Падзяліцца
Выгадная справа
Выгадная справа Märchen

Выгадная справа - Казка братоў Грым

Час чытання: 2 хв

Прывёў селянін на базар карову і прадаў яе там за сем талераў.

Прадаў карову, атрымаў грошы і пайшоў назад дадому. Вось ідзе ён каля сажалкі і чуе – крычаць у вадзе жабы: «Ква, ква, ква, ква!»

«Вось дурныя жабы, – падумаў селянін, – якую лухту кажуць. Сем талераў я за карову атрымаў, а зусім не два».

Падышоў ён да вады і крыкнуў жабам:

– Гэй вы, жабы, каму лепей ведаць: мне ці вам, колькі я атрымаў – сем талераў ці два?

А жабы ўсё крычаць: «Ква, ква, ква, ква!»

Выгадная справа Казка

– Ну вось, калі не верыце, глядзіце – я іх яшчэ раз пералічу.

Выцягнуў ён грошы з кішэні і пералічыў усе сем талераў.

А ў жаб, відаць, свой лік быў, і яны зноў пачалі крычаць: «Ква, ква, ква, ква!»

– Ах, вось вы якія! – закрычаў селянін. – Усё спрачаецеся ды мне не верыце! Дык бярыце ж, самі лічыце!

Узяў грошы і кінуў іх у ваду.

Потым сеў на беразе і стаў чакаць, ці хутка жабы грошы пералічаць і вернуць яму.

Чакае, чакае, а жабы па-ранейшаму крычаць: «Ква, ква, ква, ква!» І грошай не вяртаюць.

Раззлаваўся тады селянін і закрычаў:

– Ах, вы, вадаплясьніцы! Ах, вы, тоўстагаловыя ды лупатыя! Крычаць вы ўмееце так гучна, што ад вашага крыку ў вушах звініць, а самі талеры злічыць не ўмееце! Ці не думаеце вы, лупатыя, што я буду чакаць тут да вечара, калі вы там у сябе падлік адолееце?

А жабы яму ў адказ: «Ква, ква, ква!»

Зусім раззлаваўся на іх селянін, плюнуў ад злосці і пайшоў дадому.

Мінула трохі часу, і вырашыў ён прадаць другую карову. Зарэзаў яе і павёз мяса на базар.

Пад’язджае ён да горада, а там каля самай брамы сабак вельмі многа сабралася. А паперадзе ўсіх стаіць вялізны гончы сабака. Учуў сабака мяса, пачаў скакаць вакол воза і брахаць: «Дай, дай, дай!»

А селянін кажа яму:

– Бач ты які хітры, нездарма кажаш: «Дай, дай». Гэта ты мяса хочаш. Ды я ж не такі дурны, каб яго табе аддаць.

А сабака зноў брэша: «Дай, дай, дай!»

– Ну што з табой рабіць, – сказаў ён. – Ведаю я, у каго ты служыш, пакіну табе мяса. Толькі глядзі: праз два дні прынясі мне за яго грошы, а не то табе дрэнна будзе.

Скінуў ён усё мяса з воза і паехаў дадому.

А сабакі накінуліся на мяса і брэшуць: «Дай, дай, дай!»

Пачуў селянін іхні брэх і падумаў: «Гэта яны ад вялікага сабакі сваю долю патрабуюць. Ды ці ж мне не ўсё роўна: плаціць жа ён будзе».

Мінула два дні.

Прачнуўся селянін на трэці дзень раніцай і думае: «Ну, сёння я багатым стану, сёння мне сабака павінен грошы прынесці».

Аднак і дзень прайшоў, і вечар настаў, а грошай ніхто не прынёс.

– Ну і час настаў, – кажа ён, – нікому верыць нельга. Пайду да гаспадара гэтага сабакі, – гарадскога мясніка. Няхай ён мне грошы за мяса аддасць.

Так ён і зрабіў.

Прыйшоў да мясніка і кажа:

– Гэй, гаспадар, аддавай мне грошы за мяса, якое я твайму сабаку прадаў.

– Ды ты што, – кажа мяснік, – з глузду з’ехаў, ці што?

– Не, – кажа селянін, – я пры сваім розуме, плаці грошы.

Тады мяснік раззлаваўся, схапіў палку і прагнаў яго.

– Ідзі, – кажа, – пакуль цэлы. А калі яшчэ раз сюды прыйдзеш, зноў на сваёй спіне палку адчуеш.

Пайшоў селянін ад мясніка.

«Куды, – думае, – ісці мне цяпер скардзіцца, хто мне дапаможа? Пайду ў каралеўскі палац».

Так ён і зрабіў.

Пусцілі яго ў палац.

Увайшоў ён у тронную залу, а там сядзяць на троне кароль і каралеўская дачка.

– На што скардзішся? – пытаецца ў яго кароль. – Хто цябе пакрыўдзіў?

– Ах, – сказаў селянін, – жабы ў мяне грошы адабралі, сабакі – мяса, а мяснік мяне за гэта палкай набіў.

Пачаў ён ім падрабязна расказваць пра свае няшчасці. А дачка каралеўская слухала яго, слухала ды раптам не стрымалася і зарагатала.

Тут кароль і кажа:

– Ні жаб, ні сабак я пакараць не магу, а вось з дачкой маёй ты можаш ажаніцца. Бо яна яшчэ ніколі не смяялася, і я абяцаў аддаць яе замуж за таго, хто першы яе рассмяшыць. Бачыш, які ты шчаслівы!

– Ну і зрабіў ласку, – кажа селянін. – Я зусім жаніцца не хачу. У мяне дома свая жонка ёсць, навошта мне твая дачка. У мяне хата маленькая, не тое што твой палац, нам і дваім з жонкай цесна.

Тут кароль раззлаваўся і закрычаў:

– Ты няветлівы і грубы, вось ты які!

– Што ж, – адказаў яму селянін, – сам ведаеш: на свінцы не шоўк, а шчацінне.

– Ну, добра, – кажа кароль, – цяпер ідзі прэч. Я табе іншую ўзнагароду прызначу. Дні праз тры заходзь у палац, тады я табе ўсе пяцьсот адсыплю спаўна.

Пайшоў селянін з палаца, а каля брамы спыніў яго салдат з каралеўскай варты і кажа:

– Ты рассмяшыў каралеўну, дык пэўна, ужо, за гэта атрымаеш добрую ўзнагароду.

– Так, – сказаў селянін, – неблагую. Мне будзе за гэта пяць сотняў выплачана.

– Паслухай, – кажа яму салдат, – навошта табе столькі грошай, даў бы ты мне трохі!

– Ну што ж, – адказвае селянін, – дзве сотні магу табе аддаць. Прыходзь праз тры дні да караля і скажы, каб ён табе іх выплаціў замест мяне.

А тут адзін гандляр пачуў іх размову, падбег да мужыка і таксама пачаў яго ўгаворваць. Чым, кажа, табе тры дні гэтых грошай чакаць, вазьмі ў мяне зараз сто пяцьдзесят. А ўсе астатнія я сам у караля атрымаю.

– Давай, – кажа селянін. – Мне грошы патрэбны.

Праз тры дні ён зноў прыйшоў да караля.

– Здымайце з яго адзенне, – загадвае кароль, – ён павінен атрымаць свае пяць сотняў.

– Не, – кажа селянін, – нічога не атрымаецца. Не мае гэтыя пяць сотняў. Я іх ужо твайму салдату ды аднаму гандляру падараваў.

І сапраўды, прыходзяць у гэты момант салдат і гандляр да караля і патрабуюць: салдат дзвесце, а гандляр трыста.

Так ім і далі: салдату дзвесце розгаў, а гандляру трыста.

Салдата на каралеўскай службе часта білі, дык ён асабліва не гараваў і вытрымаў, а гандляр увесь час крычаў:

– Ой, баліць! Ой, якія вашы грошы моцныя!

А селянін пайшоў дадому і ўсю дарогу радаваўся, што так лёгка каралеўскай узнагароды пазбавіўся.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
ПеракладыEN, ZH, ES, FR, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, KO, VI, TR, IT, PL, NL, RO, EL, HU, DA, FI, SE, BG, SK, SL, NO, LT
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана28,4
Колькасць знакаў5.568
Колькасць літар4.187
Колькасць сказаў98
Колькасць слоў960
Сярэдняя колькасць слоў у сказе9,80
Словы даўжэй за 6 літар179
Працэнт доўгіх слоў18,6%
Type-Token Ratio (TTR)0,446
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,836
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)107,3
Hapax Legomena296
Average word length4,36
Median sentence length9,0
90th percentile sentence length17,0
Direct speech share8,8%
Sentence complexity1,60
Connectors0
Referential cohesion0,020
Character/name candidatesКва (5), Дай (4), Гэй (2)
Character co-occurrence networknone
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch