Час чытання: 2 хв
Жыла калісьці жанчына, і была яна сапраўднай ведзьмай. Было ў яе дзве дачкі; адна з іх нязграбная і злая, і жанчына любіла яе таму, што яна даводзілася ёй роднай дачкой; а другая – добрая і прыгожая, і жанчына яе ненавідзела таму, што тая была яе падчарыцай.
Аднойчы надзела падчарыца прыгожы фартух, ён спадабаўся другой дачцэ, і тая пачала зайздросціць зводнай сястры і сказала маці, што хоча – чаго б ні каштавала – атрымаць гэты фартух.
– Супакойся, маё дзіцятка, – сказала старая, – ты яго атрымаеш. Тваю зводную сястру даўно пара забіць; сёння ўночы, якраз, як яна засне, я прыду і адсяку ёй галаву. Толькі глядзі, каб ты сама легла ў ложак бліжэй да сцяны, а яе падсунь на самы край.
І давялося б беднай дзяўчыне загінуць, але менавіта ў гэты час яна стаяла ў кутку і ўсё чула. Дзяўчыну ўвесь дзень з дому не выпускалі, а калі надышоў час класціся спаць, ёй загадалі класціся першай. Калі сястра заснула, дзяўчына асцярожна пасунула яе на край ложка, а сама легла каля сцяны, на яе месца.
Падкралася ўночы старая, і быў у яе правай руцэ тапор, а левай яна спачатку памацала, ці ляжыць хто на краю ложка; потым яна моцна сціснула тапор рукамі і адсекла галаву сваёй роднай дачцэ.
Калі старая пайшла, дзяўчына ўстала і накіравалася да свайго любага, звалі яго Раландам, і пастукала ў яго дзверы. Выйшаў ён, а яна яму гаворыць:
– Паслухай, мілы Раланд, нам трэба хутчэй адсюль бегчы. Мачыха хацела мяне забіць, а замест мяне забіла ўласную дачку. Развіднее, яна ўбачыць, што нарабіла, і тады мы прапалі.
– Спачатку я раю табе, – сказаў Раланд, забраць у яе чарадзейную палачку, бо мы не выратуемся, калі яна кінецца нас даганяць.
Забрала дзяўчына чарадзейную палачку, потым узяла мёртвую галаву і капнула на падлогу тры кроплі крыві: адну каля ложка, другую на кухні, а трэцюю – на лесвіцы. А потым знікла са сваім любым.
Раніцою прачнулася старая ведзьма, паклікала сваю дачку, каб аддаць ёй фартух, але тая не з’явілася. Тады яна крыкнула:
– Дзе ты?
– Ды я тут, на лесвіцы, падмятаю, – адказала кропля крыві.
Выйшла старая, але на лесвіцы нікога не ўбачыла, і тады яна крыкнула яшчэ раз:
– Дзе ты?
– Ды я тут, грэюся на кухні, – адгукнулася другая кропля крыві.
Пайшла ведзьма на кухню, але і там нікога не ўбачыла. Крыкнула яна яшчэ раз:
– Дзе ты?
– Ой, ды я тут, на ложку, сплю! – адгукнулася трэцяя кропля крыві.
Увайшла старая ў пакой, наблізілася да ложка. І што ж яна ўбачыла? Сваё роднае дзіця, якое плавала ў крыві і якому сама ж галаву адсекла.
Раз’юшаная ведзьма падскочыла да акна, і паколькі бачыць магла яна далёка-далёка, то адразу заўважыла сваю падчарыцу, якая бегла са сваім мілым Раландам.
– Нічога ў вас не атрымаецца, – крыкнула ведзьма. – Як бы вы далёка не адбеглі, уцекчы ад мяне вам не ўдасца.
Сунула яна ногі ў свае сямімільныя боты, у якіх што ні крок – аж на гадзіну наперад апынешся, і ў хуткім часе нагнала абодвух. Як толькі заўважыла дзяўчына, што старая ўжо блізка, ператварыла яна з дапамогай чарадзейнай палачкі свайго любага Раланда ў возера, а сама ператварылася ў качку і паплыла на сярэдзіну гэтага возера. Спынілася ведзьма на беразе, пачала кідаць у ваду хлебныя крошкі, каб як-небудзь падманіць да сябе качку. Ды качка не паквапілася на падманку, і давялося старой вяртацца ўвечары ні з чым дамоў.
Тым часам дзяўчына прыняла разам з Раландам свой ранейшы выгляд, і пайшлі яны далей, і ішлі ўсю ноч, пакуль не развіднела. Потым ператварылася дзяўчына цудоўнай кветкай, якая раптам вырасла ў цярноўніку, а свайго Раланда ператварыла яна ў скрыпача.
Неўзабаве з’явілася ведзьма і кажа скрыпачу:
– Мілы музыка, ці можна сарваць мне гэтую прыгожую кветку.
– Ну, зразумела, можна, – адказаў ён. – А я яшчэ табе і сыграю.
Як толькі ведзьма залезла ў зараснік калючага цярноўніка і наважылася сарваць кветку, – яна вельмі добра ведала, хто быў гэтай кветкай, – музыка пачаў іграць, і ведзьме супроць свайго жадання давялося скакаць, бо танец быў чарадзейны. І чым хутчэй іграў музыка, тым усё вышэй падскоквала ў танцы старая.
Калючкі ўжо ўсю вопратку падралі на ведзьме, да крыві пакалолі яе, а музыка ўсё іграў і іграў; і скакала ведзьма да таго часу, пакуль мёртвая не звалілася на зямлю.
Вось так яны нарэшце выратаваліся, і сказаў Раланд:
– А цяпер я пайду да свайго бацькі і папрашу, каб ён наладзіў нам вяселле.
– Ну а я застануся тут, – сказала дзяўчына, – буду цябе чакаць. А каб мяне ніхто не пазнаў, ператваруся ў прыдарожны слуп з чырвонага каменя.
Раланд знік, а дзяўчына стаяла чырвоным слупом каля дарогі і чакала свайго любага. Тым часам Раланд вярнуўся дамоў, але яго прывабіла другая дзяўчына, і ён забыў пра сваю любую.
Доўга-доўга стаяла бедная дзяўчына ў полі, і калі Раланд так і не вярнуўся да яе, яна засумавала, ператварылася ў кветку і падумала: «Няхай хто-небудзь наступіць на мяне і растопча…»
Але здарылася так, што на тым прыдарожным полі пасвіў сваіх авечак пастух. Ён заўважыў кветку, бо яна была вельмі прыгожая, сарваў яе, прынёс дамоў і схаваў сабе ў сундучок. І з таго часу пайшлі ў доме пастуха цудадзейныя справы. Устане ён раніцою, зірне, а ўся работа ўжо зроблена: пакой падмецены, стол і лаўкі чыстыя, у печы агонь гарыць, поўнае вядро вады стаіць. А як вернецца дамоў апоўдні – і стол ужо накрыты, і посуд з рознай ежай на ім.
І ніяк не можа пастух зразумець, як гэта ўсё само сабой робіцца – у сябе ж дома ён ніколі нікога чужога не заўважаў, ды і хто б мог у маленькай хатцы схавацца? Усё гэта яму пэўна падабалася, але ж было і страшна; і тады ён накіраваўся да адной мудрай жанчыны за парадай.
Жанчына сказала:
– Тут нейкае чараўніцтва, мабыць. Ты як-небудзь на досвітку прыслухайся, ці не рухаецца што-небудзь па хаце, а калі што заўважыш – накінь хуценька на тое самае хустку. Вось і зловіш…
Пастух так і зрабіў, як сказала яму жанчына, і на другую раніцу, толькі-толькі пачало віднець, ён убачыў: сундучок адчыніўся і з яго выйшла кветачка. Умомант падскочыў да яе пастух і накінуў белую хустку. Здарылася неверагоднае: у тую ж хвіліну перад ім вырасла цудоўная дзяўчына.
Яна расказала пастуху ўсё: пра тое, што была яна кветкай і ўвесь гэты час клапацілася аб яго гаспадарцы, расказала і пра свой лёс. Дзяўчына вельмі спадабалася пастуху, і ён папрасіў яе выйсці за яго замуж. Але яна адказала:
– Не, я хачу застацца вернай свайму любаму, Раланду, хоць ён мяне і пакінуў.
Але яна абяцала пастуха не пакідаць і весці па-ранейшаму яго гаспадарку.
А якраз надышоў час вяселля Раланда. І былі па вясковай старой традыцыі запрошаны на вяселле ўсе навакольныя дзяўчаты пець у гонар жаніха і нявесты песні.
Пачула аб гэтым адданая любаму дзяўчына і так засумавала, што вось-вось сэрца разарвецца ад гора, і яна не пажадала ісці на вяселле. Але за ёю ўсё ж прыйшлі дзяўчаты і ўзялі яе з сабой.
Вось надышла яе чарга пець песню, але яна запела толькі тады, калі засталася адна, без дзяўчат. Інакш яна не магла. Як толькі пачуў яе песню Раланд, ускочыў са свайго месца і ўсклікнуў:
– Мне гэты голас знаёмы! Вось яна, мая сапраўдная нявеста, ніякай іншай я не жадаю!
І ўсё, што ён паспеў забыць, раптам зноў ажыло, вярнулася зноў у сэрца, як у родны дом.
І адсвяткавала тады адданая дзяўчына вяселле са сваім любым Раландам, зніклі яе пакуты, прыйшоў час радасці і весялосці.

Інфармацыя для навуковага аналізу
Паказчык | Значэнне |
|---|---|
| Нумар | KHM 56 |
| Пераклады | EN, ZH, ES, RU, CZ, PT, JA, DE, KO, VI, TR, IT, PL, NL, DA, SE |
| Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана | 41,2 |
| Колькасць знакаў | 7.157 |
| Колькасць літар | 5.642 |
| Колькасць сказаў | 77 |
| Колькасць слоў | 1.182 |
| Сярэдняя колькасць слоў у сказе | 15,35 |
| Словы даўжэй за 6 літар | 306 |
| Працэнт доўгіх слоў | 25,9% |
| Type-Token Ratio (TTR) | 0,500 |
| Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR) | 0,864 |
| Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD) | 161,0 |
| Hapax Legomena | 418 |
| Average word length | 4,78 |
| Median sentence length | 15,0 |
| 90th percentile sentence length | 25,8 |
| Direct speech share | 0,7% |
| Sentence complexity | 2,09 |
| Connectors | 0 |
| Referential cohesion | 0,017 |
| Character/name candidates | Раланд (6), Раландам (4), Дзе (3), Раланда (3) |
| Character co-occurrence network | none |
| Motif/tag candidates | Браты Грым |


