Падзяліцца
Шэсць лебедзяў
Шэсць лебедзяў Märchen

Шэсць лебедзяў - Казка братоў Грым

Час чытання: 2 хв

Паехаў аднойчы кароль на паляванне ў вялікі глухі лес; без стомы ганяўся ён за звярамі, і ніхто з яго людзей не мог за ім паспець. А тут ужо добра такі звечарэла; прытрымаў тады кароль свайго каня, азірнуўся і бачыць, што заблудзіўся. Давай ён шукаць дарогу, але знайсці ніяк не можа.

І вось убачыў ён у лесе бабульку, галава ў яе аж траслася ад старасці; а ішла яна проста насустрач яму, і была то ведзьма.

– Бабуля, – звярнуўся кароль да яе, – ці не маглі б вы паказаць мне дарогу з лесу?

– О, так, ваша ягамосць кароль, – адказала яна, – я гэта магу, але пры адной умове, калі вы не выканаеце яе, то не выйсці вам з лесу ніколі і загінеце вы тут ад голаду.

– А якая ж гэта ўмова? – пытаецца кароль.

– Ёсць у мяне дачка, – гаворыць старая, – яна такая прыгажуня, якой вам у цэлым свеце не знайсці, і вартая яна таго, каб стаць вашай жонкай; калі вы згодны зрабіць яе каралевай, дык я пакажу вам дарогу з лесу.

Кароль ад страху згадзіўся, і старая прывяла яго ў сваю хаціну, дзе ля печы сядзела яе дачка. Яна сустрэла караля так, нібыта толькі яго і чакала; і ўбачыў кароль, што яна вельмі прыгожая, аднак яна не спадабалася яму, і ён не мог пазіраць на яе без затоенага страху. Калі кароль пасадзіў дзяўчыну на каня, старая паказала яму дарогу і кароль зноў вярнуўся ў свой каралеўскі замак, дзе яны і справілі вяселле.

А кароль ужо быў аднойчы жанаты, і ад першай жонкі было ў яго сямёра дзяцей – шэсць хлопчыкаў і адна дзяўчынка, і любіў ён іх больш за ўсё на свеце. Але ён баяўся, каб не пачала мачыха дрэнна з імі абыходзіцца, каб не зрабіла ім якога ліха, і вось адвёз ён іх у таемны замак, які знаходзіўся якраз пасярод лесу. Ён быў так схаваны ў лясным гушчары і так цяжка было адшукаць да яго дарогу, што і сам кароль не знайшоў бы яе, каб не падаравала яму адна чарадзейка клубок чароўных нітак; і быў той клубок такі, што варта кінуць яго перад сабою, як ён сам размотваўся і паказваў шлях-дарогу.

Вельмі часта ездзіў кароль да сваіх любімых дзяцей у лес; і нарэшце каралева зацікавілася пастаяннымі яго адлучкамі; захацелася ёй даведацца, што ён робіць у лесе адзін. Шмат грошай дала яна сваім слугам, і яны выдалі ёй таямніцу, а таксама расказалі пра клубок нітак, які адзіны можа паказаць туды дарогу. І не мела яна спакою да той пары, пакуль не выведала, дзе кароль хавае гэты клубок; затым пашыла яна з шоўку маленькія белыя сарочкі і зашыла ў іх свае чары, бо яшчэ ад маці ведала яна сакрэты чарадзейства.

Вось аднойчы паехаў кароль на паляванне, а яна ўзяла тыя сарочкі і выправілася ў лес, і клубок паказаў ёй шлях-дарогу. Дзеці, калі ўбачылі здалёку, што нехта набліжаецца, падумалі, што гэта ідзе да іх дарагі бацька, і радасна выбеглі насустрач яму. І тады накінула яна на кожнага з іх сарочку; і як толькі дакрануліся тыя сарочкі да іхняга цела, ператварыліся браты ў лебедзяў, узняліся над лесам і паляцелі.

Вярнулася каралева дамоў дужа задаволеная, думаючы, што яна пазбавілася ад сваіх пасынкаў; але дзяўчынка не выбегла разам з братамі насустрач ёй, а каралева гэтага не заўважыла. На наступны дзень кароль прыйшоў праведаць сваіх дзяцей, але знайшоў толькі дачку.

– А дзе ж твае браты? – спытаўся ён.

– Бяда, дарагі татка, – адказала дачка, – яны паляцелі і пакінулі мяне адну. – І расказала яму, што бачыла з акенца, як браты лебедзямі праляцелі над лесам, і паказала пер’е, якое скінулі яны на падворку і якое яна падняла. Замаркоціўся кароль, але не ведаў, што гэтую нядобрую справу зрабіла каралева; спалохаўся, што ў яго ўкрадуць і дачку, і вырашыў забраць яе з сабою. Але яна баялася мачыхі і ўпрасіла караля пакінуць яе яшчэ на адну ноч у лясным замку.

Бедная дзяўчынка падумала: «Нядоўга мне заставацца тут, – пайду я на пошукі сваіх братоў».

Вось ужо і ноч апусцілася на лес, і выбегла яна з замка і пайшла проста ў лясны гушчар. Праблукала ўсю ноч і ўвесь дзень, пакуль, нарэшце, ад стомы ісці ўжо не магла. І заўважыла яна паляўнічы домік, увайшла ў яго, бачыць – пакой, а ў ім шэсць маленькіх ложкаў, але яна не адважылася легчы, а залезла пад адзін з ложкаў і вырашыла там начаваць.

Неўзабаве і сонца зайшло, і пачула яна шум і ўбачыла, што прыляцелі да акна шэсць лебедзяў. Яны ўселіся на акне і пачалі здзьмухваць сваё пер’е, і вось лебядзіны ўбор зваліўся з іх, як сарочка. Зірнула на іх дзяўчынка і пазнала сваіх братоў, узрадавалася і вылезла з-пад ложка. Браты ўбачылі сваю сястру і ўсцешыліся не менш за яе, але радасць іх была кароткай.

– Табе нельга заставацца тут, – сказалі яны, – гэта прытон разбойнікаў. Калі разбойнікі вернуцца і знойдуць цябе тут, яны заб’юць цябе.

– А хіба вы не можаце мяне абараніць? – спытала ў іх сястрычка.

– Не, – адказалі яны, – мы можам скідаць свой лебядзіны ўбор толькі на чвэрць гадзіны вечарам, тады мы становімся людзьмі, а затым зноў ператвараемся ў лебедзяў.

Заплакала сястрычка і кажа:

– А хіба нельга зняць з вас чары?

– Не, – уздыхнулі яны, – зрабіць гэта вельмі цяжка. На працягу шасці гадоў ты не павінна ні гаварыць, ні смяяцца, і мусіш пашыць нам за гэты час шэсць сарочак з кветказору. А калі ты вымавіш хоць адно слова, дык уся твая праца прападзе.

Пакуль браты расказвалі ёй пра гэта, мінула чвэрць гадзіны, і яны зноўку сталі лебедзямі і вылецелі праз акно.

Але дзяўчынка цвёрда вырашыла вызваліць сваіх братоў, нават калі б дзеля гэтага спатрэбілася яе жыццё. Яна пакінула паляўнічы домік і пайшла ў самы гушчар, залезла на дрэва і там пераначавала. Ранкам яна спусцілася з дрэва, назбірала кветказору і пачала шыць. Размаўляць ёй не было з кім, а смяяцца і зусім не хацелася…

Так мінула шмат часу, і здарылася, што кароль той краіны паляваў у лесе, і яго егеры пад’ехалі да дрэва, на якім сядзела дзяўчынка. Яны паклікалі яе:

– Хто ты?

Яна нічога не адказала.

– Спусціся да нас, – папрасілі яны, – мы нічога дрэннага табе не зробім.

Але яна толькі галавой пакруціла.

Калі яны пачалі яе распытваць, яна скінула ім залатыя каралі і думала, што яны задаволяцца гэтым. Але яны ўсё задавалі і задавалі пытанні; тады яна скінула ім свой пояс; але калі і гэта не дапамагло, скінула ім свае падвязкі, такім чынам неўзабаве яна аддала ім усё, што на ёй было, і засталася ў адной сарочцы. Але егеры і тады не адчапіліся ад яе; яны залезлі на дрэва, знялі яе адтуль і прывялі да караля. Кароль спытаў:

– Хто ты? Што ты там робіш на дрэве? – Але яна нічога не адказала.

Ён распытваў яе на ўсіх мовах, якія толькі ведаў, але яна заставалася маўклівай як рыба. А была яна прыгожая, і вось кароль моцна ў яе закахаўся. Ён ухутаў яе ў свой плашч, пасадзіў перад сабой на каня і прывёз яе ў свой замак. І загадаў ён апрануць яе ў багатыя ўборы, і стала яна прыгажэйшая. Але нельга было дабіцца ад яе хоць слова. Ён сеў ля стала побач з ёю, і сціпласць яе і нясмеласць так спадабаліся яму, што ён сказаў:

– Вось з гэтай хачу я ажаніцца і ні з якой іншай на свеце. – І праз колькі дзён ён павянчаўся з ёю.

Але была ў караля злая маці – ёй не спадабалася яго жаніцьба і яна пачала зласлівіць пра маладую каралеву.

– Хто ведае, адкуль узялася гэтая дзеўка, – гаварыла яна, – ніводнага слова прамовіць не можа; яна не вартая быць жонкай караля.

Праз год, калі каралева нарадзіла першынца, старая забрала яго, а каралеве пад час сну вымазала рот крывёю. Затым яна пайшла да караля і абвінаваціла яе ў тым, што яна людаедка. Кароль не хацеў у гэта верыць і не дазволіў прычыніць каралеве зло. А яна ўвесь час шыла сарочкі і ні на што іншае не звяртала ўвагі.

Калі ж зноў нарадзіла яна прыгожага хлопчыка, ліхая свякруха зноўку ўтварыла такі ж самы падман, але кароль не хацеў верыць яе злосным словам. Ён сказаў:

– Яна вельмі сціплая і добрая, каб магла здзейсніць такое; калі б яна не была нямая, дык даказала б сваю невінаватасць.

Але старая і на трэці раз украла нованароджанае немаўлятка і абвінаваціла каралеву, якая не прамовіла ні слова ў сваю абарону. Каралю ж заставалася толькі адно – аддаць яе пад суд; і прысудзілі спаліць яе на кастры.

Надышоў дзень выканання прысуду, а быў гэта якраз апошні дзень з тых шасці гадоў, на працягу якіх яна не магла ні гаварыць, ні смяяцца.

Яна пашыла за гэты час шэсць сарочак, і толькі на апошняй сарочцы яшчэ не было левага рукава.

Калі павялі яе на касцёр, захапіла яна з сабой сарочкі, і калі завялі яе ўжо на памост і вось-вось павінны былі распаліць вогнішча, азірнулася яна і бачыць – ляцяць да яе шэсць лебедзяў. І зразумела яна, што блізка яе вызваленне, і затрапятала ў яе сэрца ад радасці.

Шумна падляцелі да яе лебедзі і апусціліся так нізка, што яна паспела кінуць ім сарочкі; і як толькі да іх дакрануліся тыя сарочкі, зваліліся з іх лебядзіныя ўборы, і стаялі перад ёй яе браты, жывыя, здаровыя, і па-ранейшаму прыгожыя, – толькі ў малодшага не хапала левага рукава, і таму на спіне ў яго засталося лебядзінае крыло. Пачалі яны абдымацца ды цалавацца, і прыйшла каралева да караля, і ён быў моцна здзіўлены, але вось загаварыла яна і сказала:

– Мой любы кароль, з гэтай пары я магу размаўляць і скажу табе, што я ні ў чым не вінаватая, – і яна расказала яму пра падман старой свекрыві, якая забрала і схавала траіх яе дзяцей. І прынеслі іх у замак на вялікую радасць караля, а злосную свякроў у пакаранне спалілі на кастры, і застаўся ад яе адзін толькі попел.

А кароль і каралева разам з шасцю сваімі братамі жылі мірна і шчасліва доўга-доўга.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
НумарKHM 49
ПеракладыEN, ZH, ES, FR, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, VI, TR, IT, PL, NL, EL, HU, DA, SE, BG
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана41,4
Колькасць знакаў9.186
Колькасць літар7.217
Колькасць сказаў87
Колькасць слоў1.581
Сярэдняя колькасць слоў у сказе18,17
Словы даўжэй за 6 літар367
Працэнт доўгіх слоў23,2%
Type-Token Ratio (TTR)0,429
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,847
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)135,5
Hapax Legomena461
Average word length4,57
Median sentence length16,0
90th percentile sentence length31,0
Direct speech share0,7%
Sentence complexity2,16
Connectors0
Referential cohesion0,014
Character/name candidatesХто (2)
Character co-occurrence networknone
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch