Час чытання: 2 хв
Гэтай казцы вы, бадай, не паверыце. Аднак мой дзядуля, распавядаючы яе, заўсёды падкрэсліваў:
– Не ўсё ў гэтай казцы выдумка. Ёсць у ёй і праўда. Бо чаму б тады людзі сталі расказваць яе?
Пачыналася гэта казка так:
Аднойчы ў ясны сонечны дзянёк стаяў вожык каля дзвярэй свайго дома, склаўшы рукі на жываце, і напяваў песеньку.
Спяваў ён сваю песеньку, спяваў і раптам вырашыў: «Пайду я ў поле, на сваю бручку пагляджу. Пакуль, – думае, – мая жонка-вожычыха дзяцей мые ды апранае, я паспею і ў полі пабываць, і дамоў вярнуцца».
Пайшоў ён і сустрэўся па дарозе з зайцам, які таксама ішоў у поле – на сваю капусту паглядзець.
Убачыў вожык зайца, пакланіўся яму і гаворыць ветліва:
– Дзень добры, паважаны заяц. Як вы маецеся?
А заяц быў вельмі важны і горды. Замест таго каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі галавой хітнуў і сказаў груба:
– Чаму гэта ты, вожык, у такую рань па полі рыскаеш?
– Я пагуляць выйшаў, – кажа ён.
– Пагуляць? – спытаў заяц насмешліва. – А па-мойму, на такіх кароценькіх ножках далёка не зойдзеш.
Пакрыўдзілі вожыка гэтыя словы. Не любіў ён, калі так гаварылі пра яго ногі, якія і сапраўды былі кароценькія і крывыя.
– Ці не думаеш ты, – спытаўся ён у зайца, – што твае заечыя ногі бегаюць хутчэй і лепш?
– Зразумела, – кажа заяц.
– А ці не хочаш ты са мной навыперадкі пабегчы? – пытаецца вожык.
– З табой навыперадкі? – кажа заяц. – Не смяшы мяне, – калі ласка. Ну няўжо ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш?
– А вось убачыш, – адказвае вожык. – Убачыш, што абганю.
– Ну, давай пабяжым, – кажа заяц.
– Пачакай, – кажа вожык. – Спачатку я схаджу дамоў, паснедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на сваё месца. Тады і пабяжым. Добра?
– Добра, – сказаў заяц.
Пайшоў ён дадому. Ідзе і думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру».
Прыйшоў ён дадому і кажа жонцы:
– Жонка, збірайся хутчэй, прыйдзецца табе са мной у поле ісці.
– А што здарылася? – пытаецца вожычыха.
– Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае – я ці ён. Я павінен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.
– Што ты – з глузду з’ехаў? – здзівілася вожычыха. – Куды табе з зайцам цягацца? Ён цябе адразу абгоніць.
– Не твая справа, жонка, – сказаў вожык. – Збірайся і пойдзем. Я ведаю, што раблю.
Вожычыха пайшла з вожыкам у поле. Па дарозе ён гаворыць жонцы:
– Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгім полі. Заяц пабяжыць па адной баразне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля ля маёй баразны. Як толькі падбяжыць да цябе заяц, ты крыкні: «Я ўжо тут!» Зразумела?
– Зразумела, – адказвае жонка.
Так яны і зрабілі. Адвёў вожык вожычыху на пачатак сваёй баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца.
– Ну што, – кажа заяц, – пабяжым?
– Пабяжым, – кажа вожык.
– Раз, два, тры! – крыкнуў заяц.
І абодва яны пабеглі з усіх ног.
Зрабіў вожык крокі тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць і адпачывае. А заяц усё бяжыць і бяжыць. Дабег да канца сваёй баразны, а тут вожычыха яму і крычыць:
– Я ўжо тут!
А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін на аднаго. Здзівіўся заяц, што вожык яго абагнаў.
– Бяжым цяпер назад, – кажа ён вожычысе. – Раз, два, тры!
І паімчаўся заяц назад хутчэй, чым раней. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы.
Дабег заяц да пачатку баразны, а вожык яму крычыць:
– Я ўжо тут!
Яшчэ больш здзівіўся заяц.
– Бяжым яшчэ раз, – кажа ён вожыку.
– Добра, – адказвае вожык. – Калі хочаш, пабеглі яшчэ раз.
Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды і назад. А вожык усё абганяў яго.
Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык яму крычыць: «Я ўжо тут!»
Пабяжыць заяц назад да канца баразны, а вожычыха яму крычыць: «Я ўжо тут!»
На семдзесят чацвёрты раз дабег заяц да сярэдзіны поля і зваліўся на зямлю.
– Стаміўся, – кажа, – не магу больш бегаць.
– Вось бачыш цяпер, – кажа вожык, – у каго ногі хутчэйшыя?
Нічога не сказаў заяц і пайшоў з поля. А вожык з вожычыхай паклікалі сваіх дзяцей і пайшлі з імі гуляць.

Інфармацыя для навуковага аналізу
Паказчык | Значэнне |
|---|---|
| Нумар | KHM 187 |
| Пераклады | EN, ZH, ES, FR, RU, CZ, PT, JA, DE, VI, TR, IT, PL, NL, RO, HU, SE, BG |
| Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана | 29,1 |
| Колькасць знакаў | 3.935 |
| Колькасць літар | 2.953 |
| Колькасць сказаў | 88 |
| Колькасць слоў | 654 |
| Сярэдняя колькасць слоў у сказе | 7,43 |
| Словы даўжэй за 6 літар | 142 |
| Працэнт доўгіх слоў | 21,7% |
| Type-Token Ratio (TTR) | 0,480 |
| Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR) | 0,818 |
| Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD) | 98,6 |
| Hapax Legomena | 213 |
| Average word length | 4,52 |
| Median sentence length | 6,0 |
| 90th percentile sentence length | 14,6 |
| Direct speech share | 6,5% |
| Sentence complexity | 0,99 |
| Connectors | 0 |
| Referential cohesion | 0,038 |
| Character/name candidates | none |
| Character co-occurrence network | none |
| Motif/tag candidates | Браты Грым |



