Падзяліцца
Гензель і Грэтель
Гензель і Грэтель Märchen

Гензель і Грэтель - Казка братоў Грым

Час чытання: 2 хв

Жыў на ўзлессі глухога бору бедны дрывасек са сваёй жонкаю і дваімі дзецьмі; хлопчыка называлі Гензель, а дзяўчынку – Грэтэль. Жыў дрывасек надгаладзь; але наступіла аднойчы на той зямлі такая дарагоўля, што не было за што яму купіць нават хлеба замарыць чарвячка.

І вось пад вечар, лежачы на пасцелі, пачаў ён думаць, і ўсё адольвалі яго розныя думкі і клопаты; паўздыхаў ён і кажа жонцы:

– Што ж цяпер будзе з намі? Як нам пракарміць няшчасных дзяцей, нам і самім няма чаго есці!

– А ведаеш што, – адказала жонка, – давай раненька, як толькі пачне днець, завядзём дзяцей у лес, у самы глухі гушчар; запалім ім вогнішча, дадзім кожнаму па лусце хлеба, а самі пойдзем на работу і пакінем іх адных. Дарогі дадому яны не знойдуць, вось мы ад іх і пазбавімся.

– Не, жонка, – гаворыць дрывасек, – гэтага я не зраблю, бо сэрца ў мяне не камень, я дзяцей адных кідаць у лесе не магу, там нападуць на іх дзікія звяры і іх з’ядуць.

– Эх ты, дурань! – зазлавала жонка. – Учацвярых жа мы ўсе з голаду прападзем, і застанецца толькі адно – труны збіваць. – І яна грызла яго да той пары, пакуль ён з ёй згадзіўся.

– А ўсё ж шкада мне маіх няшчасных дзяцей! – сказаў дрывасек.

Галодныя дзеці не спалі, дык чулі ўсё, што і як гаварыла мачыха іхняму бацьку. Залілася Грэтэль горкімі слязьмі і кажа Гензелю:

– Мусіць, нам цяпер загінуць прыйдзецца.

– Цішэй, Грэтэль, – прамовіў Гензель, – не бядуй, я што-небудзь ды прыдумаю, як нам выратавацца.

І вось калі бацькі заснулі, ён падняўся, надзеў сваю куртачку, адчыніў дзверы ў сені і ціхенька выйшаў на двор. У гэты час ярка свяціў месяц, і белыя каменьчыкі, што ляжалі перад хаткай, блішчэлі, быццам кучкі сярэбраных манетаў.

Гензель нагнуўся і напоўніў імі кішэню. Пасля вярнуўся ён у хату і шапнуў Грэтэль:

– Суцешся, мілая сястрычка, спі сабе цяпер спакойна, Бог нас не пакіне. – І тут жа ён зноў лёг на сваю пасцель.

Толькі пачаўся світанак, яшчэ і сонейка не ўзыходзіла, а мачыха падышла ўжо і пачала будзіць іх:

– Гэй вы, лежні, час падымацца, збірайцеся з намі ў лес па дровы!

Дала яна кожнаму з іх па лусце хлеба і кажа:

– Вось гэта будзе вам на полудзень; ды глядзіце, не з’ешце ўсяго раней часу, больш нічога я вам не дам.

Грэтэль схавала хлеб у свой фартух, бо ў Гензеля кішэня поўнілася каменнямі. І яны сабраліся ісці разам у лес. Прайшлі яны крыху, раптам Гензель запыніўся, азірнуўся, паглядзеў на хаціну, – так вось ён раз за разам азіраўся і запыняўся. А бацька яму і кажа:

– Гензель, чаго гэта ты ўсё азіраешся ды азіраешся? Не марудзь, ідзі шпарчэй.

– Ах, татачка, – адказаў яму Гензель, – я ўсё гляджу на сваю белую кошачку, вунь сядзіць яна на страсе, нібы хоча сказаць мне «бывай».

А мачыха і гаворыць:

– Эх, дурань ты, гэта ж не твая котка, гэта ранішняе сонца блішчыць на трубе.

А Гензель зусім і не на кошачку пазіраў, а даставаў з кішэні і кідаў на дарогу бліскучыя каменьчыкі.

Вось увайшлі яны ў самую лясную нетру, а бацька і кажа:

– Ну, дзеці, збірайце тут галлё, а я зраблю вам цяпельца, каб вы не ахаладалі.

Гензель і Грэтэль нанеслі шмут галля. Падпалілі яго. Калі полымя добра ўспыхнула, мачыха падае голас:

– Ну, дзеткі, кладзіцеся цяпер ля вогнішча ды адпачніце як след, а мы пойдзем у лес дровы секчы. Закончым працу, вернемся сюды і возьмем вас дахаты.

Селі Гензель і Грэтэль ля агню, і, калі надышоў поўдзень, кожны з іх з’еў па кавалачку хлеба. Яны ўвесь час чулі стук сякеры і думалі, што іхні бацька дзесьці паблізу. Але гэта быў зусім не стук сякеры, а цурбана, які навязаў дрывасек да сухога дрэва, і ён, гайдаючыся ад ветру, стукаў аб ствол.

Доўга сядзелі яны вось так ля агню, ад стомы пачалі зліпацца іхнія вочы, і яны моцна-моцна заснулі. А калі прахапіліся, была ўжо глухая ноч. Заплакала Грэтэль і кажа:

– Як жа нам цяпер выбрацца з лесу?

Пачаў Гензель яе суцяшаць.

– Пачакай крышачку, хутка ўзыдзе месяц, і мы тады знойдзем дарогу.

Калі ўзышоў месяц, узяў Гензель сястрычку за руку і патупаў ад каменьчыка да каменьчыка, а зіхацелі яны, быццам новыя сярэбраныя грошы, і падказвалі дзецям сцежку-дарожку. Яны ішлі ўсю ноч бесперапынна і падышлі на світанку да бацькавай хаціны.

Яны пастукалі, мачыха адчыніла ім дзверы; бачыць яна, што гэта Гензель і Грэтэль, і кажа:

– Што ж гэта вы, паганыя дзеці, так доўга спалі ў лесе? А мы ўжо думалі: вы дахаты не хочаце вяртацца.

Узрадаваўся бацька, убачыўшы дзяцей, – было ў яго на душы цяжка, што кінуў ён іх адных.

А хутка зноў насталі голад і нястача, і дзеці падслухалі, як мачыха ўночы, лежачы ў пасцелі, гаварыла бацьку:

– У нас зноў усё ўжо з’едзена, засталося толькі паўакрайца хлеба, відаць, нам хутка будзе канец. Трэба ўсё ж нам ад дзяцей пазбавіцца: давай завядзем іх у лес яшчэ далей, каб не знайшлі яны дарогу дадому, іншага выйсця ў нас няма.

Зашчымела, забалела дрывасекава сэрца, і ён падумаў: «Ужо лепей мне апошняй крошкай з дзецьмі падзяліцца». Але жонка і чуць пра тое не хоча, пачала яго лаяць і папікаць. І вось – як пагана пачнеш, дык добра не скончыш, – саступіў ён раз, давялося яму і цяпер саступіць.

Дзеці яшчэ не спалі і чулі ўсю гэтую гаману. І толькі бацькі заснулі, падняўся Гензель зноў, каб выйсці на двор і назбіраць каменьчыкаў, як і ў мінулы раз, але мачыха замкнула дзверы, і Гензель выйсці з хаціны не змог. Ён пачаў суцяшаць сваю сястрычку і кажа:

– Не плач, Грэтэль, спі спакойна, Бог нам як-небудзь ды паспрыяе.

Ранічкай прыйшла мачыха і ўстурыла дзяцей з пасцелі. Дала ім кавалак хлеба, ён быў яшчэ меншы, чым той раз. Па дарозе ў лес Гензель крышыў хлеб у кішэні, усё запыняўся і кідаў хлебныя крошкі на дарогу.

– Што гэта ты, Гензель, усё запыняешся ды азіраешся? – запытаў бацька. – Ідзі, як і мы ўсе.

– Ды гэта я гляджу на свайго голуба, вунь сядзіць ён на страсе дома, нібы са мной развітваецца, – адказаў Гензель.

– Дурань ты, – сказала мачыха, – гэта зусім не голуб твой, гэта ранішняе сонца блішчыць на вяршку трубы.

А Гензель усё кідаў і кідаў па дарозе хлебныя крошкі. Вось мачыха завяла дзяцей яшчэ далей у лес, дзе яны ні разу яшчэ не былі. Запалілі зноў вялікае вогнішча, і кажа мачыха:

– Дзеткі, сядайце вось тут, а стоміцеся, дык паспіце крыху; а мы пойдзем у лес дровы секчы, а вечарам, як скончым работу, вернемся і возьмем вас дадому.

Калі надышоў поўдзень, падзялілася Грэтэль сваёй лустай хлеба з Гензелем, – бо ён увесь свой хлеб пакрышыў і пакінуў на дарозе. Пасля яны заснулі. Але вось ужо і вечар мінуўся, і ніхто па няшчасных дзяцей не прыходзіў. Прачнуліся яны цёмнай ноччу, і пачаў Гензель суцяшаць сястрычку:

– Пачакай, Грэтэль, вось хутка месяц узыдзе, і пачнуць відаць хлебныя крошкі, што я апусціў на дарогу, яны падкажуць нам дарогу дахаты.

Вось выплыў месяц, і дзеці рушылі ў шлях-дарогу, але хлебных крошак не ўбачылі, – тысячы птушак, што лётаюць у полі і ў лесе, усе іх падзяўблі. Тады Гензель і кажа Грэтэль:

– Мы ўжо як-небудзь ды знойдзем дарогу.

Але яны яе не знайшлі. Давялося ім ісці ўсю ноч і ўвесь дзень, з раніцы і да сама вечара, але выбрацца з лесу яны не маглі. Дзеці моцна захацелі есці, бо яны нічога не бралі ў рот, апроч ягад, што збіралі па шляху. Яны так стаміліся, што ледзь-ледзь перастаўлялі ногі, і вось прылеглі яны пад дрэвам і заснулі.

Надышла ўжо трэцяя раніца з таго часу, як пакінулі яны бацькавую хаціну. Пайшлі яны далей. Ідуць і ідуць, а лес усё глыбей і цямней, і, калі б неўзабаве не падаспела помач, яны зусім змагліся б.

Вось наступіў поўдзень, і яны заўважылі на галінцы беласнежную птушачку. Яна спявала так хораша, што яны запыніліся і зачараваліся яе спевам. Але нечакана птушачка замоўкла і, узмахнуўшы крыллямі, паляцела перад імі, а яны пайшлі за ёю ўслед, і ішлі, пакуль нарэшце не дабраліся да хацінкі, дзе птушачка села на страсе. Падышлі яны бліжэй, бачаць: зроблена хацінка з хлеба, страха на ёй з пернікаў, а ваконцы ўсе з празрыстага ледзянца.

– Вось мы за яе і возьмемся, – сказаў Гензель, – і будзе ў нас слаўны пачастунак! Я ад’ем кавалак страхі, а ты, Грэтэль, бярыся за акенца, – яно, мусіць, вельмі салодкае.

Узабраўся Гензель на хацінку і адламаў кавалачак страхі, каб пасмакаваць, якая яна, а Грэтэль падышла да акенца і пачала яго грызці.

Раптам пачуўся з сярэдзіны чыйсьці тоненькі галасочак:

Дзеці адказалі:

І, не зважаючы, яны прадаўжалі аб’ядаць домік. Гензель, якому вельмі спадабалася страха, адарваў ад яе вялікі кавалак і скінуў уніз, а Грэтэль выламала цэлае круглае шкло з ледзянца і, усеўшыся каля хацінкі, пачала ім ласавацца.

Раптам адчыніліся дзверы, і выйшла адтуль, абапіраючыся на мыліцу, вельмі старая бабуля. Гензель і Грэтэль так напужаліся, што выпусцілі з рук ласунак. Пахітала старая галавою і кажа:

– Э, мілыя дзеткі, хто гэта вас сюды прывёў? Ну, калі ласка, заходзьце ў хацінку, кепска вам тут не будзе.

Яна ўзяла іх абоіх за рукі і ўвяла ў сваю хаціну. Прынесла ім смачнай ежы – малака з блінамі, пасыпанымі цукрам, яблыкаў і арэхаў. Пасля яна паслала дзве прыгожыя пасцелькі і накрыла іх белымі коўдрамі. Улегліся Гензель і Грэтэль і палічылі, што трапілі, бадай, у рай.

Але старая толькі прыкінулася такою добрай, а была яна на самай справе злая ведзьма, што падпільноўвае дзяцей, і хацінку з хлеба зладзіла для таго, каб лепш заманіць. Калі хто трапляў да яе ў рукі, яна таго забівала, пасля варыла і з’ядала, і было гэта для яе святам. У ведзьмаў заўсёды бываюць чырвоныя вочы, і бачаць яны ўдалечыню слаба, але затое ў іх нюх, як у звяроў, і яны адчуваюць, калі чалавек блізка.

Калі Гензель і Грэтэль падыходзілі да яе хаціны, яна злосна зарагатала і пацерла рукі з ухмылкаю:

– Вось яны і мае! Цяпер ужо ім адгэтуль не ўцячы!

Рана-ранічкай, калі дзеці яшчэ спалі, яна паднялася, зірнула, як яны спяць спакойна ды якія ў іх пульхныя і ружовыя шчочкі, і ўсцешылася: «Будзе-будзе для мяне смачны сняданак!»

Яна схапіла Гензеля сваёй кастлявай рукою, занесла яго ў хлеў, а пасля замкнула за сабой дзверы з жалезнымі кратамі – няхай лемантуе колькі хоча, нішто яму не паможа. Затым пайшла яна да Грэтэль, раскатурхала яе, пабудзіла і кажа:

– Падымайся, гультайка, ды прынясі мне вады, згатуй свайму брату што-небудзь смачнае, – вунь сядзіць ён у хляве, няхай сыцее і гладзее. А калі распаўнее, я яго з’ем.

Залілася Грэтэль горкімі слязьмі, але – што рабіць? – давялося ёй рабіць тое, што загадала злая ведзьма.

І вось былі згатаваныя для Гензеля самыя смачныя стравы, а Грэтэль засталіся толькі адны недаедкі.

Кожную раніцу падыходзіла старая да маленькага хлява і гаварыла:

– Гензель, пакажы мне свае пальцы, я хачу ўбачыць, ці даволі ты папаўнеў.

Але Гензель падымаў костачку, і старая, якая слаба бачыла, не магла разгледзець, што гэта такое, і думала, што гэта Гензелевы пальцы, і здзіўлялася, чаму гэта ён зусім не правіцца.

Так мінула чатыры тыдні, але Гензель усё яшчэ быў худы, – тут старая страціла ўсякую цярпліваць і чакаць больш не захацела.

– Эй, Грэтэль, – крыкнула яна дзяўчынцы, – варушыся жвавей, прынясі вады: усё роўна – ці тлусты Гензель, ці сухарэбры, а ўжо заўтра раніцай я яго закалю і згатую.

Ой як бедавала няшчасная сястрычка, калі давялося ёй цягаць ваду, як цяклі ў яе слёзы струменямі па шчоках!

– Божа, ды памажы ж ты нам! – усклікнула яна. – Лепш бы нас разарвалі дзікія звяры ў лесе, тады хоць бы загінулі мы разам.

– Ну, годзе ныць! – закрычала старая. – Цяпер табе ніхто не паможа.

Ранічкай Грэтэль павінна была падняцца, выйсці на двор, пачапіць кацёл з вадою і раскласці агонь.

– Спачатку мы спячом хлеб, – сказала старая, – я ўжо выпаліла печ і замясіла цеста. – Яна штурхнула бедную Грэтэль да самай печы, адкуль ледзь не апаліла яе пякельным полымем.

– Ну, лезь у печ, – загадала ведзьма, – ды паглядзі, ці добра яна напаленая, ці не час булкі туды падаваць.

Толькі паспрабавала Грэтэль лезці ў печ, як ужо старая тут жа наладзілася зачыніць яе там засланкай, каб Грэтэль засмажыць, а потым і з’есці. Ды Грэтэль здагадалася, што задумала старая, і кажа:

– Ды я не ведаю, як гэта зрабіць, як мне туды залезці.

– Вось дурная гуска, – незадаволена сказала старая, – глядзі, якія вялікія чалеснікі, я і то магу туды залезці, – і яна ўзабралася на прыпек і засунула галаву ў печ.

Тут Грэтэль як піхне ведзьму, ды так, што тая апынулася ў самым полымі. Хуценька Грэтэль прыкрыла печ жалезнай засланкаю і заперла на засаўку. У-ой як страшэнна завыла ведзьма! А Грэтэль пабегла; і згарэла ведзьма-душагубка ў страшэннай пакуце.

Кінулася Грэтэль хутчэй да Гензеля, адчыніла хлеў і ўсклікнула:

– Гензель, мы выратаваныя: старая ведзьма згінула!

Выімчаў Гензель з хлява, быццам птушка з клеткі, калі адчыняць перад ёй дзверцы. Як узрадаваліся яны, як кінуліся адно да аднаго, як скакалі яны ад уцехі, як моцна яны цалаваліся! І паколькі ім не было чаго цяпер баяцца, дык яны ўвайшлі ў ведзьміну хаціну, а стаялі там усюды па кутах куфэркі з жэмчугам і каштоўнымі каменьчыкамі.

– Гэтыя, бадай, будуць лепшыя за нашыя пясчанікі, – сказаў Гензель і напоўніў самацветамі поўныя кішэні.

– Мне таксама хочацца што-небудзь прынесці дадому, – прамовіла Грэтэль і насыпала каменьчыкаў у фартух.

– Ну, а цяпер бяжым хутчэй адсюль, – сказаў Гензель, – бо нам трэба яшчэ выбрацца з ведзьмінага лесу.

Вось прайшлі яны подбегам гадзіны са дзве і натрапілі нарэшце на вялікае возера.

– Не перабрацца нам цераз яго, – засмуціўся Гензель, – нідзе не бачна ні кладачкі, ні мосціка.

– Ды і лодачкі нідзе не відаць, – уздыхнула Грэтэль, – а вунь плыве белая качачка; калі я яе папрашу, яна паспрыяе нам перабрацца на той бераг.

І папрасіла Грэтэль:

Падплыла качачка, сеў на яе Гензель і паклікаў сястрычку, каб і яна села побач з ім.

– Не, – адказала Грэтэль, – качачцы будзе зацяжка; няхай перавязе яна спачатку цябе, а потым і мяне.

Так добрая качачка і зрабіла, і калі яны шчасліва перабраліся на той бераг і пайшлі далей, дык лес пачаў ім усё больш знаёмець, і яны заўважылі нарэшце здалёку бацькоўскі дом. Тут з радасці яны кінуліся бегчы, ускочылі ў пакой і прыпалі да бацькі.

З таго часу як той звёў дзяцей у лес, не было ў яго ні хвіліны вясёлага настрою, а жонка ягоная памерла. Апусціла Грэтэль падол фартуха, і пасыпаліся на дол жэмчуг ды самацветы, а Гензель дастаў іх з кішэні жменяю.

І скончылася іхняя нястача і гора, і пачалі жыць яны шчасліва ўсе разам.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
НумарKHM 15
ПеракладыEN, ZH, ES, FR, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, KO, VI, TR, IT, PL, NL, RO, EL, HU, DA, FI, SE, BG
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана42,9
Колькасць знакаў13.967
Колькасць літар10.905
Колькасць сказаў149
Колькасць слоў2.306
Сярэдняя колькасць слоў у сказе15,48
Словы даўжэй за 6 літар633
Працэнт доўгіх слоў27,5%
Type-Token Ratio (TTR)0,430
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,876
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)197,1
Hapax Legomena714
Average word length4,74
Median sentence length14,0
90th percentile sentence length27,0
Direct speech share0,7%
Sentence complexity2,48
Connectors0
Referential cohesion0,014
Character/name candidatesГрэтэль (36), Гензель (33), Гензеля (4), Што (2), Бог (2), Вось (2)
Character co-occurrence networkГензель - Грэтэль (16), Гензеля - Грэтэль (3), Бог - Грэтэль (2), Гензель - Што (2), Вось - Гензель (2), Грэтэль - Што (1), Вось - Грэтэль (1), Гензель - Гензеля (1)
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch