Час чытання: 2 хв
Жыў-быў чалавек. Было ў яго тры сыны, звалі малодшага Дурнем; ім пагарджалі, смяяліся з яго і заўсёды крыўдзілі. Сабраўся аднаго разу старэйшы сын ісці ў лес – дровы сячы, і дала яму маці на дарогу смачны здобны пірог і бутэльку віна, каб не ведаў ён ні голаду, ні смагі. Ён прыйшоў у лес і вось сустрэў там старога сівога чалавечка. Павітаўся з ім чалавечак і кажа:
– Дай мне кавалак пірага, што ў цябе ў кішэні, і глыток віна – я вельмі прагаладаўся і хачу піць.
Але разумны сын адказаў:
– Калі я аддам табе свой пірог ды віно, то мне самому нічога не застанецца. Ідзі сваёй дарогай.
Так і застаўся чалавечак ні з чым, а разумны сын пайшоў сабе далей. Вось пачаў ён сячы дрэва; стукнуў сякерай ды патрапіў сабе прама па руцэ, – давялося яму дамоў вяртацца і рабіць сабе перавязку. А выйшла ўсё з-за таго сівога чалавечка.
Потым пайшоў у лес сярэдні сын, і дала яму маці, як і старэйшаму сыну, здобны пірог і бутэльку віна. Яму таксама сустрэўся стары сівы чалавечак і папрасіў у яго кавалак пірага і глыток віна. Але і сярэдні сын, таксама разумны, адказаў:
– Дам я табе – мне менш дастанецца.
Так і застаўся чалавечак ні з чым, а сярэдні сын пайшоў сабе далей. Але і ён быў пакараны: стукнуў ён некалькі разоў па дрэве і патрапіў сякерай па назе, вось і давялося яго дамоў на руках адносіць.
Тады Дурань і кажа:
– Дазволь мне, бацька, хоць раз у лес пайсці дроў насячы.
Адказаў бацька:
– Браты твае ўжо хадзілі, ды толькі сабе нашкодзілі, – куды ўжо табе, ты ў гэтай справе нічога не разумееш.
Але Дурань усё прасіў ды прасіў, і бацька нарэшце згадзіўся:
– Ну, ідзі, а можа, у бядзе паразумнееш.
І дала яму маці пірог, а быў ён на вадзе замешаны ды ў попеле выпечаны, і бутэльку кіслага піва. Прыйшоў Дурань у лес, сустрэўся яму той жа стары сівы чалавечак, павітаўся з ім і кажа:
– Дай мне кавалак пірага і глыток з тваёй бутэлькі, – я такі галодны і мне вельмі хочацца піць.
Адказаў Дурань:
– Ды ў мяне ж пірог на попеле выпечаны, а піва кіслае; але калі гэта табе да смаку, давай прысядзем і разам перакусім.
Селі яны, дастаў Дурань свой пірог, які быў на попеле выпечаны, а ён аказаўся здобным і смачным, а кіслае піва стала добрым віном. З’елі яны пірог, выпілі віно, і сказаў чалавечак:
– Таму, што ў цябе сэрца добрае і ты ахвотна са мной падзяліўся, я ўзнагароджу цябе шчасцем. Вунь стаіць старое дрэва, ты ссячы яго, і між каранёў табе штосьці знойдзецца. – Потым чалавечак развітаўся і знік.
Пайшоў Дурань, падсек дрэва, яно павалілася, раптам бачыць ён – сядзіць на каранях гусь, а пер’е ў гусі ўсё з чыстага золата. Падняў ён гусь, узяў яе з сабой і пайшоў у харчэўню, дзе і вырашыў заначаваць. А ў гаспадара харчэўні былі тры дачкі; убачылі яны гусь, зацікавіліся, што гэта за дзіўная птушка такая, і захацелася ім здабыць адно з яе залатых пёраў. Старэйшая падумала: «Выпадак для гэтага, відаць, надарыцца, я выцягну сабе залатое пяро». Толькі Дурань адлучыўся, схапіла яна гусь за крыло, але тут пальцы яе так да крыла і прыліплі. Прыйшла хутка другая сястра, і было ў яе адно ў галаве: як бы гэта выцягнуць і сабе залатое пяро; але толькі яна дакранулася да сваёй сястры, дык адразу да яе і прыліпла. А тут прыйшла і трэцяя сястра, каб здабыць сабе залатое пяро, але сёстры ёй крыкнулі:
– Богам просім, не падыходзь да нас, адыдзі!
Але яна не зразумела, чаму гэта нельга падысці, і падумала: «Калі сёстры мае там, то і я магу быць таксама з імі», – і толькі яна падбегла і дакранулася да адной з сясцёр, дык адразу да яе і прыліпла. Вось і давялося ім правесці ноч каля гусі.
Раніцай узяў Дурань гусь пад паху і пайшоў, мала турбуючыся аб тым, што тры дзяўчыны ідуць за ім следам. Давялося ім увесь час бегчы ўслед за гуссю то туды, то сюды, куды ногі Дурневы надумаюць. Сустрэўся ім у полі пастар; убачыў ён такое шэсце і кажа:
– Пасаромейцеся, бессаромныя дзяўчаты! Чаго бяжыце ўслед за хлопцам, куды гэта варта? – І ён схапіў малодшую за руку, збіраючыся яе адцягнуць. Але толькі ён да яе дакрануўся, як таксама прыліп, і давялося яму самому бегчы ўслед за імі. Сустрэўся ім неўзабаве на шляху дзяк; убачыў ёд пастара, які спяшаўся ўслед за трыма дзяўчынамі, здзівіўся і закрычаў:
– Эй, спадар пастар, куды гэта вы так спяшаецеся? Не забудзьце, што сёння трэба яшчэ дзіця хрысціць, – і ён падбег да пастара, схапіў яго за рукаў і таксама прыліп.
Калі яны ўсе ўпяцярых беглі ўслед адно за адным, сустрэлася ім двое сялян, якія вярталіся са сваімі матыкамі з поля; пастар крыкнуў ім, каб яны вызвалілі яго і ксяндза. Але толькі дакрануліся сяляне да ксяндза, як таксама прыліплі, – стала іх цяпер сямёра, і ўсе беглі ўслед за Дурнем і яго гуссю.
Вось прыйшоў Дурань у горад, а правіў у тым горадзе кароль, і была ў яго дачка, такая строгая ды панурая, што ніводзін чалавек не мог яе ніяк рассмяшыць. І таму кароль аб’явіў, што хто, маўляў, яе рассмяшыць, той ажэніцца з ёю.
Пачуў Дурань пра гэта і накіраваўся са сваёй гуссю і цэлай чарадой спадарожнікаў да каралеўны. Убачыла тая семярых, якія беглі адно за адным, і так пачала смяяцца, што і спыніцца ёй было цяжка. Запатрабаваў тады Дурань яе сабе ў нявесты, але каралю будучы зяць штосьці не вельмі спадабаўся. Пачаў кароль выдумляць усялякія адгаворкі і сказаў, каб прывёў ён да яго такога чалавека, які б змог цэлы склеп віна выпіць. Тут Дурань і прыгадаў сівога чалавечка і падумаў, што той зможа, мабыць, дапамагчы яму. Накіраваўся Дурань у лес і ўбачыў на тым самым месцы, дзе сек ён аднойчы дрэва, нейкага чалавечка; той сядзеў і па твары ягоным было відаць, што ён надта зажурыўся. Пачаў Дурань яго распытваць, чаму ён бядуе. Той адказаў:
– Мучыць мяне моцная смага, ніяк не магу я яе прагнаць, Халоднай вады я не п’ю, бочку віна я ўжо апаражніў, але для мяне гэта ўсё роўна, што кропля на гарачы камень.
– Я магу ў гэтай справе табе дапамагчы, – сказаў Дурань. – Ідзі за мной, і ты ўволю нап’ешся.
Павёў яго Дурань у каралеўскі склеп. Падсеў чалавечак да вялізных бочак і пачаў піць; піў і піў, пакуль жывот у яго не раздзьмуўся, і не прайшло і дня, як выпіў ён цэлы склеп.
Запатрабаваў другі раз Дурань сабе нявесту, але кароль раззлаваўся, што такі просты хлопец, якога кожны называе Дурнем, можа ажаніцца з яго дачкой, і паставіў тады новую ўмову: павінен Дурань спачатку знайсці такога чалавека, які б змог цэлую гару хлеба з’есці.
Не доўга думаючы, накіраваўся Дурань у лес; і сядзеў на тым самым месцы нейкі чалавек; ён падцягнуў свой пояс тужэй, твар у яго быў сумны, і ён сказаў Дурню:
– Я ўжо з’еў цэлую печ сітнага хлеба, ды што гэта для мяне, калі я страшэнна галодны! Ніяк мне не наесціся, і даводзіцца таму пояс падцягваць усё тужэй, каб з голаду не памерці.
Узрадаваўся Дурань і кажа:
– Дык уставай і ідзі за мной: ужо ты ўволю наясіся.
Прывёў ён яго да каралеўскага двара, а туды звезлі да таго часу ўсю муку з усяго каралеўства і напяклі вялізную гару хлеба; ну, тут лясны чалавек падышоў і пачаў есці, – і за адзін дзень уся хлебная гара знікла.
Трэці раз запатрабаваў Дурань сабе нявесту, але каралю хацелася ад яго пазбавіцца, і запатрабаваў ён у Дурня такі карабель, каб мог па вадзе і па сушы плаваць.
– Як толькі ты на тым караблі да мяне падплывеш, – сказаў ён Дурню, – адразу мая дачка будзе тваёю жонкай.
Накіраваўся Дурань прамой дарогай у лес; сядзеў там стары сівы чалавечак, якому ён аддаў некалі свой пірог, і сказаў чалавечак:
– Гэта ты мяне накарміў, напаіў, дам я табе за гэта карабель; я гэта раблю таму, што ты мяне пашкадаваў.
І даў ён яму карабель, які мог хадзіць і па сушы і па моры. Убачыў кароль той карабель і не мог адмовіцца аддаць дачку сваю замуж за Дурня. Вось згулялі вяселле, і пасля смерці караля атрымаў у спадчыну Дурань усё каралеўства і жыў доўгія гады шчасліва са сваёю жонкай.

Інфармацыя для навуковага аналізу
Паказчык | Значэнне |
|---|---|
| Нумар | KHM 64 |
| Пераклады | EN, ZH, ES, FR, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, KO, VI, TR, IT, PL, NL, RO, EL, HU, DA, SE, BG |
| Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана | 40,3 |
| Колькасць знакаў | 7.614 |
| Колькасць літар | 5.957 |
| Колькасць сказаў | 69 |
| Колькасць слоў | 1.320 |
| Сярэдняя колькасць слоў у сказе | 19,13 |
| Словы даўжэй за 6 літар | 280 |
| Працэнт доўгіх слоў | 21,2% |
| Type-Token Ratio (TTR) | 0,436 |
| Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR) | 0,862 |
| Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD) | 148,6 |
| Hapax Legomena | 382 |
| Average word length | 4,52 |
| Median sentence length | 18,0 |
| 90th percentile sentence length | 32,2 |
| Direct speech share | 1,5% |
| Sentence complexity | 2,70 |
| Connectors | 0 |
| Referential cohesion | 0,028 |
| Character/name candidates | Дурань (23), Дурнем (3), Дай (2), Калі (2), Дурню (2), Дурня (2) |
| Character co-occurrence network | Дай - Дурань (1), Дурань - Дурнем (1), Дурань - Дурню (1), Дурань - Дурня (1) |
| Motif/tag candidates | Браты Грым |


