Падзяліцца
Два браты
Два браты Märchen

Два браты - Казка братоў Грым

Час чытання: 3 хв

Жылі аднойчы два браты, адзін багаты, другі – бедны. Багаты быў залатаром, майстрам па залатых вырабах, ды сэрца меў злоснае, а бедны жыў з таго, што вязаў мётлы, але быў добры ды сумленны. У беднага было двое дзяцей, хлопчыкаў-блізнят, якія былі падобныя адзін на аднаго, быццам дзве кроплі вады. І хадзілі два хлопчыкі ў хату да багатага, каб паласавацца якімі недаедкамі, што ім там кінуць.

Здарылася так, што пайшоў аднаго разу бядняк у лес па дубцы, аж бачыць птушку ды такую прыгожую, усю з золата, якую дасюль яму аніколі сустракаць не даводзілася. Падняў ён каменьчык, шпурнуў яго і трапіў проста ў птушку; упала з яе адно толькі залатое пёрка, а сама птушка паляцела прэч. Узяў чалавек тое пёрка ды прынёс свайму брату. А той паглядзеў на яго ды кажа:

– Гэта ж чыстае золата! – і даў бедняку шмат грошай.

Наступнага дня ўзлез бядняк на бярэзіну ды хацеў быў ссекчы некалькі галін, аж раптам вылецела адтуль тая самая птушка. Стаў ён далей шукаць і знайшоў гняздо, а ў ім ляжала яйка і было яно залатое. Узяў ён яйка ды панёс да свайго брата, а той кажа зноў:

– Гэта ж чыстае золата! – і даў яму столькі, колькі яно каштавала.

Нарэшце залатар прамовіў:

– Хацеў бы я мець самую птушку!

Бядняк падаўся ў трэці раз у лес і зноў убачыў на дрэве залатую птушку; узяў ён камень, падбіў яе ды прынёс да свайго брата. Той даў яму за гэта цэлую жменю грошай. «Ну, цяпер мне ёсць на што разжыцца», – падумаў бядняк ды пайшоў шчаслівы дахаты.

А залатар быў хітры ды разумны: ён адразу ўцяміў, што гэта за птушка. Ён паклікаў сваю жонку ды й кажа:

– Засмаж мне гэтую залатую птушку ды глядзі, каб анішто з яе не прапала. У мяне ахвота ёсць з’есці яе аднаму.

А птушка тая была не простая, а чарадзейная: хто з’есць яе сэрца ды печань, той кожнае раніцы будзе знаходзіць у сябе пад падушкай залаты.

Аскубла жонка птушку, згатавала яе як мае быць, насадзіла на ражон ды пачала смажыць. Ды здарылася так, што спатрэбілася ёй выйсці з кухні па нейкай справе, і заскочылі туды якраз у гэты час двое дзяцей беднага метляра, сталі каля ражна ды некалькі разоў пакруцілі. І вываліліся з птушкі на патэльню два кавалачкі, а хлопчык і кажа:

– Я галодны вельмі. Давай з’ямо гэтыя маленечкія кавалачкі, гэтага ж ніхто не заўважыць.

І яны з’елі абодва па кавалачку; а тут уваходзіць жонка багатага, бачыць, што яны нешта ядуць, ды пытаецца:

– Што вы ясцё?

– А тыя два кавалачкі, што выпалі з птушкі, – адказалі хлопчыкі.

– Ды гэта ж былі сэрца й печань! – усклікнула спалоханая жанчына і, каб муж нічога не заўважыў ды не ўзлаваўся, яна хуценька зарэзала пеўніка, выразала ў яго сэрца і печань ды засунула іх у залатую птушку. Калі птушка засмажылася, жанчына прынесла яе да залатара, і той з’еў яе адзін, нічагусенькі не пакінуўшы. Наступнае раніцы засунуў ён руку пад падушкі, спадзеючыся выцягнуць адтуль залаты, але там анічога не аказалася.

А дзеці і не ведалі, адкуль ім шчасце гэткае прываліла: наступнае раніцы, толькі яны падхапіліся, аж нешта са звонам упала на падлогу; паднялі яны, глядзяць, – а гэта два чырвонцы. Прынеслі яны іх да свайго бацькі. Той здзівіўся ды кажа:

– Як жа такое магло здарыцца?

Але ж калі і наступнае раніцы знайшлі яны два залатыя, і гэтак штодня, дык падаўся ён да свайго брата ды распавёў яму гэтую дзіўную гісторыю.

Залатар адразу ж скеміў, як гэта выйшла, і зразумеў, што дзеці з’елі сэрца й печань залатое птушкі. І вось, каб адпомсціць ім за гэта, – а быў ён да таго ж зайздрослівы ды бессардэчны, – ён сказаў да іхнага бацькі:

– Дзеці твае з нячыстаю сілаю злыгаліся; не бяры гэтыя залатыя і не трымай іх больш у сваёй хаце, бо нячысцік мае над імі сілу ды можа й цябе самога давесці да бяды.

Бацька баяўся чорта, і як ні было яму цяжка, а завёў ён сваіх дзяцей-блізнятак у лес ды кінуў іх там, хоць і шчымела яму на сэрцы.

Вось пачалі двое дзяцей блукаць па лесе ў пошуках дарогі дамоў, але знайсці яе аніяк не маглі і ўсё глыбей ды глыбей заходзілі ў густыя нетры. Сустрэлі яны нарэшце паляўнічага, і спытаўся ён У іх:

– Дзеці, чые вы?

– Мы сыны беднага метляра, – адказалі яны ды распавялі яму, што бацька не захацеў больш трымаць іх у хаце ў сябе праз тое, што кожнае раніцы ў іх пад падушкамі аказвалася па залатым.

– Ну, – сказаў паляўнічы, – у гэтым няма нічога благога, калі вы пры гэтым засталіся сумленнымі і не сталі праз гэта абібокамі.

Хлопчыкі спадабаліся добраму чалавеку, а паколькі сам ён дзяцей не меў, дык узяў ён іх да сябе дамоў ды сказаў:

– Я вам буду за бацьку роднага і выхаваю вас.

Пачалі яны вучыцца ў яго паляўнічай справе, а чырвонцы, якія кожны з іх знаходзіў, устаючы з ложка, ён для іх пакідаў на выпадак, калі яны ў далейшым ім спатрэбяцца.

Вось дзеці павырасталі. І ўзяў іх аднойчы прыёмны бацька з сабою ў лес ды сказаў:

– Сёння кожны з вас па пробным стрэле зрабіць павінен, каб я мог прызнаць вас за падмайстраў ды сапраўдных паляўнічых.

Выйшлі яны з ім на стойку і доўга чакалі, а дзічына ўсё не траплялася. Зірнуў паляўнічы ды ўбачыў чараду белых гусей; яны ляцелі трохкутнікам, і ён сказаў да аднаго з вучняў:

– А ну, падстрэль мне па адной гусі з кожнага кута.

Той нацэліўся ды зрабіў свой пробны стрэл удала. Неўзабаве пасля таго паказалася другая чарада, яна ляцела двойкаю. І загадаў паляўнічы другому вучню падстрэліць па адной гусі, і ў таго пробны стрэл быў удалы. Тады прыёмны бацька кажа:

– Цяпер я вас адпускаю, вы ўжо спрактыкаваныя паляўнічыя.

Пайшлі пасля гэтага два браты ў лес, пачалі між сабою радзіцца ды сёе-тое вырашылі. А калі ўвечары селі вячэраць, яны кажуць да свайго прыёмнага бацькі:

– Мы есці не будзем, нават кавалачка не з’ямо, пакуль вы не выканаеце адну нашу просьбу.

Ён пытаецца:

– Якая ж у вас просьба?

Яны адказваюць:

– Цяпер навучанне сваё мы скончылі і павінны паспрабаваць шчасця. Дык вось, дазвольце нам пайсці вандраваць.

І сказаў стары з радасцю:

– Вы разважаеце, як адважныя паляўнічыя, і тое, што вы хочаце, было і маім жаданнем. Выпраўляйцеся ў дарогу, і будзе вам удача.

Вось надышоў прызначаны дзень, і падараваў прыёмны бацька кожнаму з іх па добрай стрэльбе ды па сабаку і загадаў узяць з захаваных чырвонцаў столькі, колькі кожны з іх пажадае. Потым ён праводзіў іх і даў ім яшчэ на развітанне бліскучы, добра навостраны нож, сказаўшы:

– Калі вам давядзецца калі-небудзь расстацца, уторкніце гэты нож у дрэва на скрыжаванні дарог, і той, хто з вас вернецца, зможа па гэтым нажы даведацца пра лёс свайго брата; той бок нажа, у які брат пойдзе, у выпадку ягонай смерці пакрыецца іржою; а пакуль ён будзе жывы, лязо будзе з абодвух бакоў бліскучае.

Пайшлі два браты далей і зайшлі ў лес, ды такі дрымучы, што за цалюткі дзень не маглі адтуль выбрацца. Давялося ім там заначаваць, і яны з’елі ўсё, што было ў іх у паляўнічых сумках; давялося ім ісці яшчэ і другі дзень, але з лесу выбрацца яны аніяк не маглі. Есці ім не было чаго. Вось адзін з іх і кажа:

– Трэба нам падстрэліць што-небудзь, інакш галадаваць давядзецца.

Зарадзіў ён сваю стрэльбу ды пачаў аглядацца па баках. Раптам выскачыў стары заяц. Прыклаўся паляўнічы, аж заяц як закрычыць:

Скочыў заяц у кусты ды прынёс адтуль двух зайчанятак; але звяркі гулялі так весела і былі такія прыемныя, што паляўнічы не змог рашыцца забіць іх. Браты пакінулі іх у сябе, і маленькія зайчаняткі паскакалі следам за імі. А тут убачылі яны неўзабаве, як прабіралася патаемна лісіца, наважыліся забіць яе, аж яна як закрычыць:

Прынесла яна ім двух лісянят; але паляўнічым не хацелася іх забіваць. Яны пакінулі іх разам з зайчыкамі, і пайшлі лісяняты следам за паляўнічымі. А тут неўзабаве выйшаў з гушчару воўк. Нацэліліся ў яго паляўнічыя, аж воўк як закрычыць:

Пусцілі паляўнічыя да астатніх звяроў двух маладых ваўчанят, і тыя пайшлі следам за імі. Потым з’явіўся мядзведзь, і яму таксама захацелася пажыць яшчэ на свеце ды па лесе патупаць, і ён закрычаў:

Два маладыя мядзведзяняты таксама далучыліся да астатніх звяроў і пайшлі за паляўнічымі. І хто ж з’явіўся нарэшце? З’явіўся леў ды трасянуў сваёю грывай. Але паляўнічыя не спалохаліся і нацэліліся ў яго. І леў адразу ж сказаў:

Ён прынёс сваіх ільвянят, і стала цяпер у паляўнічых два львы, два мядзведзі, два ваўкі, дзве лісіцы ды два зайцы; усе яны пайшлі за імі следам ды ім служылі. Але голаду свайго паляўнічыя так і не сунялі, і кажуць яны лісянятам:

– Гэй вы, праныры, дастаньце нам што-небудзь паесці, вы ж тут самыя найхітрэйшыя.

І адказалі яны:

– Недалёка адсюль знаходзіцца вёска, дзе мы шмат разоў ужо курэй цягалі; дарогу туды мы вам пакажам.

Пайшлі паляўнічыя ў тую вёску, купілі сабе сёе-тое паесці, загадалі накарміць і сваіх звяроў ды падаліся далей. Лісянятам усе мясціны тут былі добра знаёмыя, дзе якія двары з курамі знаходзяцца, і яны маглі ўсё падказаць паляўнічым.

Хадзілі-блукалі паляўнічыя па розных мясцінах, але нідзе не маглі знайсці сабе такой службы, каб застацца ўсім разам. Тады яны і кажуць:

– Давядзецца нам расстацца, інакш нічога не будзе.

Падзялілі яны звяроў паміж сабой, – і кожны з іх атрымаў па ільвяняці, мядзведзяняці, ваўчаняці, лісяняці ды зайчыку. Потым яны развіталіся, паабяцалі любіць адзін аднаго братняй любоўю да самае смерці, уторкнулі ў дрэва нож, які даў ім прыёмны бацька, і вось пайшоў адзін на ўсход, а другі на захад.

Прыйшоў малодшы брат са сваімі звярамі ў горад, і было ў тым горадзе ўсё чорным крэпам абцягнута. Зайшоў ён у карчму і спытаўся ў гаспадара, ці не можа той даць прытулак ягоным звярам. Адвёў гаспадар іх у стайню, а была там у сцяне дзіра; вылез заяц вонкі і прыцягнуў сабе качан капусты, а лісіца прынесла курыцу, з’ела яе і ўзялася за пеўніка. А воўк, мядзведзяня ды львяня былі большыя і вылезці не маглі. Прапанаваў гаспадар вывесці звяроў туды, дзе ляжала ў той час на траве карова, няхай, маўляў, удосталь там наядуцца. Накарміў паляўнічы сваіх звяроў ды пытаецца потым у гаспадара:

– Чаму гэта ўвесь горад чорным крэпам абцягнуты?

Адказаў гаспадар:

– Таму, што заўтра павінна памерці адзіная дачка караля.

Пытаецца паляўнічы:

– Хіба яна смяротна хворая?

– Не, – адказаў гаспадар, – яна зусім здаровая, але павінна памерці.

– Як жа гэта так? – спытаўся паляўнічы.

– Ды вось стаіць за горадам высокая гара, і жыве на ёй дракон; і кожны год абавязаны аддаваць яму бязвінную дзяўчыну, інакш ён спустошыць усю нашу краіну. Яму аддалі ўжо ўсіх дзяўчат, і не засталося ніводнай, акрамя каралеўны; але чакаць літасці не даводзіцца, яе павінны аддаць заўтра дракону.

Паляўнічы сказаў:

– А чаму ж не заб’юць дракона?

– Эт, – адказаў гаспадар, – колькі ўжо рыцараў спрабавала гэта зрабіць, але ўсе жыццём сваім расплаціліся; кароль абяцаў таму, хто адолее дракона, аддаць сваю дачку за жонку, а пасля смерці сваёй і ўсё каралеўства.

Нічога не сказаў на гэта паляўнічы, але наступнае раніцы ўзяў ён сваіх звяроў і падняўся разам з імі на Драконаву гару. Стаяў на яе вяршыне невялікі хорам, на алтары было тры чашы з віном, і было на іх напісана: «Хто гэтыя чашы вып’е, стане самым магутным чалавекам на свеце і авалодае мячом, што закапаны перад парогам ля дзвярэй».

Паляўнічы з чашаў гэтых піць не стаў, выйшаў адтуль і знайшоў у зямлі меч, але не змог яго і з месца скрануць. Ён вярнуўся назад, выпіў чашы і стаў раптам такі магутны, што змог ужо меч падняць, трымаючы яго ў руцэ, ды ім размахваць.

Надышоў час, калі дзяўчына павінна была быць выдадзена дракону, і яе праводзілі кароль, маршал і прыдворныя. Убачыла дзяўчына здалёк на вяршыне Драконавай гары паляўнічага ды падумала, што гэта стаіць дракон і яе чакае, і не хацела ўзнімацца на гару; але, карэшце, давялося ёй узысці туды мімаволі, бо інакш загінуў бы ўвесь горад. Вярнуўся кароль дадому з прыдворнымі ў вялікай скрусе, а маршал каралеўскі павінен быў там застацца ды здаля за ўсім назіраць.

Узнялася каралеўна на самую вяршыню гары, – і стаяў там не дракон, а малады паляўнічы; ён суцешыў яе ды сказаў, што хоча яе выратаваць; ён адвёў яе ў хорам ды там замкнуў.

Неўзабаве з’явіўся з вялікім шумам сямігаловы дракон. Убачыў паляўнічага, здзівіўся ды кажа:

– Што табе тут, на гары, трэба?

Адказаў паляўнічы:

– Я хачу з табою біцца.

Сказаў дракон:

– Не адзін ужо рыцар тут сваё жыццё паклаў, і з табой я таксама ўпраўлюся, – і ён дыхнуў полымем з усіх сваіх сямі пашчаў.

Загарэлася сухая трава, і давялося б паляўнічаму ў полымі і дыме задыхнуцца; ды прыбеглі звяры і ўвесь агонь затапталі.

Кінуўся дракон на паляўнічага, але паляўнічы выхапіў свой меч, той засвістаў у паветры ды знёс дракону тры галавы прэч. Тут раз’юшыўся дракон, узняўся ў паветра і пачаў выкідваць на паляўнічага полымя; наважыўся кінуцца на яго, але паляўнічы выхапіў зноў меч ды адсек яму яшчэ тры галавы.

Аслабела страшыдла і павалілася на зямлю, але ўсё-ткі рыхтавалася кінуцца на паляўнічага; але той, сабраўшы астатнія сілы, адцяў яму хвост. Змагацца паляўнічы больш не мог, ён паклікаў сваіх звяроў, – і яны папарвалі дракона на шматкі.

Скончылася бойка, адамкнуў паляўнічы хорам, бачыць – ляжыць каралеўна на падлозе: са страху ды жаху, пакуль цягнуўся бой, яна страціла прытомнасць. Ён вынес яе на паветра, і калі яна зноў ачуняла ды адкрыла вочы, ён паказаў ёй пасечанага на кавалкі дракона і сказаў, што яна цяпер выратаваная. Яна ўзрадавалася ды сказала:

– Ты станеш цяпер маім мужам, мой жа бацька абяцаў выдаць мяне за таго, хто заб’е дракона.

Потым зняла яна з шыі каралавыя каралі ды падзяліла іх ва ўзнагароду паміж звярмі, і дастаўся льву залаты замочак. А сваю насовачку, на якой было вышыта яе імя, яна падаравала паляўнічаму. Ён пайшоў і выразаў з сямі драконавых галоў языкі ды загарнуў іх у насовачку, каб лепей іх захаваць.

Пасля таго, як усё гэта здарылася, паляўнічы, змучаны спякотай ды змаганнем, сказаў да дзяўчыны:

– Мы абое з табой стаміліся, давай крыху адпачнем.

Яна згадзілася. Яны леглі на зямлю, і прамовіў паляўнічы да льва:

– Ты нас ахоўвай, каб у час сну ніхто на нас не напаў, – і яны з дзяўчынай заснулі.

Леў улёгся побач з імі, каб несці варту, але ён таксама стаміўся ад бойкі з драконам і таму паклікаў мядзведзя ды сказаў:

– Кладзіся побач са мной, мне трэба крыху паспаць; калі хто падыдзе, ты мяне пабудзі.

Улёгся мядзведзь побач з ім, але ён таксама стаміўся, паклікаў ваўка ды сказаў:

– Кладзіся побач са мной, мне трэба крыху паспаць; калі хто падыдзе, ты мяне пабудзі.

Улёгся воўк побач з ім, ён таксама стаміўся, паклікаў лісіцу ды сказаў:

– Кладзіся са мной побач, мне трэба крыху паспаць; а калі хто падыдзе, ты мяне пабудзі.

Паклалася з ім побач лісіца, яна таксама стамілася, паклікала зайца ды кажа:

– Кладзіся са мной побач, мне трэба крыху паспаць; калі хто прыдзе ты мяне пабудзі.

Сеў заяц побач з ёю, але бедны зайчык таксама ж стаміўся, яму не было каго паклікаць у вартавыя, – і ён заснуў.

І вось заснулі каралеўна, паляўнічы, леў, мядзведзяня, воўк, лісіца ды зайчык, і ўсе спалі глыбокім сном.

Але маршал, які павінен быў за ўсім назіраць здаля, не бачыў, каб дракон ды паляцеў з дзяўчынай. На гары было ўсё ціха, і вось нарэшце, ён насмеліўся і ўзышоў на вяршыню. І ляжаў дракон на зямлі, пасечаны ды парваны на кавалкі; а воддаль ад яго каралеўна і паляўнічы са сваімі звярмі, і ўсе ў глыбокім сне. А быў маршал чалавек злосны ды бязлітасны, ён выхапіў свой меч ды адсек паляўнічаму галаву, схапіў дзяўчыну на рукі ды панёс яе з гары. Дзяўчына, прахапіўшыся, спалохалася, але маршал ёй кажа:

– Ты цяпер у маіх руках; ты павінна будзеш сказаць, што гэта я забіў дракона.

– Гэтага сказаць я не магу, – адказала яна, – гэта ж зрабіў паляўнічы са сваімі звярмі.

Тады выхапіў маршал свой меч і стаў пагражаць, што заб’е яе, калі яна не паслухаецца яго, і гэтак прымусіў яе даць абяцанне. Затым ён прынёс яе да караля. Як убачыў кароль сваю любімую дачку жывую, дык не ведаў, як яму і радавацца, – ён жа думаў, што яе разарвала страшыдла.

І сказаў маршал:

– Гэта я забіў дракона і вызваліў дзяўчыну ды ўсё каралеўства, таму патрабую яе сабе ў жонкі, як гэта было абяцана.

Кароль спытаўся ў дзяўчыны:

– Ці праўда тое, што ён кажа?

– Ах, так, – адказала яна, – гэта, напэўна, праўда. Але я стаўлю ўмову, каб вяселле святкавалася толькі праз год ды адзін дзень.

Яна спадзявалася, што за гэты час пачуе што-небудзь пра свайго любага паляўнічага.

А на Драконавай гары ўсё яшчэ ляжалі звяры са сваім мёртвым гаспадаром. Але вось прыляцеў вялікі чмель ды сеў на нос зайцу; заяц сагнаў яго лапай і не прачнуўся. Прыляцеў чмель у другі раз, але заяц зноў сагнаў яго лапай і не прачнуўся. Прыляцеў чмель у трэці раз і ўкусіў яго за нос, каб заяц прахапіўся. Толькі заяц ускочыў, пабудзіў ён лісіцу, лісіца – ваўка, воўк – мядзведзя, мядзведзь – ільва. Прачнуўся леў, бачыць – няма дзяўчыны, а гаспадар ляжыць мёртвы; узняў леў страшэнны рык:

– Хто гэта зрабіў? Мядзведзь, чаму ты мяне не пабудзіў?

Мядзведзь спытаўся ў ваўка:

– Чаму ты мяне не пабудзіў?

А воўк у лісіцы:

– Чаму ты мяне не пабудзіла?

А лісіца ў зайца:

– Чаму ты мяне не пабудзіў?

І толькі адзін бедны заяц не ведаў, што яму адказаць, – так і застаўся ён вінаваты.

Парашылі тады звяры на яго накінуцца, але ён стаў прасіць літасці і сказаў:

– Пашкадуйце мяне, я нашага гаспадара ажыўлю. Я ведаю адну гару, расце на ёй корань: калі каму пакласці яго ў рот, той ад усялякіх хваробаў ды ранаў вылекуецца. Але ходу да гэтай гары дзвесце гадзін.

Сказаў леў:

– Ты павінен за суткі злётаць туды і назад вярнуцца ды прынесці гэты корань.

Паімчаўся заяц, і за суткі вярнуўся назад, ды прынёс корань. Прыставіў леў галаву паляўнічаму, заяц засунуў яму ў рот корань, імгненна ўсё зраслося, пачало біцца сэрца, і ён ажывеў зноў.

Прачнуўся паляўнічы, бачыць – няма дзяўчыны, спалохаўся ён ды падумаў: «Яна, мабыць, пайшла, пакуль я спаў, каб пазбавіцца мяне».

Леў у спешцы прыставіў галаву свайму гаспадару перадам назад, але за сумнымі думкамі пра каралеўну паляўнічы гэтага не заўважыў: толькі апаўдня, калі яму захацелася есці, ён убачыў, што галава ў яго пастаўлена перадам назад; ён аніяк не мог уцяміць, з чаго гэта так, і спытаўся ў звяроў, што з ім здарылася ўва сне.

Тады распавёў яму леў, што ўсе яны, стаміўшыся, паснулі, а калі прачнуліся, знайшлі яго мёртвага, з адсечанай галавою; заяц прынёс корань жыцця, а ён у спешцы прыставіў галаву перадам назад; але памылку сваю ён, вядома, выправіць. Ён адарваў паляўнічаму галаву, павярнуў яе, а заяц зажывіў яе коранем.

Аднак паляўнічы зажурыўся, пайшоў бадзяцца па свеце і прымусіў сваіх звяроў скакаць перад людзьмі. І здарылася так, што, калі прамінуў роўна год, прыйшоў ён зноў у той самы горад, дзе вызваліў каралеўну ад дракона; але цяпер увесь горад быў упрыгожаны чырвонай тканінаю. Спытаўся паляўнічы ў гаспадара карчмы:

– Год таму горад быў увесь у жалобе, а сёння ўвесь у чырвоным? Што гэта значыць?

Адказаў гаспадар карчмы:

– Год таму дачку нашага караля павінны былі аддаць на з’ядзенне дракону, але маршал уступіў з ім у бойку ды забіў яго, і вось заўтра павінны святкаваць іхняе вяселле, – вось чаму тады горад быў у жалобе, а сёння ён увесь у чырвоным.

Другога дня, калі прызначаны быў вясельны баль, кажа паляўнічы гаспадару карчмы:

– Ці паверыш ты мне, гаспадар, што сёння я буду есці пры табе хлеб з каралеўскага стала?

– Не, – адказаў гаспадар, – б’юся з табой аб заклад на сто чырвонцаў, што гэткае не здарыцца.

Паляўнічы згадзіўся на ўмову і выставіў у сваю чаргу кашалёк з такою самай колькасцю залатых. Потым паклікаў ён зайца:

– Ідзі, даражэнькі мой паскакунчык, ды прынясі мне хлеб з каралеўскага стала.

Для зайчыка гэта было зусім няцяжка, а даручыць гэта каму-небудзь іншаму ён не мог, і давялося яму скакаць аднаму. «Вох, – падумаў ён, – прыйдзецца мне аднаму па вуліцах скакаць, – бадай што, кінуцца за мною ганчакі». Як падумаў ён, так і здарылася; кінуліся за ім сабакі і меліся ўжо ўчапіцца ў ягоную шкуру. Але заяц падскочыў – хіба ты не бачыў? – ды як кінецца ў вартаўнічую будку, і салдат яго нават не заўважыў. Падбеглі сабакі, хацелі былі зайца адтуль выцягнуць, але салдат жартаў не любіў, выцяў іх прыкладам стрэльбы, і яны з брэхам ды скавытаннем паўцякалі прэч.

Заўважыў заяц, што хітрасць яму ўдалася, прыскакаў у замак ды проста да каралеўны; сеў да яе пад крэсла ды пачаў нагу ёй драпаць. А каралеўна кажа:

– Пайшоў прэч!

Яна падумала, што гэта сабака. Заяц падрапаў каралеўну за нагу яшчэ раз. А яна зноў кажа:

– Пайшоў прэч!

Бо і на гэты раз падумала, што гэта сабака. Але заяц не збянтэжыўся ды падрапаў каралеўну ў трэці раз. Зірнула яна ўніз ды пазнала зайца па сваіх каралях. Узяла яна зайца да сябе на калені, аднесла ў свой пакой ды пытаецца:

– Любы зайчык, чаго ты хочаш?

Ён адказаў:

– Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут; ён паслаў мяне папрасіць хлеба, што есць сам кароль.

Узрадавалася каралеўна, загадала паклікаць хлебадайцу ды патрабавала, каб ён прынёс хлеб, што есць сам кароль. Тады зайчык кажа:

– Але няхай хлебадайца мне яго і аднясе, інакш нападуць на мяне ганчакі.

І аднёс хлебадайца гэты хлеб да самых дзвярэй карчмы. Стаў заяц на заднія лапы, узяў хлеб у пярэднія ды прынёс яго свайму гаспадару. Тады паляўнічы і кажа:

– Ну, гаспадар, а сто залатых жа цяпер мае!

Здзівіўся гаспадар, а паляўнічы кажа:

– Што ж, гаспадар, хлеб у мяне ёсць! Ды вось хацелася б мне цяпер і каралеўскай смажанкі пакаштаваць.

Сказаў гаспадар:

– Што ж, паглядзім, – але спрачацца больш не стаў.

Паклікаў паляўнічы лісіцу ды кажа:

– Ліска, схадзі ты ды прынясі мне смажанку, якую есць сам кароль.

Рыжая лісіца ведала ўсе ўваходы ды выхады лепш за іншых. Прабралася яна па вулках ды завулках, і ніводзін сабака яе не заўважыў. Села лісіца пад крэслам каралеўны, пачала ёй нагу драпаць. Зірнула каралеўна ўніз ды пазнала лісіцу па каралях; узяла яе да сябе ў пакой ды пытаецца:

– Лісачка, даражэнькая, што табе трэба?

Адказала лісіца:

– Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут і паслаў мяне, каб я папрасіла смажанкі, што сам кароль есць.

Загадала каралеўна паклікаць кухара ды сказала, каб ён згатаваў смажанку, якую есць кароль, і данёс бы яе лісіцы да самых дзвярэй карчмы.

Узяла лісіца блюда, адагнала спачатку хвастом мух, што паселі на смажанку, і прынесла яе свайму гаспадару.

– Ну, карчмар, – сказаў паляўнічы, – хлеб ды мяса ў нас цяпер ёсць, але хацелася б пакаштаваць і тае гародніны, што есць сам кароль.

Паклікаў ён ваўка ды кажа:

– Любы воўча, ідзі ды прынясі мне тае гародніны, што есць кароль.

Пайшоў воўк напрасткі ў замак, бо ён анікога не баяўся, увайшоў у пакой каралеўны ды тузануў яе ззаду за сукенку, каб яна азірнулася. Пазнала яна яго па каралях ды пытаецца:

– Даражэнькі воўча, што табе трэба?

Ён адказаў:

– Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут, ён прасіў даць тае гародніны, якую есць сам кароль.

Паклікала каралеўна кухара ды загадала яму згатаваць тае гародніны, якую есць сам кароль, і данесці яе ваўку да самых дзвярэй карчмы. Узяў воўк у яго блюда і прынёс яго свайму гаспадару.

– Вось бачыце, гаспадар, – кажа паляўнічы, – цяпер ёсць у мяне і хлеб, і смажанка, і гародніна; але хацелася б мне пакаштаваць яшчэ і салодкае, якое есць кароль.

Ён паклікаў мядзведзя ды кажа:

– Любы мядзведзь, ты нябось любіш салодкім паласавацца, дык вось ідзі ды прынясі мне салодкае, якое есць сам кароль.

Затупаў мядзведзь проста да замка, і кожны яму саступаў дарогу. Падышоў ён да варты, і выставіла варта перад іх стрэльбы, не хацела яго прапускаць у каралеўскі замак. Тут падняўся мядзведзь на заднія лапы, панадаваў ён такіх аплявушын, што ўся варта пападала на зямлю, – і рушыў мядзведзь проста да каралеўны, стаў ззаду яе і ціхенька зарычаў. Азірнулася яна, пазнала мядзведзя і загадала яму ісці з ёю ў пакой ды пытаецца:

– Даражэнькі мядзведзь, ты чаго хочаш?

Ён адказаў:

– Мой гаспадар, які забіў дракона знаходзіцца тут, ён паслаў мяне па салодкае, якое есць сам кароль.

Паклікала каралеўна кандытара і загадала згатаваць салодкую страву, якую есць кароль і аднесці яе мядзведзю да самых дзвярэй карчмы. Пачаў тут мядзведзь лізаць салодкія лізунцы, што скаціліся на зямлю, потым надняўся на заднія лапы, узяў у пярэднія блюда і прынёс яго да свайго ўладара.

– Бачыце, гаспадар, – сказаў паляўнічы, – вось ёсць у мяне цяпер і хлеб, і смажанка, і гародніна, і салодкае; але хацелася б мне папіць і віна, якое п’е сам кароль.

Паклікаў ён свайго льва ды сказаў:

– Любы леў, ты ж да хмельнага ахвотнік, дык вось ідзі ды прынясі мне віна, якое п’е сам кароль.

Пакрочыў леў па вуліцах, і людзі ад яго ўцякалі; а калі падышоў ён да варты, тая хацела яму перагарадзіць дарогу, але леў так зароў, што ўсе ад яго адскочылі.

Падышоў леў да пакоя каралеўны і пастукаў хвастом у дзверы. Выйшла адтуль каралеўна, яна была спалохалася льва, але, пазнаўшы яго па залатым замочку ад сваіх караляў, загадала яму ісці за ею ў пакой ды спыталася:

– Любы леў, ты чаго хочаш?

Ён адказаў:

– Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут; ён даручыў мне папрасіць віна, якое п’е сам кароль.

Паклікала каралеўна віначэрпа, і ён павінен быў даць ільву віна, якое п’е сам кароль. Сказаў леў:

– Я хачу пайсці з віначэрпам разам ды паглядзець, каб ён даў мне сапраўднага.

Спусціўся леў разам з віначэрпам у вінны склеп. Прыйшлі яны туды, і наважыўся віначэрп нацэдзіць яму простага віна, якое п’юць служкі, але леў сказаў:

– Пачакай! Спярша я віно пакаштую, – нацэдзіў сабе паўконаўкі і выпіў яго нагбом. – Не, – сказаў ён, – гэта віно не тое.

Зірнуў на яго віначэрп скосу, але пайшоў і хацеў нацэдзіць яму віна з другой бочкі, што была для каралеўскага маршала. Але леў сказаў:

– Пачакай! Спярша я віно пакаштую, – нацэдзіў сабе паўконаўкі ды выпіў яго. – Гэтае будзе крыху лепей, але ўсё ж такі і гэтае не тое.

Раззлаваўся тады віначэрп ды сказаў:

– Ці можа такі дурны звер у віне разбірацца?

Але леў даў яму ў вуха, – той так і пакаціўся на зямлю; і калі падняўся на ногі, ён павёў ільва, ні слова не кажучы, у асобны невялікі склеп, дзе стаяла каралеўскае віно, якое не давалі піць анікому з людзей. Нацэдзіў леў спярша сабе паўконаўкі, пакаштаваў віна ды кажа:

– Гэта, бадай што, сапраўднае, – і загадаў віначэрпу наліць яго шэсць пляшак.

Потым падняліся яны наверх. Выйшаў леў са склепа пахістваючыся, быў ён трошкі пад хмелем, і павінен быў віначэрп аднесці яму віно да самых дзвярэй карчмы; тут узяў леў кошык у пашчу ды прынёс яго свайму ўладару.

Сказаў паляўнічы:

– Бачыш, гаспадар, цяпер ёсць у мяне хлеб, і мяса, і гародніна, і салодкае, і віно – усё, што есць ды п’е сам кароль; а зараз я са сваімі звярмі папалудную.

Ён сеў, пачаў есці ды піць і даў таксама паесці ды папіць зайцу, лісіцы, ваўку, мядзведзю ды льву; быў ён вясёлы, – ён ведаў, што каралеўна па-сапраўднаму кахае яго. Вось папалуднаваў ён ды кажа:

– Ну, гаспадар, я паеў ды папіў па-каралеўску, а зараз пайду ў каралеўскі замак ды ажанюся з каралеўнай.

А гаспадар пытаецца:

– Як жа гэта можа здарыцца, калі яна мае жаніха і сёння будуць ладзіць вяселле?

Выцягнуў тады паляўнічы насовачку, што дала яму каралеўна на Драконавай гары, а ў ім былі завязаныя сем языкоў страшыдла, ды сказаў:

– Мне гэтыя знакі доказу дапамогуць.

Агледзеў гаспадар насоўку ды кажа:

– Калі я ўсяму і паверыў, дык ужо гэтаму нізавошта веры не дам і стаўлю ў заклад сваю карчму разам з дваром.

Дастаў паляўнічы кашалёк з тысячаю чырвонцаў, паклаў яго на стол ды кажа:

– А я стаўлю тысячу чырвонцаў.

Пачаў кароль пытацца ў сваёй дачкі падчас балявання:

– А чаго хацелі ўсе гэтыя дзікія звяры, што прыходзілі ў мой замак ды зноў пайшлі?

– Я гэтага сказаць не смею, – адказала яна, – а вы паклічце гаспадара гэтых звяроў, ён вам ўсё і раскажа.

Паслаў кароль свайго служку ў карчму ды загадаў яму запрасіць да сябе незнаёмца; слуга з’явіўся туды якраз у той час, калі паляўнічы біўся аб заклад з гаспадаром карчмы. І сказаў паляўнічы:

– Вось бачыце, гаспадар, а кароль прыслаў жа свайго служку ды запрашае мяне з’явіцца, але я так проста не пайду. – І ён звярнуўся да каралеўскага служкі: – Перадайце маю просьбу каралю, каб прыслаў ён мне каралеўскае адзенне, карэту, запрэжаную шасцярыком, ды служак, якія мяне суправаджалі б.

Пачуў гэта кароль ды кажа да сваёй дачкі:

– Што мне рабіць?

– Загадайце яго прывезці, як ён гэтага патрабуе, – сказала яна, – і вы зробіце правільна.

Паслаў тады кароль яму каралеўскае адзенне, карэту, запрэжаную шасцерыком коней, ды служак, якія яго суправаджалі б.

Убачыў паляўнічы, што па яго прыехалі, ды кажа:

– Вось бачыце, гаспадар, а зараз мяне адвязуць, як я і патрабаваў, – і ён адзеўся ў каралеўскае адзенне, узяў насовачку з драконавымі языкамі ды падаўся да караля.

Убачыў кароль, што той прыехаў, ды кажа да сваёй дачкі:

– Як мне належыць прыняць яго?

– Вы павінны выйсці яму насустрач, – сказала яна, – і вы зробіце правільна.

Вось выйшаў яму насустрач кароль, павёў яго ў замак, а следам за ім ішлі ўсе ягоныя звяры. Кароль запрасіў яго сесці побач з сабою ды каралеўнай, – а маршал сядзеў з другога боку ад яго як жаніх, але паляўнічага ён цяпер не пазнаў.

І вось якраз прынеслі ў гэты час сем галоў дракона, каб госці на іх паглядзелі, і сказаў кароль:

– Гэтыя сем галоў адсек у дракона маршал, таму я выдаю дачку сваю сёння за яго замуж.

Тады ўзняўся з-за стала паляўнічы, раскрыў сем драконавых пашчаў ды спытаўся:

– А дзе ж сем языкоў дракона?

Спалохаўся маршал, збялеў і не ведаў, што адказаць; нарэшце ён прамовіў, калоцячыся:

– У драконаў языкоў не бывае!

– Так, іх не варта мець хлусам, але драконавыя языкі – гэта знак доказу пераможцы!

Паляўнічы развязаў сваю насоўку, дзе ляжалі сем языкоў, ды прыклаў кожны з іх да пашчы дракона, – і языкі якраз падышлі да кожнай з іх. Потым ён дастаў насовачку, на якой было вышытае імя каралеўны, паказаў яе нявесце ды спытаўся, каму яна падаравала яе. Яна адказала:

– Таму, хто забіў дракона.

Тады ён паклікаў сваіх звяроў, зняў у кожнага з іх каралі, а з ільва залаты замочак, паказаў іх нявесце ды спытаўся, каму яны належаць.

– Каралі з залатым замочкам, – адказала яна, – былі мае, я падзяліла іх паміж звяроў за тое, што яны дапамаглі адолець дракона.

І сказаў паляўнічы:

– Калі я ляжаў на полі бою стомлены ды заснуў, дык з’явіўся маршал і адцяў мне галаву. Потым ён аднёс каралеўну ды абвясціў, быццам бы гэта ён забіў дракона; а тое, што ён схлусіў, я даказваю драконавымі языкамі, вось гэтай насовачкай ды каралямі.

І ён распавёў, як выратавалі яго звяры з дапамогай чарадзейнага кораня, як цэлы год ён блукаў разам з імі па свеце, а цяпер зноў вярнуўся сюды і даведаўсяд пра падман маршала ад гаспадара карчмы.

Тады спытаўся кароль у сваёй дачкі:

– Ці праўда, што гэты чалавек забіў дракона?

Яна адказала:

– Так, гэта праўда. Цяпер я магу адкрыць злачынствы маршала, бо ўсё высветлілася без майго ўдзелу; ён узяў з мяне абяцанне маўчаць. Вось чаму я прасіла святкаваць вяселле не раней як праз год ды адзін дзень.

Тады кароль загадаў паклікаць дванаццаць дарадцаў, каб яны вынеслі маршалу прысуд; яны прысудзілі, што ён павінен быць разадраны чатырма быкамі. Маршала пакаралі смерцю, а кароль аддаў дачку сваю замуж за паляўнічага і прызначыў яму ў спадчыну ўсё каралеўства. Вяселле адсвяткавалі ў вялікай радасці, і малады кароль загадаў паклікаць свайго роднага бацьку ды прыёмнага і ўзнагародзіў іх вялікімі скарбамі. Не забыў ён і пра гаспадара карчмы, – ён паклікаў яго ды сказаў:

– Вось бачыце, гаспадар, я з каралеўнаю ажаніўся, і вашая карчма з дваром, значыцца, цяпер мае.

Сказаў гаспадар:

– Так, яны цяпер вашыя па праву.

Але малады кароль сказаў:

– З ласкі маёй няхай карчму і двор гаспадар пакіне сабе, і дарую я яму яшчэ тысячу чырвонцаў у прыдачу.

І былі малады кароль і маладая каралева вясёлыя і задаволеныя і зажылі ў шчасці разам. Ён часта выязджаў на паляванне, гэта было для яго вялікай радасцю, і верныя звяры заўсёды яго суправаджалі.

Паблізу знаходзіўся лес, пра яго казалі, што там нячыстая сіла вядзецца, і хто ў яго трапляў упершыню, таму было цяжка выбрацца назад. Але маладому каралю дужа захацелася ў тым лесе папаляваць, і ён не даваў старому каралю спакою, пакуль той, нарэшце, гэта яму дазволіў.

Вось выехаў малады кароль з вялікаю світай і, заязджаючы ў лес, заўважыў беласнежную самку аленя ды сказаў сваім людзям:

– Вы пачакайце тут, пакуль я вярнуся назад, я хачу ўпаляваць цудоўнага звера, – і ён паскакаў следам за ёю ў самую гушчэчу лесу, а за ім пайшлі толькі ягоныя звяры.

Людзі прачакалі яго да самага вечара, але ён назад не вярнуўся. Тады яны паехалі дадому ды сказалі маладой каралеве:

– Кароль пагнаўся ў зачараваным лесе за белаю самкай аленя і назад не вярнуўся.

І каралева дужа па ім непакоілася. А ён усё скакаў і скакаў за цудоўным зверам і ніяк не мог яго дагнаць; часам здавалася яму, што трэба ўжо страляць, але звер імгненна ўцякаў далёка-далёка, і нарэшце знік зусім з вачэй. Тут ён заўважыў, што заехаў у самыя нетры лясныя; узяў свой рог ды пачаў трубіць; але адказу не было, людзі не маглі яго пачуць. А ўжо надышла ноч, і ён зразумеў, што сёння яму дамоў не вярнуцца.

Ён злез з каня, распаліў каля дрэва вогнішча і вырашыў там заначаваць. Калі ён сядзеў ля вогнішча, а ягоныя звяры ляжалі з ім побач, яму здалося, быццам пачуўся чалавечы голас: ён агледзеўся, але нічога не ўбачыў. Неўзабаве ён зноў пачуў, быццам уверсе нехта стогне; ён зірнуў угору, бачыць – сядзіць на дрэве нейкая бабуля і ўсё галосіць:

– Вух, вух, вух, як мне холадна!

Ён сказаў:

– Злазь ды пагрэйся, калі табе холадна.

Але яна адказала:

– Не, твае звяры мяне ўкусяць.

Ён сказаў:

– Бабуля, яны не крануць цябе, злазь уніз.

Але гэта была вядзьмарка, яна сказала:

– Я скіну табе з дрэва дубчык; калі дубчыкам гэтым ты ўдарыш звяроў па спіне, тады яны мне ніякай шкоды не зробяць, – і яна скінула яму маленькі дубчык.

Ён хвастануў тым дубчыкам звяроў, тыя адразу ж ціха ўлегліся – і раптам скамянелі. Цяпер вядзьмарцы звяроў не трэба было баяцца, яна саскочыла ўніз і дакранулася дубчыкам да караля і ператварыла яго ў камень. Потым яна засмяялася ды пацягнула яго і звяроў у яму, дзе ляжала шмат ужо такіх камянёў.

Не вярнуўся малады кароль дадому, і непакой ды страх у каралевы ўсё раслі і раслі. А здарылася, што якраз у гэты час прыйшоў у каралеўства другі брат – той, што пры растанні пайшоў вандраваць на ўсход. Ён шукаў працы, ды не мог яе нідзе знайсці. Ён стаў тады блукаць па розных мясцінах ды прымушаў сваіх звяроў скакаць перад людзьмі.

І вось прыйшло яму ў галаву пайсці паглядзець на нож, які ўторкнулі яны пры расстанні ў ствол дрэва, каб даведацца, што з ягоным братам. Прыйшоў ён туды, аж бачыць, што адзін бок напалову ўжо заіржавеў, а напалову застаўся бліскучы. Ён спалохаўся ды падумаў: «З маім братам, відаць, здарылася вялікае няшчасце, але я, магчыма, выратую яго: палова ж нажа засталася бліскучай».

І ён рушыў з усімі звярмі на захад. Калі ён падышоў да гарадской брамы, выйшла яму насустрач варта ды спыталася, ці далажыць аб ім ягонай жонцы, маладая каралева ўжо некалькі дзён, маўляў, у вялікай трывозе з прычыны ягонай адсутнасці і баіцца, што ён загінуў у зачараваным лесе. Варта прыняла яго за маладога караля, бо ён вельмі да таго быў падобны, і за ім гэтак жа ішлі следам дзікія звяры. Ён зразумеў, што гаворка ідзе пра ягонага брата, ды падумаў: «Самае лепшае, гэта выдаць сябе за яго; тым лягчэй, бадай што, я змагу яго выратаваць». І ён загадаў варце праводзіць яго ў замак, дзе быў прыняты з вялікай радасцю. Маладая каралева падумала, што гэта яе муж, ды спыталася, чаму ён так доўга не вяртаўся. Ён адказаў:

– Я заблукаў у лесе і выбрацца адтуль раней аніяк не мог.

Увечары яго праводзілі ў каралеўскую спальню, але ён паклаў на ложку паміж сабой і маладою каралевай навостраны меч. Яна не ведала, што гэта значыць, але спытацца ў яго пра тое не рашылася.

Ён прабыў там некалькі дзён і за гэты час паспеў даведацца ўсё пра зачараваны лес, ды сказаў нарэшце:

– Я хачу яшчэ раз у ім папаляваць.

Кароль і маладая каралева пачалі яго адгаворваць, але ён стаяў на сваім і выехаў у лес з вялікаю світай. Вось трапіў ён у той лес, і здарылася з ім тое самае, што і з ягоным братам; ён убачыў белую самку аленя ды сказаў сваім людзям:

– Вы тут заставайцеся і мяне пачакайце, пакуль я вярнуся, я хачу ўпаляваць цудоўнага звера.

І ён паскакаў у лес. А следам за ім імчаліся ягоныя звяры. Але ён не мог дагнаць самку аленя і трапіў у такія нетры лясныя, што давялося яму там заначаваць. Ён распаліў вогнішча і пачуў, што нехта ўверсе на дрэве стогне:

– Вух, вух, вух, як мне холадна!

Ён глянуў угору, аж бачыць – сядзіць на вершаліне бабуля: гэта была тая самая вядзьмарка. Ён сказаў:

– Калі табе, бабуля, холадна, злазь уніз ды пагрэйся.

Яна адказала:

– Не, твае звяры мяне ўкусяць.

А ён кажа:

– Яны не крануць цябе.

Тады яна крыкнула:

– Я скіну табе дубчык, ты ўдар іх тым дубчыкам і яны тады не крануць мяне.

Пачуў гэта паляўнічы, але бабульцы не паверыў ды кажа:

– Сваіх звяроў я лупцаваць не стану, злазь уніз, бо інакш я цябе сам сцягну.

– Бач чаго захацеў! Усё адно ты са мной не ўправішся!

Але ён адказаў:

– Сама не пойдзеш, дык дастану цябе куляй.

А яна кажа:

– Страляй, я тваіх куляў не баюся.

Прыклаў ён да пляча стрэльбу, стрэліў у яе, але вядзьмарка была супроць свінцовых куляў зачараваная і крыкнула:

– Табе ў мяне не патрапіць!

Тут паляўнічы сцяміў, сарваў са сваёй курткі тры срэбныя гузікі ды зарадзіў імі стрэльбу, бо супроць іх яе вядзьмарства сілы не мела. Калі ён стрэліў, яна адразу ж паляцела з енкам уніз. Ён наступіў на яе нагой ды кажа:

– Старая вядзьмарка, калі ты зараз жа не прызнаешся, дзе мой брат, я схаплю цябе ды кіну ў вогнішча.

Дужа спалохалася вядзьмарка, пачала прасіць літасці ды кажа:

– Ён ляжыць са сваімі звярмі ператвораны ў камень, у яміне.

Тады ён прымусіў яе пайсці з ім разам, прыгразіў ёй ды сказаў:

– Цяпер ты, старая малпа, вернеш жыццё майму брату і ўсім, хто ляжыць з ім разам, а інакш трапіш у вогнішча.

Узяла вядзьмарка дубчык, дакранулася да камянёў – і адразу ж ажылі брат са звярмі ды шмат іншых людзей, купцоў, рамеснікаў, пастухоў. Яны пачалі дзякаваць яму за сваё вызваленне і падаліся потым па дамах. А браты-блізняты, убачыўшы адзін аднаго, пачалі цалавацца, і вялікая была ў іх радасць на сэрцы. Схапілі яны потым вядзьмарку, звязалі яе ды кінулі ў вогнішча; і толькі яна згарэла, ачысціўся лес сам сабою, стаў светлы ды такі празрысты, што можна было бачыць каралеўскі замак за тры гадзіны ходу адтуль.

Накіраваліся два браты дадому, і па дарозе распавялі кожны адзін аднаму пра свой лёс. Калі малодшы брат расказваў, што ён спадчыннік усяго каралеўства, старэйшы кажа яму:

– Гэта я адразу зразумеў: калі я прыйшоў у горад, мяне прынялі за цябе і пачалі ўшаноўваць мяне па-каралеўску, маладая каралева прыняла мяне за свайго мужа і давялося мне сядзець за сталом з ёю побач ды спаць з ёю разам на тваім ложку.

Як пачуў гэта малодшы брат, так зараўнаваў ды ўгнявіўся, што выхапіў меч і адсек брату галаву. Але калі ён убачыў, што той ляжыць мёртвы ды цячэ яго чырвоная кроў, ён моцна аб гэтым пашкадаваў.

– Мой брат вызваліў мяне ад чарадзейства, – усклікнуў ён, – а я яго за гэта забіў! – І ён горка заплакаў.

Але да яго падышоў заяц і прапанаваў прынесці корань жыцця; ён паскакаў ды прынёс яго якраз своечасова. Мёртвы ажыў і нават раны сваёй не заўважыў.

Потым яны падаліся далей, і сказаў малодшы брат:

– Ты выглядаеш гэтак жа, як я, на табе гэткія каралеўскія ўборы, і ўслед за табой, гэтак жа як і за мной, ідуць звяры. Давай увойдзем у розныя брамы ды з’явімся да старога караля адначасова.

Яны рассталіся, і вось да старога караля прыйшла ў адзін і той жа час варта абедзвюх брамаў і далажыла, што малады кароль, маўляў, вярнуўся са сваімі звярмі з палявання.

Сказаў тады кароль:

– Гэтага быць не можа, бо ад адной брамы да другой ходу будзе не меней за гадзіну.

Але ў гэты самы час з двух розных бакоў прыбылі на каралеўскі двор два браты ды ўвайшлі ў замак. Спытаўся тады кароль у сваёй дачкі:

– Скажы, які ж з двух твой муж? Яны абодва падобныя адзін да аднаго, – я гэтага зразумець аніяк не магу.

Але яна так спалохалася, што не магла нічога растлумачыць. Раптам яна заўважыла каралі, якія раздала звярам, і ўбачыла на адным з ільвоў свой залаты замочак і з радасці выгукнула:

– Той, за кім ідзе гэты леў, і ёсць мой сапраўдны муж!

Засмяяўся малады кароль ды сказаў:

– Так, і сапраўды я сапраўдны.

І яны паселі разам усе за стол, пачалі есці ды піць і былі радасныя ды вясёлыя.

Увечары, калі малады кароль клаўся ў ложак, спыталася ў яго жонка:

– Ты навошта ў мінулыя ночы клаў заўсёды ў наш ложак навостраны меч? Я думала, што ты хацеў мяне забіць.

І даведаўся ён тады, які адданы быў яму брат.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
НумарKHM 60
ПеракладыEN, ZH, ES, RU, CZ, PT, JA, DE, VI, IT, PL, NL, HU, DA, SE, BG
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана42,7
Колькасць знакаў39.845
Колькасць літар31.346
Колькасць сказаў374
Колькасць слоў6.638
Сярэдняя колькасць слоў у сказе17,75
Словы даўжэй за 6 літар1.659
Працэнт доўгіх слоў25,0%
Type-Token Ratio (TTR)0,290
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,864
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)141,9
Hapax Legomena1.163
Average word length4,73
Median sentence length17,0
90th percentile sentence length29,0
Direct speech share1,3%
Sentence complexity2,58
Connectors0
Referential cohesion0,034
Character/name candidatesГэта (5), Што (5), Любы (5), Мой (5), Калі (4), Чаму (4), Кладзіся (4), Цяпер (3), Драконавай (3), Вось (3)
Character co-occurrence networkГэта - Калі (1)
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch