведзь ужо быў у двух кроках ад яго.

Беласнежка і Красназорка КазкаВыява: Oskar Herrfurth (1862-1934)

Тады, калоцячыся ад страху, ён запішчаў:

– Дарагі пан мядзведзь, злітуйцеся нада мной! Я аддам вам сваё багацце! Паглядзіце хоць на тыя цудоўныя каменьчыкі, што ляжаць перад вамі… Толькі падарыце мне жыццё! Ну на што я вам, такі маленькі і шчупленькі? Вы нават не адчуеце мяне на зубах. Вазьміце лепш гэтых дрэнных дзяўчатак! Вось гэта будзе для вас смачны кавалачак. Вы ж самі бачыце, што яны больш тлустыя, чым маладыя перапёлкі. З’ешце іх абедзвюх на здароўе!..

Але мядзведзь і вухам не павёў, як быццам не чуў, што кажа яму злы карлік. Ён толькі стукнуў яму разок сваёй цяжкой лапай, і карлік больш не варухнуўся.

Дзяўчаткі вельмі напалохаліся і кінуліся бегчы, але мядзведзь забубніў ім услед:

– Беласнежка, Красназорка, не бойцеся, пачакайце! І я з вамі!

Тут яны пазналі голас свайго даўняга прыяцеля і спыніліся. Калі ж мядзведзь параўняўся з імі, тоўстая мядзведжая шкура раптам звалілася з яго, і яны ўбачылі перад сабой цудоўнага юнака, з ног да галавы апранутага ў золата.

– Я – каралевіч, – сказаў юнак. – Гэты злы карлік выкраў мае скарбы, а мяне самога ператварыў у мядзведзя. Дзікім зверам павінен я быў бадзяцца па лясных нетрах да таго часу, пакуль яго смерць не вызваліць мяне. І вось нарэшце ён пакараны па заслугах, а я зноў стаў чалавекам. Але я ніколі не забудуся, як вы пашкадавалі мяне, калі я быў яшчэ ў звярынай шкуры. Больш мы з вамі не расстанемся. Няхай Беласнежка стане маёй жонкай, а Красназорка – жонкай майго брата.

Так і адбылося. Калі прыйшоў час, каралевіч ажаніўся з Беласнежкай, а яго брат – з Красназоркай.

Каштоўныя скарбы, схаваныя карлікам у глыбокай пячоры, зноў заблішчалі на сонцы.

Добрая ўдава яшчэ доўга жыла ў сваіх дачок спакойна і шчасліва. Абодва ружовыя кусты яна ўзяла з сабою. Яны раслі пад яе акном і кожны год расцвіталі там цудоўныя ружы – белыя і чырвоныя.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
НумарKHM 161
ПеракладыEN, ZH, ES, FR, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, VI, TR, IT, PL, NL, RO, HU, DA, FI, SE, BG, ET, LV, SK, SL, SR, NO, LT
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана41,2
Колькасць знакаў13.211
Колькасць літар10.516
Колькасць сказаў194
Колькасць слоў2.092
Сярэдняя колькасць слоў у сказе10,78
Словы даўжэй за 6 літар636
Працэнт доўгіх слоў30,4%
Type-Token Ratio (TTR)0,511
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,905
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)277,6
Hapax Legomena816
Average word length5,03
Median sentence length10,0
90th percentile sentence length19,0
Direct speech share0,8%
Sentence complexity1,24
Connectors0
Referential cohesion0,003
Character/name candidatesБеласнежка (13), Красназорка (11), Беласнежцы (3), Беласнежкай (2), Красназоркай (2)
Character co-occurrence networkБеласнежка - Красназорка (6), Беласнежкай - Красназоркай (2)
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch