Падзяліцца
Жывая вада
Жывая вада Märchen

Жывая вада - Казка братоў Грым

Час чытання: 2 хв

Жыў некалі кароль; быў ён хворы, і ніхто ўжо не верыў, што ён зможа калі-небудзь ачуняць. А было ў караля тры сыны; вось зажурыліся яны з-за гэтага, пайшлі ўніз у каралеўскі сад і заплакалі. Але сустрэўся ім у садзе нейкі дзядок, стаў пра іх гора распытваць. Яны яму гавораць, што іхні бацька вельмі хворы, відаць, памрэ, а дапамагчы яму нічым немагчыма. А дзядок і кажа:

– Я ведаю яшчэ адзін сродак, – гэта жывая вада; калі хто той вады нап’ецца, дык зноў ачуняе; але ваду гэтую знайсці нялёгка.

Старэйшы сын і гаворыць:

– Вось я гэтую ваду і знайду.

Пайшоў ён да хворага караля, пачаў яго прасіць, каб той адпусціў яго на пошукі жывой вады, што гэта толькі і можа яго вылечыць.

– Не, – сказаў кароль, – гэтая справа надта небяспечная, лепш ужо мне памерці.

Але сын доўга яго ўпрошваў, і, нарэшце, кароль пагадзіўся. А прынц падумаў: «Прынясу я гэтую ваду, стану ў бацькі самым любімым сынам і атрымаю ў спадчыну каралеўства».

І ён рушыў у шлях-дарогу; праехаў ён некаторы час, зірк – стаіць на дарозе карлік. Карлік паклікаў яго і кажа:

– Куды гэта ты так спяшаешся?

– Дурны малыш, – горда адказаў прынц, – табе пра гэта не трэба ведаць, – і паскакаў далей.

Разгневаўся маленькі чалавек і пажадаў яму зла. Трапіў прынц неўзабаве ў горную цясніну, і чым далей ён ехаў, тым усё больш сыходзіліся горы, і нарэшце дарога стала такою вузкаю, што ўжо нельга было і кроку ступіць; немагчыма было і каня павярнуць альбо ўстаць з сядла; і вось апынуўся прынц запёртым у скалах. Доўгі час прачакаў яго хворы кароль, але ён усё не вяртаўся.

Гаворыць тады сярэдні сын:

– Бацька, дазвольце мне паехаць на пошукі жывой вады, – а сам пра сябе падумаў: «Калі брат мой памёр, дык каралеўства дастанецца мне».

Кароль напачатку таксама не хацеў яго адпускаць, але нарэшце саступіў яго просьбам. Паехаў прынц той жа самай дарогаю, што і яго брат, і таксама сустрэўся яму карлік, які яго спыніў і запытаўся, куды гэта ён так спяшаецца.

– Эх ты, малыш, – сказаў прынц, – пра гэта ведаць табе не трэба, – і паскакаў далей, нават не азірнуўшыся.

Але карлік яго зачараваў, і прынц таксама трапіў, як і яго брат, у горную цясніну і не мог зрушыцца ні ўзад ні ўперад. Вось так яно здараецца з людзьмі фанабэрыстымі!

Не вярнуўся назад і сярэдні сын, і падахвоціўся тады ісці на пошукі жывой вады малодшы сын, і давялося каралю ўрэшце яго адпусціць.

Сустрэў меншы прынц карліка, і той запытаўся ў яго таксама, куды гэта ён так спяшаецца. Прынц спыніў каня, пагаварыў з карлікам, адказаў яму на пытанне і сказаў:

– Я шукаю жывую ваду, – бацька мой ляжыць пры смерці.

– А ты ведаеш, дзе знайсці яе?

– Не, – адказаў прынц, – не ведаю.

– Таму, што ты трымаеш сябе, як след і не фанабэрышся, як твае крывадушныя браты, я пакажу табе дарогу да жывой вады. Гэтая вада цячэ з крыніцы ў двары зачараванага замка. Але ты туды трапіць не зможаш, калі я не дам табе жалезнага прутка і двух маленькіх боханаў хлеба. Ты стукні тым прутком тройчы ў жалезныя вароты замка, і яны тады расчыняцца; ляжаць на двары два ільвы, яны раззявяць пашчу, ты кінеш кожнаму з іх па бохану, яны будуць маўчаць; але ты не марудзь, набяры сабе жывой вады, пакуль не праб’е поўнач, інакш вароты зачыняцца і ты апынішся там запёртым.

Падзякаваў яму прынц, узяў пруток і боханы і рушыў у шлях-дарогу. Калі ён прыехаў туды, усё было, як сказаў яму карлік. Вароты расчыніліся пасля трэцяга ўдару прутком, і калі ён задобрыў ільвоў хлебам, ён трапіў у замак і ўвайшоў у вялікую цудоўную залу; а сядзелі ў той зале зачараваныя прынцы. Паздымаў ён у іх з пальцаў пярсцёнкі; і ляжалі тут жа меч і хлеб і ён узяў іх з сабою. Потым зайшоў ён у пакой, і стаяла там цудоўная дзяўчына. Пабачыўшы яго, яна ўзрадавалася, пацалавала яго і сказала, што ён яе вызваліў ад злых чараў і можа цяпер атрымаць усё яе каралеўства; а калі ён вернецца праз год назад, дык яны адсвяткуюць з ім вяселле. Потым яна сказала, дзе крыніца з жывой вадою, і што павінен ён спяшацца і набраць з яе вады, раней, чым праб’е поўнач. Пайшоў прынц далей, зайшоў, нарэшце, у пакой, дзе стаяў прыгожы, толькі што разасланы ложак; а быў бн стомлены і схацелася яму трошкі адпачыць. Ён лёг і заснуў; а калі прачнуўся, прабіла без чвэрці дванаццаць. Ён ускочыў з перапуду, пабег да крыніцы, зачарпнуў вады ў кубак, які стаяў там, і паспяшаўся хутчэй назад. Толькі ён выйшаў за вароты, якраз прабіла дванаццаць, і вароты зачыніліся, ды так моцна, што адарвалі яму кавалак пяткі.

Але яму было радасна і весела, што дастаў ён жывой вады, і ён пайшоў дамоў. Давялося яму праходзіць зноў міма карліка. Пабачыў карлік меч і хлеб і гаворыць:

– Ты здабыў для сябе вялікае шчасце: гэтым мячом ты можаш разбіць цэлае войска, а гэты хлеб табе есці і не з’есці ніколі.

Не схацеў прынц дамоў вяртацца без сваіх братоў і спытаўся:

– Мілы карлік, ці не можаш ты мне сказаць, дзе знаходзяцца мае абодва браты? Яны паехалі па жывую ваду і назад да гэтага часу не вярнуліся.

– Яны сядзяць запёртыя паміж дзвюма гарамі, – сказаў карлік, – я там іх зачараваў, таму што былі яны надта фанабэрыстымі.

Стаў прынц упрошваць карліка і прасіў яго да таго часу, пакуль той іх не выпусціў. Але карлік яго перасцярог і сказаў:

– Ты іх сцеражыся, у іх злое сэрца.

З’явіліся яго браты, ён узрадаваўся ім і расказаў, што з ім было, – як знайшоў ён жывую ваду, набраў яе поўны кубак, як вызваліў цудоўную прынцэсу; што будзе яна яго чакаць цэлы год, а пасля яны адсвяткуюць вяселле і ён атрымае вялікае каралеўства. Потым паехалі яны разам і трапілі ў такую краіну, дзе былі вайна і голад, і кароль той краіны думаў, што яму давядзецца згінуць, такая была вялікая небяспека. Тады пайшоў да таго караля прынц, даў яму хлеба, і кароль накарміў гэтым хлебам усё сваё каралеўства; даў прынц яму меч, – ён разграміў ім варожае войска і мог з таго часу жыць у міры і спакоі. Узяў прынц назад свой хлеб і меч, і трое братоў рушылі далей. Але давялося ім пабываць яшчэ ў дзвюх краінах, дзе панавалі вайна і голад; і прынц даваў каралям кожны раз свой хлеб і меч, – гэтак ён выратаваў тры краіны. Потым селі браты на карабель і паплылі па моры.

Дарогаю старэйшыя браты гавораць адзін аднаму:

– Меншы ж брат знайшоў жывую ваду, а не мы; бацька аддасць яму за гэта ўсё каралеўства, а яно па праву належыць нам, ён адніме ў нас наша шчасце.

І яны вырашылі яму адпомсціць і дамовіліся паміж сабою малодшага брата загубіць. Яны выбралі час, калі ён моцна заснуў, вылілі жывую ваду з кубка, забралі яе сабе, а яму налілі ў кубак горкай марской вады.

Вярнуліся яны дамоў, і прынёс малодшы сын хвораму каралю свой кубак, каб той выпіў з яго і стаў здаровым. Але толькі адпіў ён трошкі горкай марской вады, як расхварэўся яшчэ больш. Стаў ён на хваробу скардзіцца; тады з’явіліся да яго старэйшыя сыны, пачалі малодшага абвінавачваць, быццам хацеў ён бацьку атруціць; прынеслі яму сапраўднай жывой вады і падалі яму напіцца. Толькі ён адпіў той вады, як адчуў, што хвароба ў яго прайшла і стаў ён дужым і здаровым, якім быў у маладыя гады.

Прыйшлі старэйшыя браты да малодшага, сталі над ім насміхацца і гавораць:

– Хаця ты жывую ваду і знайшоў і ўжо як стараўся, а ўзнагароду за гэта атрымаем мы. Трэба было быць табе разумнейшым і лепей глядзець; мы яе ў цябе забралі, калі ты заснуў на караблі, а праз год адзін з нас возьме сабе і цудоўную каралеўну. Але глядзі, сцеражыся, нас не выдай; бацька ж табе не верыць, і калі ты скажаш хоць слова, паплацішся жыццём, а будзеш маўчаць, дык мы цябе памілуем.

Раззлаваўся стары кароль на малодшага сына: ён паверыў, што той задумаў яго загубіць. І загадаў ён сабраць прыдворных, каб яго судзіць, і было вырашана яго тайна забіць. Выехаў прынц аднойчы на паляванне, нічога не падазраючы кепскага, і паехаў разам з ім каралеўскі егер. Яны апынуліся ў лесе зусім адны, выгляд у егера быў вельмі журботны, і вось кажа яму прынц:

– Што з табою, мілы мой егер?

А егер адказвае:

– Пра гэта сказаць я не смею, а ўсё-ткі павінен.

Прынц і гаворыць:

– А ты ўсё мне скажы, я табе дарую.

– Ах, – адказаў егер, – я вас павінен забіць, мне загадаў гэта кароль.

Спалохаўся прынц і папрасіў:

– Мілы егер, пакінь мяне ў жывых; я дам табе сваё каралеўскае адзенне, а ты дай мне ўзамен яго сваё простае.

– Я гэта ахвотна зраблю, – сказаў егер, – усё роўна я страляць бы ў вас не змог.

І яны абмяняліся адзеннем. Вярнуўся егер дамоў, а прынц рушыў далей у лес. Праз некаторы час прыбылі да старога караля для яго малодшага сына тры павозкі золата і каштоўных камянёў; а былі яны прысланыя трыма каралямі, што разбілі сваіх ворагаў мячом прынца і накармілі свае каралеўствы яго хлебам. Падумаў стары кароль: «Няўжо мой сын ні ў чым невінаваты?», – і сказаў сваім слугам:

– Каб жа мой сын застаўся ў жывых! Як я шкадую, што загадаў яго забіць.

– Ён яшчэ жывы, – сказаў егер, – я не змог адужаць свайго сэрца і выканаць ваш загад, – і ён расказаў каралю ўсё, як было.

Нібыта камень зваліўся з сэрца караля, і ён загадаў абвясціць па ўсіх каралеўствах, што сын яго можа вярнуцца назад і будзе ім ласкава прыняты.

Каралеўна загадала пракласці перад сваім замкам дарогу, ды каб была яна ўся залатая, бліскучая, і сказала сваім людзям, што хто па дарозе той будзе скакаць, не зварочваючы, проста да яе, той і ёсць яе сапраўдны жаніх, і яго павінны прапусціць, а хто будзе ехаць кружною сцежкай, той не сапраўдны жаніх, і каб яны яго не ўпускалі.

Вось падышоў час, і старэйшы брат падумаў, што трэба хутчэй спяшацца да каралеўны і выдаць сябе за яе вызваліцеля, і тады ён возьме яе сабе ў жонкі і атрымае да таго яшчэ і каралеўства ў дадачу. Ён выехаў і, пад’язджаючы да замка, пабачыў дзівосную залатую дарогу і падумаў: «Як шкада скакаць па такой дарозе», і ён звярнуў з яе і паехаў правым бокам па абочыне. Ён пад’ехаў да варотаў, але людзі сказалі яму, што ён не сапраўдны жаніх і няхай, маўляў, едзе сабе адсюль. Хутка пасля таго сабраўся ў шлях-дарогу другі прынц; ён пад’ехаў да залатой дарогі, і толькі ступіў конь на яе капытом, прынц падумаў: «Шкада такую дарогу збіваць», і звярнуў, паехаў левым бокам, па абочыне. Пад’ехаў ён да варотаў, але людзі сказалі, што і ён не сапраўдны жаніх, няхай, маўляў, сабе едзе адсюль. Якраз споўніўся год, і сабраўся выехаць з лесу да сваёй каханай меншы брат, каб разам з ёю развеяць сваё гора. Сабраўся ён у шлях-дарогу і ўсё думаў толькі пра каралеўну, і так хацелася яму быць хутчэй з ёю, што не заўважыў ён зусім той залатой дарогі. Паскакаў яго конь проста пасярэдзіне; вось ён пад’ехаў да варотаў, расчыніліся вароты, і радасна сустрэла яго каралеўна і сказала, што ён – яе вызваліцель і ўсяму каралеўству гаспадар; і адсвяткавалі вяселле ў вялікай весялосці і радасці. Калі вясельная бяседа закончылася, яна сказала яму, што яго бацька запрашае яго да сябе і даруе яму. Ён паехаў да бацькі і расказаў яму пра ўсё – як падманулі яго браты і як давялося яму пры гэтым маўчаць. Стары кароль хацеў іх пакараць смерцю, але яны селі на карабель і паплылі за мора і з таго часу так назад і не вярнуліся.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
НумарKHM 97
ПеракладыEN, ZH, ES, FR, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, VI, TR, IT, PL, NL, EL, DA, SE, BG
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана42,3
Колькасць знакаў10.810
Колькасць літар8.462
Колькасць сказаў95
Колькасць слоў1.855
Сярэдняя колькасць слоў у сказе19,53
Словы даўжэй за 6 літар423
Працэнт доўгіх слоў22,8%
Type-Token Ratio (TTR)0,388
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,846
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)135,3
Hapax Legomena455
Average word length4,57
Median sentence length18,0
90th percentile sentence length33,6
Direct speech share2,1%
Sentence complexity2,77
Connectors0
Referential cohesion0,017
Character/name candidatesМілы (2)
Character co-occurrence networknone
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch