Падзяліцца
Дзяўчына-дзікунка
Дзяўчына-дзікунка Märchen

Дзяўчына-дзікунка - Казка братоў Грым

Час чытання: 2 хв

Жыў некалі кароль; была ў яго жонка, залатавалосая, такая прыгажуня, што падобнай не знайсці ва ўсім свеце. Аднойчы яна цяжка захварэла, і калі адчула, што хутка памрэ, паклікала караля і сказала:

– Калі ты пасля маёй смерці захочаш ажаніцца зноў, то бяры сабе жонку толькі такую, якая будзе роўнай мне па прыгажосці і каб былі ў яе такія ж залатыя валасы, як у мяне; гэта ты мне абяцай.

І вось пасля таго, як кароль паабяцаў ёй такое, яна заплюшчыла вочы і памерла.

Доўга кароль не мог змірыцца са смерцю і не думаў аб тым, каб ажаніцца ў другі раз. Ды вось нарэшце кажуць яму дарадчыкі:

– Па-іншаму быць не можа, – павінен кароль ажаніцца ў другі раз, каб у нас была каралева…

Разаслалі тады ва ўсе канцы пасланцоў на пошукі нявесткі, якая б была прыгажосцю сваёй падобная на нябожчыцу каралеву. Але ва ўсім свеце нельга было знайсці падобнай, а калі б такую і знайшлі, то не магло быць хоць адной прыгажуні, у якой былі б такія залатыя валасы.

Ды была ў караля дачка; была яна такая ж прыгожая, як яе нябожчыца маці, і былі ў яе такія ж залатыя валасы. І калі яна падрасла, паглядзеў на яе аднойчы кароль і ўбачыў, што яна, ну, вылітая нябожчыца жонка, і нечакана загарэўся да яе моцным пачуццём. І сказаў ён сваім дарадчыкам:

– Я хачу ажаніцца на сваёй дачцэ, яна зусім падобная на маю нябожчыцу жонку, а ў свеце больш няма на яе падобных.

Пачулі гэта дарадчыкі, спалохаліся і кажуць:

– Богам забаронена жаніцца бацьку на сваёй дачцэ, ад такога грэху нічога людскага не будзе, а заадно спасцігне бяда і ўсё каралеўства.

А больш за ўсіх напалохалася дачка, даведаўшыся аб такім рашэнні бацькі, але яна спадзявалася адгаварыць яго ад гэтай задумы, і яна сказала яму:

– Перш чым выканаць вашы жаданні, я павінна атрымаць ад вас тры сукенкі: адну залатую, як сонца, другую – срэбную, як месяц, а трэцюю – зіхоткую, як зоры; акрамя таго хачу я мець мантыю, пашытую з тысячы розных шкурак і аўчынак, і каб з кожнага звера каралеўства нашага было на ёй па куску шкуры. Яна думала: «Усяго гэтага дабыць немагчыма, і я пазбаўлю бацьку ад гэтых дурных думак». Але кароль, аднак, задумы сваёй не пакінуў; самыя ўмелыя дзяўчаты каралеўства павінны былі выткаць тры сукенкі: адну – залатую, як сонца, другую срэбную, як месяц, а трэцюю – зіхоткую, як зоры; а каралеўскім паляўнічым загадана было злавіць самых розных звяроў у каралеўстве і выразаць у кожнага з іх па куску шкуры. І вось была гатова мантыя з тысячы розных шкурак і аўчынак. Нарэшце, калі ўсё было гатова, загадаў кароль прынесці яму мантыю; ён разгарнуў яе перад дачкаю і сказаў:

– Заўтра быць вяселлю.

Зразумела тады каралеўна, што няма ніякай надзеі пераканаць бацьку, і яна вырашыла бегчы. Ноччу, калі ўсё навокал спала, яна ўстала і ўзяла са сваіх каштоўнасцяў толькі тры рэчы: залаты пярсцёнак, залатое вераценца і маленькае залатое матавіла; а тры сукенкі, як сонца, месяц і зоры, яна схавала ў арэхавую шкарлупку; апранула мантыю з тысячы розных шкурак і вымазала сабе твар і рукі сажай. Яна даверылася волі божай і адправілася ў дарогу. Ішла яна ўсю ноч, пакуль не прыйшла ў дрымучы лес. Яна вельмі стамілася, прыгледзела дупло дрэва і там заснула.

Узышло сонца, а яна ўсё працягвала спаць, пакуль не ўсталяваўся ясны дзень. І здарылася якраз так, што кароль, якому належыў лес, у гэты час паляваў у ім. Падбеглі каралеўскія сабакі да дрэва, учулі каралеўну, пачалі бегаць вакол дрэва і брахаць. Сказаў тады кароль егерам:

– Паглядзіце, што там за дзічына схавалася.

Егеры выканалі яго загад, вярнуліся назад і кажуць:

– Ляжыць у дупле дрэва дзіўны звер, мы такога яшчэ ні разу не бачылі; пакрыты звер поўсцю з тысячы розных шкурак, ляжыць і спіць.

Кароль ім кажа:

– Вы паспрабуйце злавіць мне гэтага звера жывым, прывяжыце яго да калёс і вазьміце з сабой.

Але толькі егеры дакрануліся да дзяўчыны, яна тут жа прачнулася, спалохалася і кажа ім:

– Я бедная дзяўчына бацькам і маці пакінутая. Змілуйцеся нада мной, вазьміце мяне з сабой!

І сказалі тады егеры:

– Ды ты якраз спатрэбішся на кухні, пойдзем з намі, будзеш там попел выграбаць.

Пасадзілі яны дзяўчыну ў калёсы і адвезлі з каралеўскі замак.

Знайшлі дзяўчыне невялікі закутак пад лесвіцай, дзе і святла не было, сказалі:

– Звярок, вось тут ты будзеш жыць і спаць.

Потым яны паслалі яе на кухню, і яна пачала насіць дровы і ваду, сачыць за печкай, абскубваць птушак, чысціць розную гародніну, попел выграбаць і выконваць усялякую чорную работу.

Так жыла Дзікунка доўгі час у горы ды бядзе. Ах, цудоўная каралеўна, што яшчэ з табой будзе!

Вось здарылася так, што наладзілі аднойчы ў замку баль, і кажа яна тады повару:

– Можна мне падняцца наверх і крыху паглядзець? Я буду стаяць ля дзвярэй. Повар адказаў:

– Добра ўжо, ідзі, ды толькі праз паўгадзіны ты павінна вярнуцца назад і прыбраць попел.

Узяла яна сваю масляную лямпачку, пайшла да сябе з каморку, зняла мантыю, змыла з твару і рук сажу, і вярнулася да яе зноў былая прыгажосць. Потым адчыніла яна арэшак і дастала адтуль сваю сукенку, што ззяла, як сонца. Яна адзелася і паднялася наверх у замак; усе ўступалі ёй дарогу, яе ніхто не пазнаў, і ўсе думалі, што не інакш як з’явілася якаясьці каралеўна. Выйшаў да яе насустрач кароль, працягнуў ёй руку, пачаў з ёй танцаваць, думаючы сабе: «Такой прыгажуні я яшчэ ніколі не бачыў». Вось закончыўся танец, яна пакланілася, і не паспеў кароль азірнуцца, як яна знікла, і ніхто не ведаў куды. Паклікалі вартаўнікоў, што стаялі ля замка, спыталіся ў іх, але ніхто яе не бачыў.

А забегла яна да сябе ў каморку, хуценька зняла сукенку, вымазала твар і рукі сажай, апранула мантыю, і зноў сталася Дзікункай. Прыйшла яна на кухню, хацела ўзяцца за работу – выграбаць попел, а повар і кажа:

– Гэта ты адкладзі да заўтра, а звары зараз для караля суп, мне таксама хочацца зазірнуць наверх. Ды глядзі мне, каб ні адна валасінка ў суп не трапіла, а то потым я не дам табе нічога есці.

Повар пайшоў; і зварыла Дзікунка каралю суп; наварыла яна хлебнай сёрбанкі, пастаралася згатаваць яе як найлепш, і, калі страва зварылася, яна ўзяла свой залаты пярсцёнак і апусціла яго ў міску. Вось кончыліся танцы, і загадаў кароль прынесці яму суп, і ён так яму прыйшоўся даспадобы, што, здалося, лепшага ніколі ў жыцці і не еў. Даеў ён сваю міску – і ўбачыў на дне залаты пярсцёнак, і ніяк не мог зразумець, як ён туды трапіў. Загадаў ён тады паклікаць повара. Спалохаўся повар, пачуўшы пра такі загад, і кажа Дзікунцы:

– Ты, напэўна, у суп абраніла валасінку; калі гэта праўда, я цябе паб’ю.

Прыходзіць повар да караля, а кароль у яго пытаецца, хто гэты суп варыў?

– Я яго варыў, – адказвае повар.

А кароль кажа:

– Не, гэта няпраўда, ён звараны па-іншаму і куды лепш, чым раней.

І кажа повар:

– Я павінен прызнацца, што варыў яго не я, а варыла яго Дзікунка.

І сказаў кароль:

– Ідзі і пакліч яе мне сюды.

Прыйшла Дзікунка, а кароль у яе пытаецца:

– Ты хто такая?

– Я бедная сірата, няма ў мяне ні бацькі, ні маці.

Пытаецца кароль зноў:

– А ты кім ў мяне ў замку працуеш?

Яна адказвае:

– Ды я нічога не ўмею, хіба толькі здзекі цярпець.

Пытаецца кароль зноў:

– А дзе ты ўзяла пярсцёнак, што апынуўся ў супе?

І яна адказвае:

– Пра гэты пярсцёнак я нічога не ведаю.

Так і не змог кароль нічога ўведаць, і давялося яму назад яе адсылаць.

Праз які час быў наладжаны новы баль, і Дзікунка папрасіла ў повара дазволу, як і ў мінулы раз, пайсці наверх і паглядзець. Повар адказаў:

– Добра, але глядзі, праз паўгадзіны вяртайся назад, ды звары каралю хлебнай сёрбанкі, якая яму так прыйшлася да смаку.

Пабегла яна ў сваю каморку, хутка памылася, дастала з арэхавай шкарлупкі сукенку, што была срэбная, як месяц, і надзела яе. Паднялася яна наверх у замак і была падобная на каралеўну. Выйшаў да яе насустрач кароль, быў рады бачыць яе зноў, і якраз у гэты час пачынаўся танец, – і яны танцавалі разам. Але толькі танец скончыўся, яна знікла так хутка, што кароль не паспеў заўважыць, куды яна падзелася. А яна забегла да сябе ў каморку, сталася зноў Дзікункай і пайшла на кухню варыць хлебную сёрбанку. А повар быў на версе; і вось яна дастала залатое вераценца, кінула ў міску і наліла туды сёрбанкі. Падалі яе каралю, і ён яе еў, і сёрбанка яму спадабалася, як і ў мінулы раз; загадаў кароль паклікаць повара, і давялося яму і на гэты раз прызнацца, што суп варыла Дзікунка. Паклікалі Дзікунку зноў да караля, але яна адказала, што адно толькі ўмее – гэта цярпець здзекі ды пабоі і што пра залатое вераценца ёй нічога невядома.

Наладзіў кароль і ў трэці раз баль, і атрымалася ўсё гэтак жа, як і раней. І хоць повар сказаў:

– Дзікунка, ты, напэўна, ведзьма, магчыма, у суп штосьці падсыпаеш, ад чаго ён робіцца такім смачным і падабаецца каралю больш, чым той, які вару я.

Але яна доўга яго ўпрошвала, і нарэшце ён адпусціў яе на паўгадзіны паглядзець на баль. Надзела яна сукенку, што ззяла, як зоры, і пайшла ў залу. І зноў кароль танцаваў з прыгажуняй, яму здавалася, што яна ніколі яшчэ не была такой прыгожай. У час танцу надзеў ён ёй незаўважна на палец залаты пярсцёнак і загадаў, каб танцы працягваліся даўжэй. Скончыўся танец, і ён хацеў утрымаць яе за руку, але яна вырвалася і тут жа згубілася сярод гасцей. Пабегла яна хуценька ў сваю каморку пад лесвіцай, але паколькі яна прабыла ў замку больш чым паўгадзіны, то не паспела зняць з сябе цудоўную сукенку, а ахінулася толькі ў мантыю і не змагла ў спешцы вымазацца ўся ў сажу, і вось адзін палец застаўся ў яе белым. Прыбегла Дзікунка на кухню, зварыла каралю хлебную сёрбанку і, толькі повар выйшаў, паклала ў яе залатое матавіла. Убачыў кароль залатое матавіла на дне міскі і загадаў паклікаць Дзікунку. І раптам ён убачыў у яе белы палец, а на пальцы залаты пярсцёнак, які ён падарыў ёй у час танцаў. Схапіў ён яе руку і моцна заціснуў, і толькі яна паспрабавала вырвацца і пабегчы, раптоўна расхінулася шыкоўная мантыя і заззяла на ёй зорная сукня. Схапіў кароль мантыю і сарваў яе з плеч. І тут ён убачыў залатыя валасы, і яна з’явілася перад ім ва ўсёй сваёй прыгажосці, – ніяк нельга было ёй ужо схавацца. А калі яна змыла з твару сажу і попел, то сталася яна прыгажуняй, і падобнай красы ніхто ў свеце яшчэ не бачыў.

І сказаў кароль:

– Ты мая нарачоная і мы назаўсёды з табой будзем разам.

А потым і вяселле згулялі, і жылі яны ў шчасці і радасці да самай смерці.

LanguagesВывучайце мовы. Двойчы націсніце на слова.Вывучайце мовы ў кантэксце з Childstories.org і Deepl.com.

Інфармацыя для навуковага аналізу

Паказчык
Значэнне
НумарKHM 65
ПеракладыEN, ZH, ES, RU, UA, CZ, PT, JA, DE, VI, TR, IT, PL, NL, RO, DA, FI, BG
Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана42,9
Колькасць знакаў10.135
Колькасць літар7.973
Колькасць сказаў91
Колькасць слоў1.720
Сярэдняя колькасць слоў у сказе18,90
Словы даўжэй за 6 літар412
Працэнт доўгіх слоў24,0%
Type-Token Ratio (TTR)0,398
Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR)0,848
Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD)133,9
Hapax Legomena419
Average word length4,64
Median sentence length17,0
90th percentile sentence length28,0
Direct speech share1,1%
Sentence complexity2,87
Connectors0
Referential cohesion0,023
Character/name candidatesДзікунка (8), Добра (2), Дзікункай (2), Дзікунку (2)
Character co-occurrence networknone
Motif/tag candidatesБраты Грым
Пытанні, заўвагі або ўражанні?

Самыя чытаныя казкі

Аўтарскія правы © 2026 -   Пра нас | Абарона дадзеных|  Усе правы абаронены Працуе на childstories.org

Keine Internetverbindung


Sie sind nicht mit dem Internet verbunden. Bitte überprüfen Sie Ihre Netzwerkverbindung.


Versuchen Sie Folgendes:


  • 1. Prüfen Sie Ihr Netzwerkkabel, ihren Router oder Ihr Smartphone

  • 2. Aktivieren Sie ihre Mobile Daten -oder WLAN-Verbindung erneut

  • 3. Prüfen Sie das Signal an Ihrem Standort

  • 4. Führen Sie eine Netzwerkdiagnose durch