Падзяліцца
Казка пра таго, хто хадзіў страху вучыцца
Казка пра таго, хто хадзіў страху вучыцца Märchen

Казка пра таго, хто хадзіў страху вучыцца - Казка братоў Грым

Час чытання: 3 хв

Былі ў бацькі два сыны. Старэйшы разумны ды талковы, усё ў яго ладзілася. А малодшы – дурань. Нічога нібыта не разумеў і да вучобы быў няздатны. Людзі пра яго казалі:

– З гэтым бацька набярэцца клопату!

Меў, праўда, і старэйшы сын адну загану: быў баязлівы. Пасылае, бывала, бацька куды-небудзь, а на вуліцы ўжо цёмна, то ён заўсёды просіцца:

– Ох, бацечка, не пайду, мне страшна!

Пачнуць вечарам ля агню расказваць усялякія небыліцы, аж мароз па скуры бегае, зноў старэйшы брат уздыхае:

– Ах, як страшна!

Малодшы брат кожны раз дзівіўся:

– А мне вось анічуць не страшна.

Аднойчы бацька і кажа яму:

– Паслухай, сын, ты ўжо вунь які вялікі ды моцны вырас, трэба самому вучыцца хлеб зарабляць. Бачыш, як брат твой стараецца.

– Эх, бацечка, – адказаў малодшы сын, – я б ахвотна чаму-небудзь навучыўся. Але найперш хачу навучыцца, каб мне было страшна.

Пачуў гэта старэйшы брат і заўсміхаўся, падумаў: «Божа, які ўсё-такі мой брат дурань. З яго ніколі нічога не атрымаецца».

Уздыхнуў бацька і кажа малодшаму сыну:

– Чаму-чаму, а страху ты павінен навучыцца. Толькі на хлеб наўрад ці гэтым заробіш.

Неўзабаве зайшоў да іх у госці дзяк. Пачаў бацька пра сваю бяду яму жаліцца, расказваў пра малодшага сына.

– Калі так, – адказаў дзяк, – страху ён мог бы ў мяне навучыцца. Прышліце сына да мяне.

Бацька задаволены: «Вось хлопца і прыладкую куды-небудзь».

Стаў жыць яго малодшы сын у дзякавай хаце. І даручыў яму гаспадар званіць у званы. Аднойчы будзіць ён свайго работніка апоўначы і загадвае падняцца на званіцу ды біць у званы.

«Цяпер ты навучышся страху», – падумаў дзяк. Потайкам ён прабраўся на званіцу, стаў насупраць вакна ўвесь у белым. Званар, як толькі ўзяўся за вяроўку, убачыў прывід і крыкнуў:

– Хто гэта?

Постаць у белым не адгукнулася, не здрыганулася.

– Адказвай альбо згінь, табе тут няма чаго рабіць! – закрычаў хлопец.

Але дзяк прадаўжаў стаяць.

– Што табе трэба? – зноў закрычаў званар. Калі не адкажаш, то скіну ўніз з лесвіцы.

Дзяк думаў, што да гэтага справа не дойдзе, і стаяў моўчкі. А пасля трэцяга вокрыку, хлопец падбег і скінуў прывід з лесвіцы ўніз.

Адзваніў работнік у званы. Вярнуўся дамоў і моўчкі лёг спаць. Доўга чакала дзячыха свайго мужа, а ён усё не вяртаўся. Урэшце зрабілася ёй страшна. Яна разбудзіла хлопца і давай распытваць:

– Ці не ведаеш ты, куды гэта мой муж дзеўся? Ён жа на званіцу падняўся раней за цябе.

– Не ведаю, – адказаў хлопец, – але бачыў я, нехта стаяў на лесвіцы ўвесь у белым. Адмоўчваўся на мае запытанні і не хацеў пакідаць званіцу. Я палічыў, што ён злодзей, і скінуў уніз. Схадзіце ды зірніце на яго.

Кінулася дзячыха да званіцы і знайшла там свайго мужа. Ён ляжаў у куце ды стагнаў, зламаў сабе нагу.

Прынесла жонка мужа дадому, кінулася з плачам да хлопцавага бацькі.

– Ваш сын, – сказала дзячыха, – вялікую бяду ўчыніў, скінуў майго мужа з лесвіцы, і той зламаў нагу. Забірайце ад нас свайго шалапута.

Напалохаўся бацька, пабег да дзяка і давай лаяць сына. Як той ні апраўдваўся, а бацька сваё:

– Эх, мне з табой адно гора. Ідзі-тка ты куды-небудзь, каб вочы мае цябе не бачылі.

– Добра, бацечка, ахвотна пакіну вас. Пайду страху вучыцца, каб гэта рамясло мяне карміць магло.

– Вучыся чаму хочаш, – махнуў бацька рукой. – Вось табе пяцьдзесят талераў, ідзі з імі куды хочаш. Ды толькі не кажы нікому чый ты, бо мне за цябе сорамна будзе.

– Добра, бацечка, выканаю ўсё, як просіце.

Раніцай юнак укінуў у кішэню бацькавы грошы і выйшаў на вялікую дарогу. Ідзе і сам сабе паўтарае: «Ах, каб мне стала страшна! Ах, каб мне стала страшна!»

Пачуў гэту просьбу адзін падарожнік, далучыўся да юнака. Нейкі час яны ішлі разам. Убачылі шыбеніцу, падарожнік дый кажа:

– Бачыш, вунь стаіць дрэва, а на ім вісяць сем чалавек. Вяселле згулялі, а цяпер лётаць вучацца. Садзіся пад тым дрэвам, а як ноч наступіць, то страху і навучышся.

– Калі так хутка я навучуся страху, – адказаў хлопец, – то прыходзь да мяне раніцай і атрымаеш ад мяне пяцьдзесят талераў.

Усеўся дурань пад дрэвам, на якім былі падвешаны людзі, і пачаў змроку чакаць.

Казка пра таго, хто хадзіў страху вучыцца КазкаВыява: Paul Hey (1867 – 1952)

Пахаладала, і ён распаліў касцёр. А ноччу ўзняўся калючы вецер, што нават касцёр не саграваў. Зірнуў ён уверх, а там павешаныя гайдаюцца. Падумаў хлопец: «Я ля кастра зябну, а яны ўверсе зусім адубеюць». Ад прыроды ён быў жаласлівы, таму прыставіў лесвіцу да дрэва і палез адвязваць мерцвякоў. Сцягнуў усіх уніз, пасадзіў іх ля кастра. Ды і сам сцішыўся, прыгрэўся. Раптам бачыць, гарыць адзежа ў мерцвякоў. Ён крычыць ім:

– Эй, будзьце з агнём асцярожныя, а то я вас зноў зацягну на шыбеніцу.

Ды хто ж яго пачуе, калі вакол кастра адны нябожчыкі. Раззалаўся хлопец і зноў падвесіў іх на дрэва. Стаміўся ад такой працы, прысеў ля агню і моцна заснуў.

Раніцай прыходзіць знаёмы падарожнік па грошы і кажа:

– Ну, цяпер ты даведаўся, што такое страх?

– Не, – адказаў хлопец, – адкуль мне яго ведаць? Тыя, што наверсе, і рота за ноч не адкрылі ды такія дурні, ледзь не спалілі свае старыя лахманы.

Зразумеў прахожы, што не атрымае абяцаных грошай, сказаў пры развітанні:

– Такога, як ты, яшчэ ні разу не сустракаў.

Пайшоў хлопец далей сваёй дарогай. Ідзе і зноў мармыча:

– Ах, каб мне стала страшна!

Пачуў гэта адзін возчык, цікавіцца:

– Хто ты такі?

– Не ведаю, – адказаў дурань.

– А ты адкуль?

– Не ведаю.

– Хто твой бацька?

– Гэтага мне расказваць не дазволена.

– А што ты ўсё пра сябе мармычаш?

– Э-э, – адказаў хлопец, – хачу, каб мне стала страшна, а мяне ніхто гэтаму не навучыць.

– Ідзі за мной, – сказаў возчык, – я дапамагу табе.

Пад вечар яны прыпыніліся ў карчме, вырашылі там пераначаваць.

Гаспадар карчмы, як толькі даведаўся, чаго жадае малады хлопец, сказаў яму:

– Калі табе хочацца навучыцца страху, то выпадак для гэтага ёсць.

Гаспадар расказаў яму, што непадалёк ад карчмы стаіць заварожаны замак. Варта там правесці тры ночы запар, і страху можна навучыцца.

– Няўжо?!

– Слухай, хлопча, – таямніча паведаміў карчмар, – кароль таго замка абяцае смельчаку аддаць у жонкі сваю дачку-прыгажуню. Там ёсць вялікія скарбы, але яны зачараваныя. Хто прагоніць ад іх злыя духі, той стане багатым. Было, на жаль, ужо багата ахвотнікаў пабываць у тым замку, але ніхто не вярнуўся назад.

Як толькі развіднела, пайшоў хлопец да караля і кажа:

– Калі будзе дазволена, то я хацеў бы правесці тры ночы ў вашым зачараваным замку.

Каралю спадабаўся адчайны юнак, ён і прапанаваў:

– Прасі ў мяне тры рэчы, можаш іх узяць з сабой у замак.

Хлопец адказаў:

– Дайце мне агню, сталярны станок і такарны разам з разцом.

Кароль загадаў удзень занесці ўсё гэта ў замак. А ноччу хлопец-смяльчак пайшоў туды. У адным з пакояў расклаў агонь, паставіў побач сталярны станок, а на такарны сам усеўся, зноў пачаў мармытаць:

– Ах, каб мне стала страшна!

Апоўначы чуе дзіўныя галасы:

– Мяў-мяў! Як нам холадна!

– Эй, вы, дурні, – крыкнуў хлопец. – Калі вам холадна, то падсаджвайцеся да агню ды грэйцеся.

І толькі ён так сказаў, як да яго скокнулі дзве вялізарныя чорныя кошкі. Селі па баках, вочы агнямі гараць. Крыху сагрэліся і прапануюць:

– Прыяцель, а давай у карты згуляем.

– Чаму б не згуляць – пагадзіўся хлопец. – Толькі пакажыце спярша вашы лапы.

І выпусцілі кошкі свае кіпцюры.

– Э-э, якія яны ў вас доўгія! Іх трэба крыху абрэзаць.

Схапіў ён кошак за шкіркі, падняў на сталярны станок і моцна прыкруціў лапы. Пасля, мёртвых, выкінуў праз вакно ў ваду.

Толькі прысеў ля агню, як з усіх куткоў павылазілі чорныя кошкі і чорныя сабакі на распаленых ланцугах. Яны страшна крычалі, раскідвалі агонь, хацелі яго патушыць.

Гэта раззлавала хлопца. Ухапіў ён разец і давай ганяць страшыдлаў. Каго забіў, выкінуў у сажалку. Астатнія разбегліся.

Вярнуўся ён да агню, раздзьмуў яго, захацелася яму паспаць. Азірнуўся, бачыць у куце вялікі ложак.

– Гэта якраз мне і трэба, – узрадаваўся юнак.

А як толькі ўлёгся, ложак той пачаў рухацца і пакаціўся па замку, як бы ў яго запрэглі вараных. Праз парогі і лесвіцы, то ўніз, то ўверх. Ды раптам – гуп!-гуп! – перакуліўся ложак, бытта гара на хлопца навалілася. Вызваліўся з-пад яго і кажа:

– Хай на ім катаецца той, каму ахвота.

Лёг ля свайго агню і заснуў. Так моцна спаў, што кароль, калі раніцай убачыў яго, думаў ён мёртвы:

– Шкада мне хлопца-прыгажуна.

Пачуў гэта юнак і прачнуўся, сказаў:

– Усё было добра. Адна ноч прайшла, перажыву і дзве астатнія.

Вярнуўся хлопец да карчмара, а той вачам сваім не верыць, пытаецца:

– Ну, навучыўся страху?

– Не, усё марна. Ах, каб хто расказаў мне, што гэта за страх!

На другую ноч зноў пайшоў смяльчак у стары замак. Сеў ля агню, думае. З прыходам поўначы пачуліся шумы, стукі. Раптам з трубы выскачыла палова чалавека і звалілася перад ім.

– Гэй, – крыкнуў хлопец, – а дзе ж другая палова? Гэтага мала!

Зноў падняўся шум, усё загрымела, завыла, і з трубы выпала другая палова.

– Пачакай, я для цябе раздзьму агеньчык.

Раздзьмуў, азірнуўся, бачыць – страшны чалавек усеўся на яго месца.

– Так мы не дамаўляліся, – зазлаваў юнак. – Лаўка мая!

Спіхнуў ён страшыдла і ўсеўся на сваё месца. І выпала потым з трубы багата яшчэ такіх жа людзей. Яны прыцягнулі косткі мерцвякоў, два чарапы і пачалі гуляць у кеглі. Юнак пацікавіўся:

– Слухайце, вы, а ці нельга з вамі пагуляць?

– Можна, калі грошы ў цябе водзяцца.

– Грошай хапае. А вось кеглі ў вас не зусім круглыя.

Узяў ён чарапы, прыладкаваў іх на такарны станок, абтачыў.

– Так-то лепш будуць качацца. Цяпер гульня пойдзе весялей!

Згуляў юнак з імі, прайграў крыху грошай. А як толькі пачало развідняць, усе страшыдлы разбегліся. Ён яшчэ паспеў моцна заснуць.

Прыходзіць раніцай кароль:

– Ну, як гэту ноч правёў?

– У кеглі гуляў, некалькі талераў прайграў.

– А хіба табе не было страшна?

– Што вы, весела было. Эх, уведаць бы мне толькі, што такое страх!

На трэцюю ноч да хлопца з’явіліся шэсць веліканаў. Прынеслі на пахавальных насілках памёршага стрыечнага брата. Ён ляжаў халодны ў труне.

Юнак узяў нябожчыка на рукі, падсеў з ім да агню, пачаў расціраць халодныя рукі. Нічога не дапамагло, кроў не разыходзілася па жылах. Тады хлопец вырашыў легчы з ім у пасцель і сагрэць яго сваім целам. Так і зрабіў.

Адагрэўся мярцвяк, заварушыўся ды як крыкне:

– А цяпер я цябе задушу!

– Што?! – здзівіўся хлопец. – Ты мне так хочаш аддзячыць? Калі так, то вяртайся ў сваю дамавіну.

Ён падняў мерцвяка, кінуў яго ў дамавіну і прыкрыў векам. З’явіліся шэсць веліканаў і вынеслі яго.

– Усё ніяк не робіцца мне страшна, – сам сабе паскардзіўся хлопец.

Тады раптам да яго падступіўся адзін з веліканаў, ростам вышэй за ўсіх і старэйшы за іх, з доўгай сівой барадой, закрычаў:

– Ах ты, хлапчук! Ты зараз даведаешся, што такое страх. Ты павінен памерці!

– Як гэта?!

– Вось зараз…

Страшыдла працягнула рукі да хлопца, хацела ўхапіць яго, але ён выкруціўся і сказаў:

– Цішэй, няма чаго рукі распускаць! Калі ты моцны, то і я не слабы.

– Давай памераемся сілай!

Велікан павёў хлопца ў кузню, узяў сякеру і адным махам увагнаў кавадла ў зямлю.

– Я здолею не горш, – сказаў хлопец і падышоў да другога кавадла.

Стары сагнуўся, каб лепей бачыць, як юнак будзе заганяць кавадла ў зямлю. Барада яго апусцілася. А хлопец хуценька адсунуў кавадла дый зашчаміў у яго бараду страшыдлы.

– Вось ты і трапіў да мяне! Цяпер твая чарга паміраць.

Пачаў велікан стагнаць, прасіцца. Паабяцаў вялікае багацце. Паверыў хлопец, адпусціў яго.

Павёў стары ў падзямелле замка і паказаў юнаку тры куфры, поўныя золата.

– Адна частка золата, – сказаў ён, – беднякам, другая – каралю, а трэцяя – табе.

Між тым прабіла дванаццаць, і дух знік. Хлопец застаўся адзін упоцемку. Стаў прабірацца вобмацкам.

Казка пра таго, хто хадзіў страху вучыцца КазкаВыява: Paul Hey (1867 – 1952)

Знайшоў дарогу да пакоя, дзе гарэў агонь, і заснуў.

Прыходзіць раніцай кароль, пытае:

– Ну што, цяпер страху навучыўся?

– Не!.. Пабываў тут мой памёршы стрыечны брат. Прыходзіў нейкі барадач, але што такое страх, так мне ніхто і не сказаў.

Кароль паведаміў яму:

– Ты замак мой вызваліў ад чараў, можаш цяпер жаніцца на маёй дачцэ.

– Гэта добра, – адказаў хлопец, – але што такое страх, я так і не ведаю.

Паднялі з падзямелля золата. Згулялі вяселле. Малады кароль, як ні кахаў сваю жонку, як ні быў задаволены, а не-не дый паўтараў:

– Каб стала мне страшна!

Надакучыла слухаць такое каралеве. От аднойчы служанка і кажа ёй:

– У гэтай справе я дапамагу. Ён страху навучыцца!

Пайшла яна да ручая, які бруіўся ў садзе, набрала поўны цэбар печкуроў. Ноччу, як толькі малады кароль заснуў, сцягнула жонка з яго коўдру і выліла на яго поўны цэбар халоднай вады з печкурамі. Пачалі маленькія рыбкі скакаць, цялёпкацца па целе маладога караля, ад чаго ён прачнуўся ды як закрычыць:

– Вой, мілая жонка, як мне страшна, як страшна! Так, цяпер я ўжо ведаю, што такое страх!

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
ПеракладыEN, ZH, ES, FR, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, KO, VI, TR, IT, PL, NL, RO, EL, HU, DA, FI, SE, BG, ET, SK, SL, SR, NO, LT
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана33,7
Колькасць знакаў12.424
Колькасць літар9.618
Колькасць сказаў233
Колькасць слоў1.998
Сярэдняя колькасць слоў у сказе8,58
Словы даўжэй за 6 літар502
Працэнт доўгіх слоў25,1%
Type-Token Ratio (TTR)0,447
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,895
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)224,5
Hapax Legomena612
Average word length4,82
Median sentence length8,0
90th percentile sentence length15,0
Direct speech share1,8%
Sentence complexity1,22
Connectors0
Referential cohesion0,009
Character/name candidatesХто (2), Калі (2)
Character co-occurrence networknone
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch