Падзяліцца
Хлопчык як пальчык
Хлопчык як пальчык Märchen

Хлопчык як пальчык - Казка братоў Грым

Час чытання: 2 хв

Жыў калісьці на свеце бедны селянін. Сядзеў ён аднойчы вечарам ля печы і прысак варушыў, а жонка сядзела і прала. Вось ён і кажа жонцы:

– Так прыкра, што няма ў нас дзяцей. Вельмі ж у нас ціха, а вось у іншых хатах, ты толькі зірні, як шумна ды весела.

– Гэта праўда, – адказала жонка і ўздыхнула, – каб было ў нас хоць адно, хай сабе такое маленькае, як мезены пальчык, дык і то я была б шчаслівая. А як мы любілі б яго!

І здарылася так, што жонка стала цяжарнай і праз сем месяцаў нарадзіла немаўлятка, і было яно здаровае ды статнае, але росту мела не болей за палец.

І сказалі яны:

– Вось так яно і сталася, як мы хацелі: сыночка нашага мы будзем любіць, – і імя яму далі за яго рост Хлопчык як пальчык.

Яны добра яго кармілі, але хлопчык усё не рос ды не рос і заставаўся такім, якім і нарадзіўся; аднак вочы ў яго былі разумныя, быў ён кемлівы і руплівы, і ўсё, за што ён ні браўся, яму ўдавалася.

Сабраўся аднойчы селянін у лес дровы секчы і сказаў сам сабе: «Вось было б добра, каб нехта прыехаў па дровы з возам».

– Татка, – кажа Хлопчык як пальчык, – я прывязу воз, ты ўжо не сумнявайся, буду ў лесе своечасова.

– Але як жа ты з гэтым справішся, ты ж такі маленькі, каб канём кіраваць?

– Гэта, татка, не бяда! Калі маці запражэ, дык я залезу каню ў вуха і буду яму крычаць, куды трэба ехаць.

– Добра, – адказаў бацька, – адзін раз, бадай што, паспрабуем.

Калі прыйшла пара, запрэгла маці каня і пасадзіла Хлопчыка як пальчык каню ў вуха, і стаў хлапчына пакрыкваць: «Но! но! Лявей, правей!»

Усё ішло як мае быць, як у вопытнага фурмана, і воз каціўся проста ў лес. Ды здарылася так, што на паваротцы, калі Хлопчык як пальчык крыкнуў: «Налева, налева!», насустрач з’явіліся двое незнаёмых.

– Глянь, – кажа адзін з іх, – што гэта такое? Едзе сабе воз, фурман на каня пакрыквае, а самога не відаць.

– Тут штосьці не тое, – зазначыў другі, – давай пойдзем следам за возам і пацікуем, дзе ён спыніцца.

А воз ехаў сабе ўсё далей і далей у лес і прамым кірункам туды, дзе секлі дровы. Убачыў Хлопчык як пальчык бацьку і кажа яму:

– Вось, татка, я і прыехаў з возам. А цяпер ты знімі мяне і апусці на зямлю.

Бацька левай рукой узяў каня за аброць, а правай дастаў з конскага вуха свайго сыночка, той весела ўсеўся на былінцы.

Убачылі незнаёмцы Хлопчыка як пальчык і не ведалі, што ім і казаць ад здзіўлення. Пасля адзін з іх і кажа:

– Паслухай, гэты недаростак мог бы прынесці нам шчасце, мы паказвалі б яго ў вялікім горадзе за грошы, – давай купім яго.

Падышлі яны да селяніна і гавораць:

– Прадай нам свайго маленькага чалавечка, яму будзе ў нас добра.

– Не, – адказвае селянін, – гэта мой любы сынок, і я яго нават за золата не прадам.

Але Хлопчык як пальчык пачуў, што яго купляюць, залез па складках вопраткі да бацькі на плечы і пачаў шаптаць яму ў вуха:

– Татка, прадавай мяне, а назад да цябе я сам вярнуся.

І вось прадаў яго бацька за вялікія грошы двум незнаёмцам.

– А куды ж цябе пасадзіць? – пытаюцца яны ў хлопчыка.

– Ды пасадзіце мяне на палі вашага капелюша, там мне можна будзе шпацыраваць і ваколіцы аглядаць, я адтуль не звалюся. Незнаёмцы згадзіліся з ім. Хлопчык як пальчык развітаўся з бацькам, і яны рушылі ў шлях-дарогу.

Ішлі яны, ішлі, а ўжо і вечарэць пачынае, тады хлопчык і кажа:

– Апусціце мяне на дол, бо маю патрэбу.

– Ат, заставайся там наверсе, – прамовіў чалавек, на галаве ў якога ён сядзеў, – нічога страшнага, ад птушак таксама іншы раз перападае.

– Не, – адказаў Хлопчык як пальчык, – я ведаю, як трэба сябе паводзіць, хутчэй апусціце мяне ўніз.

Зняў чалавек капялюш і пасадзіў хлопчыка на прыдарожнае поле. Хлопчык як пальчык скокнуў убок і пачаў прабірацца паміж грудамі зямлі, а калі прыкмеціў мышыную норку, узяў і схаваўся туды.

– Бывайце, спадары, бывайце, ідзіце сабе дамоў без мяне, – гукнуў ён ім з норкі.

Падбеглі тыя да мышынай норкі, давай торкаць у яе палкамі, але дарэмна, – Хлопчык як пальчык запаўзаў усё глыбей і глыбей, а незнаёмцаў ужо і ноч агарнула, і давялося ім вярнуцца дамоў са злосцю ды з пустой торбай.

Калі Хлопчык як пальчык зразумеў, што яны пайшлі, ён вылез з падземнага хода. «Упоцемку ісці па полі, бадай што, будзе небяспечна, – сказаў ён, – яшчэ шыю сабе скруціш». На шчасце, натрапілася яму па дарозе пустая ракавіна слімака. «Дзякуй Богу, – сказаў ён, – цяпер я магу правесці ноч спакойна», – і залез у ракавіну.

Толькі пачаў ён засынаць, як раптам чуе – ідуць міма два чалавекі, і адзін з іх гаворыць:

– Як гэта нам украсці ў багатага пастара грошы і серабро?

– Я табе сказаў бы, як гэта зрабіць! – гукнуў Хлопчык як пальчык.

– Што гэта? – пытаецца напалоханы злодзей. – Я чую, нехта гаворыць.

Прыпыніліся яны і пачалі ўслухоўвацца. Тады Хлопчык як пальчык зноўку прамовіў:

– Вазьміце мяне з сабою, я вам памагу.

– А дзе ж ты?

– А вы пашукайце мяне на зямлі і слухайце, адкуль голас чуецца, – адказаў ён.

Нарэшце зладзеі знайшлі яго і паднялі ўгару.

– Ну і малеча, як ты можаш нам памагчы? – здзівіліся яны.

– А вось як, – адказаў ён: – я залезу праз краты ў камору пастара і дастану вам тое, што патрэбна.

– І то праўда, – сказалі зладзеі, – паглядзім, як ты з гэтым справішся.

Прыйшлі яны да хаты пастара, і залез Хлопчык як пальчык у камору ды як закрычыць адтуль:

– Вы хочаце забраць ўсё, што тут ёсць?

Спалохаліся зладзеі і кажуць:

– Цішэй гавары, а то яшчэ хто-небудзь прачнецца.

Але Хлопчык як пальчык нібыта не зразумеў іх ды як закрычыць зноў:

– Вы хочаце забраць усё, што тут ёсць?

Пачула гэта кухарка, – яна спала ў суседнім пакоі, – абаперлася на локаць і пачала прыслухоўвацца. Зладзеі перапалохаліся і адбегліся ад хаты, але пасля апомніліся і падумалі: «Наш хлопчына, відаць, хоча нас падражніць». Яны вярнуліся і шапнулі яму:

– Хопіць сваволіць, дастань нам што-небудзь з каморы.

Але Хлопчык як пальчык зноў закрычаў, ды так гучна, як толькі мог:

– Ды я вам усё падам, вы толькі працягніце рукі!

А служанка ўсё прыслухоўвалася і да слоўца пачула, што яны казалі; саскочыла яна з ложка і, спатыкаючыся, пабегла да дзвярэй каморы. Зладзеі пусціліся наўцёкі, быццам іх даганяў чарадзейны стралок. Служанка, нікога не знайшоўшы, пайшла запальваць свечку. Увайшла яна ў камору, а Хлопчык як пальчык тым часам непрыкметна перабраўся ў адрыну.

Служанка абшнарыла ўсе закуткі і зноў лягла на ложак, думаючы, што ўсё гэта ёй прыснілася. Хлопчык як пальчык тады залез у сена, знайшоў там утульнае месца і вырашыў пераспаць да раніцы, а пасля ўжо вярнуцца дахаты, да маці з бацькам.

Але давялося яму зазнаць іншае! Так, шмат яшчэ на свеце здараецца гора і няшчасця…

Калі развіднела, служанка ўстала з ложка, каб падкінуць трохі скаціне. Пайшла яна ў адрыну, узяла ахапак сена, і сталася так, што захапіла яна якраз той жмуток сена, у якім ляжаў бедны Хлопчык як пальчык. Ён спаў так моцна, што нічога не чуў, і прачнуўся ўжо ў роце ў каровы, якая схапіла яго разам з сенам.

«Авохці мне, а Божухна, – усклікнуў ён, – хіба што я на сукнавальню трапіў!» – але хутка зразумеў, дзе апынуўся. І ён стараўся як-небудзь праслізнуць паміж зубамі каровы, каб яна не раздушыла яго, і нарэшце давялося яму спаўзці ўніз, у страўнік. «А ў каморы, відаць, забыліся вокны прарэзаць, – прамовіў ён, – бач, і сонца ў яе не свеціць, і агню не запальваюць». Калі казаць праўду, дык кватэра гэтая яму мала падабалася, і горай за ўсё было тое, што ў дзверы лезла ўсё новае і новае сена, а месца заставалася ўсё менш і менш. Тады закрычаў ён са страху так моцна, як толькі мог:

– Не трэба мне болей свежага корму, не давайце мне свежага корму!

А служанка ў гэты час якраз даіла карову і пачула, што нехта крычыць, але нікога не відаць, і здаўся ёй голас падобны на той, які яна чула ноччу, і так перапалохалася, што ўпала з услончыка і разліла ўсё малако. Пабегла, засопшыся, да свайго гаспадара і кажа:

– Ой, Божухна, спадар пастар, а наша карова пачала гаварыць!

– Не можа быць, – сказаў пастар, аднак пайшоў у кароўнік – паглядзець, што там здарылася. Але не паспеў ён увайсці, а Хлопчык як пальчык як закрычыць зноў:

– Не давайце мне болей свежага корму, не давайце мне болей свежага корму!

Тут і пастар спалохаўся і падумаў, што ў карову ўбіўся злы дух, і загадаў ён зарэзаць яе. Зарэзалі карову, а страўнік, дзе схаваўся Хлопчык як пальчык, кінулі ў кучу гною.

Хлопчыку як пальчык давялося доўга павалтузіцца, перш чым ён з неверагоднымі высілкамі выбраўся з каровінага страўніка; вось ён ужо амаль што вылез і нават галаву высунуў, ды тут надарылася новая бяда: бег міма галодны воўк, убачыў трыбухі, схапіў іх і праглынуў. Але Хлопчык як пальчык не разгубіўся. «Бадай што з ваўком можна будзе дамовіцца», – падумаў ён і закрычаў з воўчага чэрава:

– Шаноўны воўк, я ведаю, дзе ёсць для цябе спажыва.

– А дзе ж яна? – спытаўся воўк.

– Ды вунь там у той хаце, але залезці ў яе можна толькі цераз сцёкавую канаву; там чакаюць цябе і пірагі, і сала, і каўбасы – усё, усё, чаго захочацца. – І ён падрабязна апісаў ваўку хату свайго бацькі.

Воўк не вагаючыся залез у хату цераз вадасцёкавую канаву і ўволю наеўся там у каморы ўсяго, што толькі знайшлося. Наеўшыся да адвалу, ён хацеў вылезці назад, але жывот у яго так вырас, што ранейшым шляхам воўк вылезці ўжо не мог! На гэта і разлічваў Хлопчык як пальчык і падняў у воўчым жываце страшны шум, пачаў крычаць і брыкацца, што ёсць моцы.

– Ды сціхні ты там, – кажа воўк, – а то яшчэ людзей разбудзіш!

– Ну і хітры ж ты, – сказаў хлопчык, – сам наеўся, дай і мне трохі павесяліцца, – і пачаў зноў крычаць на ўсё горла.

Тут ад шуму прачнуліся, нарэшце, бацька і маці, падбеглі да каморы і зазірнулі ў шчыліну. Як убачылі яны там ваўка, кінуліся прэч; бацька схапіў сякеру, а маці касу.

– Ідзі следам за мной, – сказаў бацька, уваходзячы ў камору, – калі я стукну яму, а ён будзе яшчэ жывы, ты яго дабівай і касой распорвай жывот.

Пачуў Хлопчык як пальчык голас свайго бацькі і як закрычыць:

– Татка, дарагі, тут я, тут, я схаваўся ў воўчым жываце!

І ўсклікнуў бацька ад радасці:

– Дзякуй табе, Божа, наша дзіцятка знайшлося! – і загадаў жонцы кінуць касу, каб Хлопчыка як пальчык не параніць. Затым ён як размахнуўся ды як стукне ваўку сякерай па галаве, той і ўпаў нежывы. Знайшлі яны нож і нажніцы, распаролі ваўку чэрава і выцягнулі адтуль Хлопчыка як пальчык.

– А мы гэтулькі пакутавалі з-за цябе, – прамовіў бацька.

– Праўда, татка, шмат прыгод было ў мяне, але, дзякаваць Богу, зноў выбраўся на божы свет!

– А дзе ж ты прападаў?

– Ах, татка, быў я і ў мышынай норцы, і ў каровіным страўніку, і ў воўчым жываце, а зараз ужо застануся ў вас, нікуды не пайду.

– А мы не аддадзім цябе ні за якія скарбы на свеце, – сказалі бацька з маці ды пачалі лашчыць і мілаваць свайго дарагога Хлопчыка як пальчык. Накармілі яго, напаілі, пашылі яму новы касцюмчык, бо ранейшы добра-такі знасіўся.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
НумарKHM 37
ПеракладыEN, ZH, ES, FR, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, VI, TR, IT, PL, NL, RO, EL, HU, DA, FI, BG
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана40,2
Колькасць знакаў10.599
Колькасць літар8.154
Колькасць сказаў121
Колькасць слоў1.793
Сярэдняя колькасць слоў у сказе14,82
Словы даўжэй за 6 літар455
Працэнт доўгіх слоў25,4%
Type-Token Ratio (TTR)0,427
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,859
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)134,7
Hapax Legomena537
Average word length4,55
Median sentence length14,0
90th percentile sentence length25,0
Direct speech share4,8%
Sentence complexity2,36
Connectors0
Referential cohesion0,008
Character/name candidatesХлопчык (20), Хлопчыка (5), Вось (3), Татка (2), Богу (2), Божухна (2)
Character co-occurrence networkТатка - Хлопчык (3), Вось - Хлопчык (2)
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch