Падзяліцца
Разбойнік-жаніх
Разбойнік-жаніх Märchen

Разбойнік-жаніх - Казка братоў Грым

Час чытання: 2 хв

Жыў-быў некалі млынар. Была ў яго прыгожая дачка. Вырасла яна, і захацелася бацьку ўдала выдаць яе замуж.

Вось неўзабаве аб’явіўся багаты жаніх. Бацька пра такога і марыў, таму і паабяцаў яму сваю дачку. А дзяўчыне хлопец не вельмі спадабаўся. Зірне на яго ці падумае пра яго, і нейкі страх ахоплівае яе сэрца.

Аднойчы жаніх кажа:

– Ты вось – мая нявеста, а ні разу да мяне ў госці не завітала.

– Ды я ж не ведаю, дзе стаіць ваша хата.

Жаніх растлумачыў:

– Хата мая вунь там, у цёмным лесе.

– Ці знайду дарогу? – сумняваецца нявеста.

– Я насыплю на дарогу попелу. Ён і прывядзе цябе ў маю хату. Прыходзь у наступную нядзелю. Я ўжо гасцей запрасіў.

Наступіла нядзеля. Трэба збірацца ў дарогу, а дзяўчыне зрабілася так страшна, што не можа растлумачыць. Але ж пераадолела страх. Насыпала поўныя кішэні гароху, рушыла ў дарогу.

Амаль цэлы дзень ішла. І вось перад ёй – густы лес, а ў ім – адзіная хата. Не спадабалася дзяўчыне хата: змрочная, няўтульная. Увайшла ў яе – нікога. Ціха-ціха, аж страшна.

Раптам чуецца голас:

– Азірніся, нявеста, ці не ў разбойным ты месцы?

Азірнулася дзяўчына і ўбачыла птушку ў клетцы. Птушка яшчэ раз папярэдзіла:

– Азірніся, нявеста, ці не ў разбойным ты месцы?

Нявеста абышла ўсе пакоі, але ўсюды было пуста, ніводнай чалавечай душы. Урэшце спусцілася яна ў склеп. А там – старая жанчына сядзіць, галавой хітае.

– Ці не скажаце мне, – пытае дзяўчына, – тут жыве мой жаніх?

– Ах, небарака, – адказала бабуля, – куды ты трапіла! Тут жа разбойны прытон. Ты чакаеш вяселля, але глядзі, як бы не святкаваць яго разам са смерцю. Вунь бачыш, вялікі кацёл з вадой. Мяне прымушаюць яго кіпяціць, а тады ў ім вараць людзей і ядуць. Яны ж – людаеды! Ратуйся хутчэй, пакуль цябе не схапілі…

Старая завяла і схавала дзяўчыну за вялізную бочку. Загадала:

– Сядзі ціха, як мышка ў норцы! А ноччу, калі разбойнікі заснуць, мы з табой збяжым.

Толькі яны пра ўсё дамовіліся, як дамоў вярнулася разбойная шайка. Прыцягнулі з сабой нейкую дзяўчыну. Яна крычала, прасілася, а яны як бы не чулі, бо былі ўсе п’яныя.

Разбойнікі прымусілі і дзяўчыну выпіць тры шклянкі віна: белага, чырвонага, бурштынавага. Ад гэткага пітва разарвалася ў паланянкі сэрца. Яны сарвалі з яе прыгожую сукенку, паклалі на стол, пасеклі на кавалкі дзявоцкае цела, пасыпалі соллю.

Ледзь жывая сядзела за бочкай нявеста. Яна зразумела, якую долю рыхтаваў ёй разбойнік-жаніх. Раптам на яе калені ўпаў мезенец той дзяўчыны, якую забілі разбойнікі. На ім свяціўся залаты пярсцёнак.

А здарылася так, што адзін разбойнік прыкмеціў на руцэ паланянкі золата і захацеў зняць яго. Адсек палец, а ён падскочыў уверх і ўпаў за бочку.

Узялі разбойнікі свечку, пачалі шукаць адсечаны мезенец. Не знайшлі. Тады адзін з іх кажа другому:

– А ты за бочкай шукаў?

Тут старая я-я-к закрычыць:

– Ступайце хутчэй есці! Заўтра пашукаеце палец, ён ад вас не збяжыць.

– Праўду кажаш, – пагадзіліся разбойнікі.

Селі яны вячэраць, пачалі піць віно. А ніхто ж з іх не ведаў, што бабуля падсыпала ў бутлю соннага зелля.

Паелі-папілі разбойнікі дый заснулі-захраплі ў склепе. Вось тады і вылезла з-за бочкі нявеста. Асцярожна, пераступаючы цераз спячых, выйшла яна на вуліцу. За ёй – бабуля. І кінуліся яны ўцякаць далей ад разбойнага прытона.

Вецер здзьмуў з дарогі попел, які насыпаў некалі жаніх. Затое гарох, які раскідала дзяўчына, пусціў расткі. У месячковым ззянні яны і паказвалі дарогу. Так ішлі яны ўсю ноч, а пад раніцу былі ўжо дома. І паведала дзяўчына бацьку ўсю праўду.

Вось надышоў дзень, калі трэба святкаваць вяселле. Млынар склікаў усіх сваіх родзічаў і знаёмых. З’явіўся і жаніх.

Уселіся госці за стол. І прапанавана было кожнаму што-небудзь расказаць. Нявеста сядзела ціха, маўкліва. Тады жаніх звярнуўся да яе:

– Ну, мая душачка, хіба ты нічога не ведаеш? Раскажы нам што-небудзь.

Нявеста пагадзілася:

– Добра, раскажу я вам сон. Іду нібыта цераз лес, іду і раптам перада мною – хата. А ў ёй ніводнай жывой душы. Вісіць на сцяне клетка з птушкай. І кажа мне тая птушка: «Азірніся, нявеста, ці не ў разбойным ты месцы?» І паўтарыла яшчэ раз. Ды гэта, мой мілы, мне толькі снілася… Прайшлася я па ўсіх пакоях. Усе яны – пустыя, беспрытульныя. Спусцілася ў склеп, і сядзела там старэнькая жанчына. Пытаюся ў яе: «Ці не ў гэтай хаце жыве мой жаніх? » А яна адказвае: «Ах, небарака, ты ж у разбойны прытон трапіла. Жаніх твой жыве тут, але ён цябе збіраецца на кавалкі пасекчы, а пасля зварыць дый з’есці». Мілы мой, гэта ж мне толькі прыснілася… І схавала мяне бабуля за вялізную бочку. Толькі там прытаілася, як вярнуліся дамоў разбойнікі, прыцягнулі з сабой нейкую дзяўчыну, далі ёй выпіць трайнога віна – белага, чырвонага і бурштынавага. Ад яго разарвалася ў паланянкі сэрца. Мілы мой, гэта ж мне толькі прыснілася… І ўбачыў адзін разбойнік на мезенцы ў дзяўчыны залаты пярсцёнак. Цяжка яго сцягнуць. Тады ён узяў сякеру і адсек палец. Падскочыў той мезенец уверх, упаў за вялізную бочку і трапіў якраз мне на калені. Вось ён, гэты палец з пярсцёнкам!..

Нявеста паказала гасцям адсечаны палец з залатым пярсцёнкам.

Разбойнік-жаніх збялеў што палатно, падхапіўся з-за стала і хацеў бегчы. Але госці схапілі яго, прывялі на суд. І прысудзілі пакараць смерцю. А разам і яго шайку за іх разбойныя справы.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
НумарKHM 40
ПеракладыEN, ZH, ES, FR, RU, CZ, PT, JA, DE, VI, TR, IT, PL, NL, DA, SE, BG
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана35,3
Колькасць знакаў5.186
Колькасць літар4.057
Колькасць сказаў108
Колькасць слоў831
Сярэдняя колькасць слоў у сказе7,69
Словы даўжэй за 6 літар229
Працэнт доўгіх слоў27,6%
Type-Token Ratio (TTR)0,531
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,893
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)228,6
Hapax Legomena304
Average word length4,90
Median sentence length7,0
90th percentile sentence length13,0
Direct speech share4,2%
Sentence complexity0,89
Connectors0
Referential cohesion0,006
Character/name candidatesАзірніся (3)
Character co-occurrence networknone
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch