Падзяліцца
Мужычок
Мужычок Märchen

Мужычок - Казка братоў Грым

Час чытання: 2 хв

Была адна вёска, дзе жылі спрэс адны сяляне-багацеі; і быў адзін толькі сярод іх бядняк, звалі яго Мужычком. Не было ў яго ніколі каровы, ды і грошай, каб яе купіць, таксама не было; а яму і жонцы яго надта ж хацелася мець яе! Вось і кажа ён аднойчы:

– Паслухай, жонка, мне прыйшла ў галаву добрая думка: кум жа наш цясляр, хай зробіць ён нам з дрэва цялушачку ды пафарбуе яе бураю фарбаю, каб была яна падобнай да цялят; з часам яна падрасце, вось і будзе ў нас карова.

Жонцы яго гэта таксама спадабалася. І змайстраваў ім кум-цясляр цялушачку, і выстругаў яе, як след; фарбаю пафарбаваў як і патрабавалася, ды зрабіў яшчэ так, што і галаву яна нахіляла, быццам пасвіцца.

Вось на другую раніцу пагналі кароў у поле, а Мужычок паклікаў да сябе пастуха і кажа:

– Бачыш, ёсць цяпер у мяне цялушачка, ды яна яшчэ малая, яе трэба несці на руках.

Сказаў пастух:

– Што ж, добра, – узяў ён яе на рукі, вынес на пашу і паставіў на травіцу.

Цялушачка ўсё стаіць, быццам траву скубе, а пастух і гаворыць: «Хутка яна стане сама бегаць; глядзі, яна ўжо і есці ўмее».

Вечарам сабраўся ён гнаць статак дамоў і кажа цялушцы:

– Калі можаш стаяць і ўжо ўмееш есці як след, дык павінна сама і хадзіць, – не стану я цягнуць цябе дамоў на руках.

А Мужычок стаіць ля варот, чакае сваю цялушачку. Вось гоніць пастух кароў па вёсцы, а цялушачкі і няма. Пытаецца Мужычок пра яе ў пастуха. А пастух адказвае:

– Яна на лузе ўсё пасвіцца ды пасвіцца, ніяк ісці не хоча.

Тады Мужычок кажа:

– Як жа гэта так, ты павінен быў скаціну да мяне прыгнаць.

І вярнуліся яны разам з пастухом на луг; але нехта цялушачку, відаць, украў, яны там яе не знайшлі. Вось пастух і гаворыць:

– Яна некуды забегла.

А Мужычок яму ў адказ:

– Як бы не так! – і павёў пастуха да старасты; а той і прысудзіў, што павінен пастух за сваё нядбанне даць Мужычку заместа цялушачкі, якая прапала, карову.

Вось і атрымаў Мужычок са сваёю жонкаю карову, якую ім так даўно хацелася мець. Яны вельмі ўзрадаваліся, але корму ж у іх не было і карову ім не было чым карміць, і вось давялося яе зарэзаць. Мяса яны засалілі, і Мужычок пайшоў у горад, каб прадаць там шкуру, а на ўтаргаваныя грошы купіць сабе новую цялушачку. Праходзіў ён міма млына; бачыць – сядзіць там крумкач са зламаным крылом. Пашкадаваў ён яго, узяў і загарнуў яго ў шкуру. Але надвор’е стала дрэнным, узняўся вецер, і дождж пачаў ліць, што з вядра, – далей ісці было цяжка.

Ён вярнуўся на млын і папрасіў даць яму прытулак. Млынарыха была дома адна і гаворыць Мужычку:

– Што ж, кладзіся на салому, – і дала яму кавалак хлеба з сырам.

Мужычок паеў і лёг спаць, а шкуру паклаў каля сябе. Жанчына падумала: «Ён стаміўся і, напэўна, ужо спіць». А тут прыходзіць у госці поп. Млынарыха сустрэла яго ласкава і кажа:

– Мужа майго зараз дома няма, давай разам перакусім.

Мужычок стаў прыслухоўвацца, і, калі гаворка зайшла аб пачастунку, ён пакрыўдаваў, што давялося яму здавольвацца адным толькі хлебам ды сырам. А млынарыха прынесла ежу і наставіла ўсякай усячыны – і варанага, і смажанага, салату, пірагі і віно.

Толькі яны селі за стол і пачалі есці, як нехта пагрукаўся ў дзверы. Млынарыха гаворыць:

– Ах, Божа мой, гэта, відаць, мой муж.

Хуценька сунула яна смажаніну ў печку, віно – пад падушку, салату – на ложак, пірагі – пад ложак, а папа ў шафу схавала, што ў сенцах стаяла. Затым адчыніла яна дзверы мужу і кажа:

– Дзякуй Богу, што ты вярнуўся! Вось ужо надвор’е, быццам канец свету настаў!

Пабачыў млынар Мужычка на саломе і пытаецца:

– А гэтаму чаго тут трэба?

– Ах, – адказала жонка, – ды вось небарака трапіў у буру і дождж, ну і папрасіўся пераначаваць. Дала я яму кавалак хлеба з сырам і дазволіла легчы на саломе.

Муж гаворыць:

– Няхай сабе спіць, толькі дай жа ты мне чаго-небудзь паесці.

А жонка кажа:

– Няма ў мяне нічога, акрамя хлеба ды сыру.

– Я і тым буду задаволены, – адказаў муж, – давай, хаця б, хлеба з сырам.

Зірнуў ён на Мужычка і кажа:

– Гэй ты, ідзі ды паеш з намі яшчэ раз!

Мужычок не прымусіў сябе доўга прасіць, падняўся і стаў есці. Пабачыў млынар, што ляжыць на зямлі каровіна шкура і ў яе крумкач загорнуты, вось ён і пытаецца:

– Што гэта ў цябе там такое?

А Мужычок і гаворыць:

– Ды там у мяне прадказальнік схаваны.

– Можа, ён і мне што-небудзь прадкажа? – запытаўся млынар.

– Магчыма, – адказаў яму Мужычок, – але ён прадказвае толькі чатыры разы, а на пяты ўсё ў сабе хавае.

Млынара гэта зацікавіла, і ён пачаў прасіць:

– Дык загадай ты яму што-небудзь прадказаць.

Прыціснуў Мужычок крумкачову галаву, той адразу і крыкнуў і закаркаў: «кар-кар». Млынар спытаў:

– Ну, што ён сказаў?

Мужычок адказаў:

– Па-першае, сказаў ён, што віно схавана пад падушкаю.

– Гэта было б нядрэнна! – ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды і знайшоў віно.

– Ну, кажы далей! – сказаў млынар.

Мужычок прымусіў крумкача зноў закаркаць і сказаць.

– Па-другое, ён гаворыць, што смажаніна стаіць у печцы.

– Гэта было б дарэчы! – ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды і знайшоў смажаніну.

Мужычок прымусіў крумкача яшчэ прадказваць і абвясціў:

– Па-трэцяе, ён гаворыць, што салата ляжыць на ложку.

– Гэта таксама было б нядрэнна! – ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды і знайшоў салату.

Яшчэ раз прыціснуў Мужычок крумкача, ды так, што той запішчэў і закаркаў. І абвясціў Мужычок:

– А па-чацвёртае, сказаў ён, што пірагі ляжаць пад ложкам.

– Гэта было б някепска! – ускрыкнуў млынар, палез пад ложак і знайшоў там пірагі.

Селі яны абодва за стол, а млынарыха да смерці перапалохалася, легла ў ложак і ўсе ключы пахавала. Схацелася млынару даведацца і пра пятае, а Мужычок кажа:

– Давай спачатку паядзім усе чатыры, а пятае – яно будзе, бадай што, горшым.

Вось паелі яны, сталі таргавацца, колькі павінен даць млынар за пятае прадказанне, і сыйшліся яны на трохстах талерах. Вось прыціснуў Мужычок яшчэ раз крумкачову галаву – той адразу і закаркаў на ўсё горла. Пытаецца млынар:

– Што ж ён сказаў?

А Мужычок адказвае:

– Ён сказаў, што ў шафе ў сенцах схаваўся чорт.

Млынар кажа:

– Ну, чорта трэба будзе адтуль выгнаць, – адчыніў дзверы ў сенцы, і вось давялося жонцы аддаць мужу ключ.

І Мужычок адчыніў шафу. І выскачыў стрымгалоў адтуль гэты самы поп. А млынар гаворыць:

– Бачыў я сваімі вачамі чорнага чалавека – гэта і быў чорт.

Мужычок на другую раніцу, толькі стала світаць, захапіў свае трыста талераў і дай бог ногі. Вярнуўся Мужычок дамоў і прывёў мала-памалу сваю гаспадарку ў парадак, пабудаваў сабе прыгожую хату, і сяляне сталі пра яго гаварыць:

– А Мужычок жа, напэўна, пабываў там, дзе падае дождж залаты і дзе грошы проста лапатамі грабуць.

І паклікалі Мужычка да старасты, каб сказаў ён, адкуль у яго з’явілася такое багацце. І адказаў ён:

– Быў я ў горадзе і прадаў каровіну шкуру за трыста талераў.

Пачулі гэта сяляне, схацелася і ім таксама атрымаць такія ж грошы. Прыбеглі яны дамоў, усіх кароў сваіх пазарэзвалі, шкуры паздзіралі, каб прадаць іх у горадзе ды барыш узяць, як мага большы. А стараста і кажа:

– Мая работніца няхай ідзе ў горад першая.

Прыйшла тая да купца ў горад, і даў ён ёй усяго тры талеры за шкуру; а калі з’явіліся і іншыя, даў ён ім і таго менш і сказаў:

– Ды куды ж мне ўсе гэтыя шкуры і дзяваць ужо?

Раззлаваліся сяляне, што Мужычок іх гэтак спрытна падмануў, і вырашылі яму адпомсціць: падалі скаргу старасту, што ўвёў ён іх, маўляў, у зман. І ні ў чым невінаваты Мужычок быў адзінагалосна асуджаны да пакарання смерцю; і павінны былі яго спусціць у прадзіраўленай бочцы ў рэчку.

Прывялі Мужычка і паклікалі папа, каб прачытаў ён па ім памінальную. А ўсім астатнім загадана было разысціся. Як пабачыў Мужычок папа, пазнаў у ім таго самага, што быў у гасцях у млынарыхі. Вось і кажа ён яму:

– Я вызваліў вас з шафы, а вы вызвальце мяне з бочкі.

А якраз на той час пастух гнаў авечак, а пра таго пастуха ён ведаў, што даўно яму хацелася стаць старастам. І вось закрычаў ён на ўсё горла:

– Не, я не згодны! Нават калі б увесь свет таго пажадаў, дык і тады б я не пагадзіўся.

Пачуў гэта пастух, падышоў і пытаецца:

– Што з табою? На што ты не пагаджаешся?

А Мужычок адказвае:

– Ды вось хочуць яны зрабіць мяне старастам, калі сяду я ў гэтую бочку, але я не згодны.

Тады пастух і гаворыць:

– Калі толькі гэта і патрэбна, каб стаць старастам, я зараз сяду ў бочку.

А Мужычок кажа:

– Калі згодны ты сесці, дык і старастам будзеш.

Пастух пагадзіўся, сеў у бочку, і Мужычок донца ў бочцы забіў, а сам падышоў да статку і пагнаў яго замест пастуха. А поп пайшоў да сваіх прыхаджанінаў і сказаў, што памінальную ён ужо прачытаў. І прыйшлі сяляне і скацілі бочку ў рэчку. Толькі пачала бочка каціцца, а пастух з яе як закрычыць:

– Так, я ахвотна старастам буду!

Падумалі яны, што гэта крычыць Мужычок, і кажуць:

– І мы думаем тое ж самае; але ты спачатку агледзься, што робіцца там, унізе, – і скацілі яны бочку ў рэчку.

Сталі затым сяляне па хатах разыходзіцца; прыйшлі ў вёску, бачаць – і Мужычок таксама вяртаецца, гоніць статак авечак, бы нічога і не было. Здзівіліся сяляне і пытаюцца:

– Мужычок, адкуль гэта ты ўзяўся? Хіба што ты з вады вылез?

– Ну так, – адказаў ім Мужычок, – я спусціўся глыбока-глыбока і трапіў на самае дно; выбіў з бочкі донца, вылез, а там унізе такія цудоўныя лугі, і пасвіцца на іх шмат ягнят, – вось і ўзяў я сабе цэлы статак.

Пытаюцца сяляне:

– А ці многа яшчэ іх там засталося?

– О, многа! – адказаў Мужычок. – Куды болей, чым вам трэба.

Дамовіліся тады паміж сабою сяляне, што і яны таксама б не супраць авечак раздабыць – кожны па цэламу статку.

А стараста і кажа:

– Я пайду першы.

Вось прыйшлі яны ўсе разам да рэчкі, а па сіняму небу якраз на той час хадзілі аблачынкі, тыя, што называюць баранчыкамі; яны адлюстроўваліся ў вадзе. І вось закрычалі сяляне:

– Колькі ж авечак бачна на дне!

Прабіўся стараста наперад і гаворыць:

– Я першы кінуся на дно, трэба ж паглядзець ды агледзецца; калі ўсё будзе як трэба, я вас паклічу.

І вось кінуўся ён у ваду, «шабулдых» – адгукнулася на вадзе. А сяляне падумалі, што крычыць ён «Ідзіце», – і вось яны ўсім гуртам кінуліся ўслед за ім у ваду.

І вымерла ўся вёска, і застаўся адзін Мужычок наследнікам усяго іхняга дабра і зрабіўся чалавекам багатым.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
НумарKHM 61
ПеракладыEN, ZH, ES, RU, CZ, PT, JA, DE, VI, TR, IT, PL, NL, DA
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана37,7
Колькасць знакаў9.964
Колькасць літар7.690
Колькасць сказаў122
Колькасць слоў1.687
Сярэдняя колькасць слоў у сказе13,83
Словы даўжэй за 6 літар403
Працэнт доўгіх слоў23,9%
Type-Token Ratio (TTR)0,406
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,841
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)117,2
Hapax Legomena453
Average word length4,57
Median sentence length12,0
90th percentile sentence length22,9
Direct speech share1,1%
Sentence complexity2,08
Connectors0
Referential cohesion0,016
Character/name candidatesМужычок (30), Што (5), Мужычка (4), Калі (3), Яна (2), Мужычку (2)
Character co-occurrence networkМужычку - Што (1), Калі - Мужычок (1)
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch