Падзяліцца
Столік-накрыйся, залаты асёл і дубінка з мяшка
Столік-накрыйся, залаты асёл і дубінка з мяшка Märchen

Столік-накрыйся, залаты асёл і дубінка з мяшка - Казка братоў Грым

Час чытання: 3 хв

Даўным-даўно жыў на свеце кравец. Былі ў яго тры сыны і адна-адзіная каза. Яна іх усіх малаком карміла. А за гэта яе трэба было кожны дзень пасвіць.

Сыны пасвілі казу па чарзе. Пагнаў яе аднойчы старэйшы сын на могілкі. Трава там расла высокая ды сакавітая. Каза цэлы дзень скубла траву і скакала. Вечарам, перад тым як вяртацца дамоў, ён і пытае ў яе:

– Ці сытая ты, каза мая?

Адказала каза:

– Я такая сытая, што не з’ем болей ні лісціка. Ме-ме!

– Ну, тады і ідзі дадому.

Прывёў яе за вяровачку ў стойла і моцна прывязаў.

Бацька цікавіцца ў сына:

– Ці не галодная наша каза?

– О, яна такая сытая, не хоча болей ні лісціка.

Пахваліў кравец сына, а сам пайшоў у стойла, пагладзіў любімую козачку і перапытвае:

– Ці сытая ты, каза мая?

І адказала яму каза:

– Ад чаго я буду сытая? Скакала цераз магілку, з’ела адну былінку. Ме-ме!

– Што я чую!

Выскачыў кравец са стойла, як закрычыць на сына:

– Ах ты, манюка, каза ж зусім галодная!

Пабіў сына і прагнаў з двара.

На другі дзень наступіла чарга пасвіць казу сярэдняму сыну. Знайшоў ён у садзе месца, дзе трава добрая расла, каза яе ўсю і з’ела. Вечарам пытае:

– Ці сытая ты, каза мая?

– Я такая сытая, што не з’ем болей ні лісціка. Ме-ме!

– Тады ідзі дадому.

А дома стары кравец дапытвае сына:

– Ці наелася наша каза?

– О, яна такая сытая, што не хоча болей ні лісціка.

Але кравец вырашыў сам у гэтым пераканацца. Зайшоў у стойла і пытае:

– Ці сытая ты, каза мая?

І адказала каза:

– Як мне быць сытаю, калі я з’ела толькі адну былінку, як скакала цераз магілку. Ме-ме!

– Ах ты, гэткі злодзей! – закрычаў кравец. – Такую рахманую казу ды прымусіў галадаць!

Выбег са стойла, адмянташыў палкай сына і прагнаў з двара.

Наступіла чарга малодшаму сыну пасвіць казу. Знайшоў ён добрую пашу з густой травой, запусціў туды казу. Вечарам пытае ў яе:

– Ці сытая ты цяпер, каза мая?

– Я такая сытая, што не з’ем болей ні лісціка. Ме-ме!

– Ну, тады пайшліма дамоў.

А дома бацька сустракае, сына распытвае:

– Ці наелася ўволю каза наша?

– О, татка, яна такая сытая, што не хоча болей ні лісціка.

Кравец не паверыў, пайшоў у стойла, перапытвае ў казы:

– Ці сытая ты сёння?

І адказала злая каза:

– Ад чаго мне быць сытаю? Скакала цераз магілку, з’ела адну былінку. Ме-ме!

– Ах ты, ілгун! – закрычаў кравец, выскачыў са стойла і давай біць беднага хлопчыка, той ледзь з двара паспеў збегчы.

Застаўся стары кравец адзін са сваёй казой. Раніцай, што рабіць, павёў яе сам пасвіць. Знайшоў зялёныя кусты, паміж якімі расла трава-дзеравей. Яе вельмі любяць козы, от ён і ўзрадаваўся:

– Тут, мая мілая козачка, хоць раз удоваль наясіся.

Да самага вечара пасвіў кравец сваю казу. Пасля пытае:

– Ці сытая ты, каза мая?

І яна адказала:

– Я такая сытая, што не змагу з’есці болей ні лісціка.

– Ну, тады ідзі дадому.

Адвёў кравец казу ў стойла, моцна прывязаў. А далей думае, дай-ка праверу казу. Вярнуўся і перапытвае:

– Ну, козачка, сытая сёння?

Але каза адказала тое самае, калі яе пасвілі сыны:

– Ад чаго мне быць сытаю? Скакала цераз магілку, з’ела адну былінку. Ме-ме!..

Пачуў гэта кравец і аслупянеў. Зразумеў: за нішто выгнаў сваіх сыноў з дому. І ўздумаў ён адпомсціць казе. Узяў сваю брытву, нагнуў казе галаву і пагаліў яе. Хай з такой меткаю ўсе ведаюць: яна – няўдзячнае стварэнне. Пасля адхлістаў яе бізуном і выгнаў з двара.

Застаўся кравец адзін-адзінюткі ў сваёй хаце. Засумаваў, хацеў, каб вярнуліся сыны, але ж ніхто не ведаў, дзе яны.

Старэйшы сын паступіў на вучэнне да аднаго сталяра. Быў руплівым, старанным вучнем. А калі закончыў вучобу, майстар падарыў яму столік. З выгляду – звычайны столік, зроблены з простага дрэва, але меў ён адну незвычайную якасць. Варта паставіць яго і сказаць: «Столік, накрыйся!» – то добры столік імгненна накрываўся чыстым маленькім абрусам, ставіліся на яго талеркі з вараным ды смажаным, відэльцы, нажы. Сядай і частуйся!

Малады майстар, задаволены і вясёлы, пачаў вандраваць па свеце. Ён не засмучаўся, якая гасцініца была на яго шляху, бо мог сытна паесці і ў полі, і на лузе.

Урэшце надумаўся сын вярнуцца дамоў. Бацька, відаць, перастаў гневацца на яго, а з такім чароўным столікам прыме да сябе ахвотна.

Але па дарозе дамоў здарылася з ім бяда. Прыпыніўся на начлег у адной гасцініцы. Гасцей там было поўным-поўна. Яны запрасілі яго вячэраць за свой стол.

– Не, – сказаў малады сталяр, – навошта я вас буду аб’ядаць, лепш вы будзьце маімі гасцямі.

Усе думалі, што хлопец жартуе, але ён паставіў свой драўляны столік пасярод пакоя і сказаў:

– Столік, накрыйся!

Імгненна на ім з’явіліся такія стравы, якіх сам гаспадар гасцініцы не мог прапанаваць.

– Частуйцеся, дарагія госці! – прапанаваў сталяр.

Пастаяльцаў не трэба было доўга ўгаворваць, падселі яны да століка і давай уплятаць ласункі. Толькі з’ядуць адно, з’яўляецца новае. Гаспадар гасцініцы бачыў усё гэта і вельмі зайздросціў.

Сталяр і госці весяліліся да позняй ночы. А як толькі ўлегліся спаць, гаспадар гасцініцы і падмяніў чароўны столік сваім, звычайным.

Раніцай сталяр заплаціў грошы за начлег, узяў столік, не адчуваючы зладзейства, і пайшоў сваім шляхам-дарогай. Апоўдні быў ужо дома. Бацька сустрэў яго з вялікай радасцю, спытаў:

– Ну, дарагі сынок, чаму ты навучыўся?

– Стаў я, бацечка, сталяром.

– Што ж, гэта добрае рамяство. А што ты зарабіў за гэты час, з якім багаццем вярнуўся дамоў?

– Бацечка, самае дарагое, што я займеў, то вось гэты столік.

Агледзеў яго кравец дый кажа:

– Што ж, зроблены ён няважна, стары столік.

– Але гэта «столік-накрыйся», – адказаў сын і растлумачыў пра яго чарадзействы.

Вось сабраліся ў бацькавай хаце госці. Узяў сын свой столік, паставіў пасярод пакоя і загадаў:

– Столік, накрыйся!

Але столік застаўся пустым. Зразумеў бедны сталяр, што столік яму падмянілі ў гасцініцы. Сорамна зрабілася перад родзічамі. Пасмяяліся яны над ілгуном і ні з чым вярнуліся дамоў.

Кравец зноў заняўся сваім шытвом. А сын дапамагаў яму. Так і зараблялі сабе на хлеб.

Сярэдні сын трапіў на вучобу да млынара. Пры развітанні з ім гаспадар сказаў:

– Ты добра працаваў, і за гэта дару табе асла. Ён, праўда, своеасаблівы, у запрэжку не прыгодны, мяхоў цягаць не будзе.

– Дык навошта ён мне такі?

– Гэты асёл золата выплёўвае, – растлумачыў млынар. – Трэба паставіць яго на хустку, сказаць: «Брыклябрыт!», жывёліна пачне выплёўваць залатоўкі і ззаду, і спераду.

– О, гэта справа добрая! – падзякаваў падмайстар млынару і пайшоў падарожнічаць па свеце.

Калі заканчваліся грошы, ён ставіў асла на хустку, даваў каманду: «Брыклябрыт!» і заставалася толькі падабраць дождж залатовак. Добра яму жылося. Куды не прыйдзе, падаюць яму ўсё самае лепшае і дарагое. Грошай жа меў поўны кашалёк!

Пабачыў свету, наездзіўся малады млынар і вырашыў праведаць бацьку. Падумаў, калі з’явіцца дадому з такім залатым аслом, то, напэўна, не прыгадае бацька даўнейшы гнеў на яго, сустрэне добра.

І здарылася так, што трапіў ён у тую самую гасцініцу, у якой яго старэйшаму брату падмянілі столік-накрыйся. Як звычайна, сустрэў падарожніка ветлівы гаспадар. Адразу хацеў вызваліць яго ад асла, узяць і прывязаць у стойле. Малады млынар запярэчыў:

– Не, не, свайго шэрага я сам адвяду ў стойла і сам прывяжу. Я павінен ведаць, дзе ён будзе знаходзіцца.

Гаспадару гэта падалося дзіўным. Ён падумаў, што яго новы кліент вельмі бедны, бо сам хоча даглядаць свайго асла. Але той дастаў з кішэні дзве залатоўкі і загадаў добра накарміць асла. Гаспадар аж вочы вылупіў: адкуль у гэтага млынара такія грошы?

Паабедаў госць, просіць рахунак. Тут ужо гаспадар мелу не пашкадаваў: налічыў за абед у два разы болей, чым трэба, ды яшчэ запатрабаваў дзве залатоўкі наверх. Сунуў хлопец руку ў кішэню, а золата ў ёй няма.

– Гаспадар, пачакайце крыху, – сказаў ён. – Я зараз прынясу вам грошы.

Госць узяў абрус і накіраваўся ў стойла да свайго асла. Цікаўны гаспадар следам за ім. Дый падгледзеў, як з асла сыпалася золата.

– От якая чартаўшчына! – здзівіўся гаспадар. – Новенькія грошы сыплюцца з асла!

У тую ноч яму не спалася. Калі госць улёгся адпачываць, ён вывеў са стойла залатога асла, а на яго месца прывязаў іншага.

Раніцай малады млынар пакрочыў дадому. Побач з ім ішоў асёл, але то была ўжо не чароўная жывёліна, а звычайная. Толькі хлопец не ведаў пра гэта.

Бацька сустрэў і сярэдняга сына ласкава, вельмі ўзрадаваўся яго вяртанню.

– Ну, скажы, сынок, чаму навучыўся?

– Стаў я млынаром, мілы бацечка!

– А што прынёс у хату з далёкіх падарожжаў?

– Ды вось аднаго толькі асла.

– Аслоў і тут удоваль, – заўважыў бацька. – Лепш бы ты прывёў добрую казу.

– Так-то яно так, – адказаў сын. – Але ж гэты асёл не просты, а залаты. Клічце родзічаў, я ўсіх зраблю багатымі.

– Талкова! – узрадаваўся кравец. – Можа, і мне цяпер не трэба будзе з іголкай мучыцца.

Пабег ён склікаць усіх родзічаў у госці. Яны хутка сабраліся, і малады млынар пачаў сваё чарадзейства.

Раскінуў хустку пасярод пакоя, прывёў асла, паставіў на яе. Крыкнуў:

– Брыклябрыт!

У беднага млынара аж твар выцягнуўся, калі ён убачыў, што з асла ўпала зусім не золата. Зразумеў: яму ў дарозе падмянілі асла. Пачаў ён прабачэння прасіць у гасцей. А ў бацькі тым больш, бо давялося старому краўцу зноў брацца за сваю іголку.

Малодшы брат трапіў на вучобу да аднаго токара. Рамяство гэта тонкае, вось і давялося яму вучыцца даўжэй за ўсіх. За стараннасць і добрыя паводзіны майстар падарыў яму мяшок, сказаў:

– Ведай, ляжыць у гэтым мяшку дубінка.

– Навошта яна? Ад яе толькі цяжар.

– Слухай, – растлумачыў майстар, – калі цябе хто пакрыўдзіць, то варта табе сказаць: «Дубінка, з мяшка!» – і яна імгненна выскачыць і кінецца дубасіць таго, хто цябе зняважыў. Ды так стане весела танцаваць па яго спіне, што той тыдзень не пашавеліцца. Запомні яшчэ: яна не прыпыніцца да таго часу, калі ты не скажаш: «Дубінка, у мяшок!»

Падзякаваў малады токар свайму гаспадару, закінуў мяшок за плечы і пайшоў падарожнічаць ды грошы зарабляць. Даводзілася яму карыстацца і дубінкай з мяшка. Пераканаўся: яна старанна выконвала яго загады, аднолькава спрытна ўпраўлялася ці то з кафтанам, ці то з курткай, не вельмі чакала пакуль іх хто здыме.

Вось аднойчы пад вечар завітаў малады токар у тую самую гасцініцу, у якой яго братоў ашукалі. А браты яму паспелі напісаць, якая з імі бяда здарылася тут.

Паклаў хлопец свой мяшок на стол, пачаў баяць пра розныя дзівы, якія яму давялося пабачыць.

– Бываюць гэткія столікі-самаборы, – сказаў ён, ёсць яшчэ аслы залатыя і ўсякая ўсячына. Рэчы добрыя, што й казаць, але яны нічога нявартыя перад багаццем, якое я здабыў. Ляжыць яно вось у гэтым мяшку.

Тут сквапны гаспадар і натапырыў вушы: што ляжыць у мяшку, можа, самацветы?

Надышоў час класціся спаць. Госць улёгся на лаву і паклаў пад галаву замест падушкі свой мяшок. Гаспадар пачакаў крыху і давай зладзейнічаць. Ухапіўся за таямнічы мяшок, паціху цягне на сябе. Хацеў падмяніць яго іншым.

А токар гэтага моманту і чакаў. Раптам як крыкне: «Дубінка, з мяшка!» Як жа выскачыла дубінка, як надавала гаспадару пад бакі, той аж пачаў прасіць літасці. Але чым гучней ён крычаў, тым мацней дубінка трэсла яго.

І сказаў тады токар:

– Калі ты не вернеш «столік-накрыйся» і залатога асла, то дубінка не перастане танцаваць па табе.

– Вой, – застагнаў гаспадар, – я ўсё ахвотна вярну, толькі скажы свайму дамавіку, каб ён вярнуўся ў мяшок.

– Добра, памілую цябе, але глядзі, беражыся!

Крыкнуў токар:

– Дубінка, у мяшок!

І дубінка ў тое ж імгненне пакінула гаспадара гасцініцы, ускочыла ў мяшок.

Раніцай адправіўся токар са «столікам-накрыйся» і залатым аслом дамоў. Узрадаваўся бацька, убачыўшы малодшага сына, спытаў у яго, чаму ён навучыўся ў чужых краях.

– Дарагі бацечка, я токарам стаў.

– Гэта тонкае рамяство, – пахваліў бацька і сказаў: – Ну, а што прынёс з падарожжаў?

– Дарагую штучку, мілы бацечка, – дубінку ў мяшку.

– Што? – закрычаў кравец. – Дубінку? Ці варта было несці яе здалёку. Яе можна вычасаць з любога дрэва.

– Так, але, мілы бацечка, мая дубінка чароўная, – супакоіў сын бацьку, расказаў яму яе тайну. – От бачыш, дзякуючы гэтай дубінцы я вярнуў назад столік-накрыйся і залатога асла, якія адняў ад братоў зладзеяваты гаспадар гасцініцы. Клічце іх сюды ды запрашайце ўсю радню!

Стары кравец не зусім паверыў малодшаму сыну, але што зробіш, склікаў у сваю хату ўсю радню. Вось раскінуў токар на ўвесь пакой хустку, прывёў залатога асла і сказаў свайму брату:

– Ну, мілы братка, пагавары з ім.

І сказаў млынар:

– Брыклябрыт!

І сталі дажджом падаць на хустку залатыя чырвонцы. Асёл рабіў гэта да таго часу, пакуль усе госці не набралі столькі золата, як панесці. (А па табе, мой дружа, відаць, што і ты не супраць бы пабываць там. Што ж, даруй, гэта казка).

Пасля токар прынёс столік і сказаў:

– Ну, братка, пагавары з ім.

І толькі сталяр прамовіў: «Столік, накрыйся!», а ён ужо накрыты абрусам, і ўвесь устаўлены смачнымі стравамі. Пачалося такое баляванне, якога не было ў хаце краўца за ўсё яго доўгае жыццё. Вясёлая і задаволеная вярталася радня дамоў.

І схаваў кравец у шафе іголку і ніткі, метр і прас ды стаў жыць-пажываць разам з сынамі ў радасці і ў багацці.

Ну, а куды ж падзелася каза, з-за якой кравец прагнаў з дому сваіх сыноў?

Сорамна ёй зрабілася, што паголеная ў яе галава, вось і забегла яна ў лісіную нару, схавалася там. Вярнулася ліса з палявання, бачыць у цемры нары блішчаць два вялікія вокі, напалохалася яна і збегла.

Сустрэў лісу мядзведзь, бачыць, што яна перапалоханая, цікавіцца:

– Што з табой, лісічка-сястрычка?

– Ох, – адказвае рыжая, – страшны звер засеў у маёй нары, з вогненнымі вачамі.

– Ды мы яго ўраз выганім! – кажа мядзведзь.

Пайшлі яны да нары. Мядзведзь зазірнуў туды, спалохаўся вогненных вачэй і даў лататы ад нары. Бяжыць па лесе, зямля пад ім трасецца. Тут сустракаецца яму пчала, пытае:

– Мядзведзь, чаго выгляд у цябе такі маркотны, дзе згубіў сваю весялосць?

– Табе добра разважаць, – адказвае мядзведзь – а вось у лісіным доміку засеў страшны звер, вочы вылупіў, і выгнаць яго мы не можам.

І сказала пчала:

– Шкада мне цябе, мядзведзь. Хаця я, пчала, слабая і бедная, вы на мяне і глядзець не хочаце, але я ўсё-такі магу вам дапамагчы.

Пчала ўляцела ў лісіную нару, села казе на паголеную галаву і так моцна яе ўджаліла, што каза ажно падскочыла. Закрычала:

– Ме-ме!

Як ашалелая выскачыла каза з лісінай нары. І ніхто да цяперашняга часу так і не ведае, куды яна збегла.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
НумарKHM 36
ПеракладыEN, ZH, ES, FR, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, VI, TR, IT, PL, NL, RO, HU, DA, SE, BG
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана35,0
Колькасць знакаў14.099
Колькасць літар10.964
Колькасць сказаў256
Колькасць слоў2.258
Сярэдняя колькасць слоў у сказе8,82
Словы даўжэй за 6 літар591
Працэнт доўгіх слоў26,2%
Type-Token Ratio (TTR)0,407
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,893
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)212,8
Hapax Legomena592
Average word length4,87
Median sentence length8,0
90th percentile sentence length16,0
Direct speech share1,1%
Sentence complexity1,24
Connectors0
Referential cohesion0,015
Character/name candidatesСтолік (4), Брыклябрыт (4), Дубінка (4), Што (2)
Character co-occurrence networknone
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch