Час чытання: 2 хв
ДЗІЦЯ МАРЫІ
Край вялікага лесу жыў дрывасек са сваёй жонкай, і было ў іх толькі адно дзіця — дзяўчынка трох гадоў. Але яны былі такія бедныя, што не мелі болей хлеба і не ведалі, чым ім карміць дачку. І вось аднойчы ўранні невясёлы дрывасек пайшоў у лес працаваць, і калі ён сек дрэвы, перад ім раптам з’явілася прыгожая высокая жанчына, на галаве якой была карона, складзеная з зіхоткіх зорак. Яна сказала дрывасеку: «Я Панна Марыя, Маці немаўляці Ісуса, ты бедны і жывеш у галечы, аддай мне сваё дзіця, я хачу ўзяць яго з сабой, буду клапаціцца пра яго і буду яму як маці». Дрывасек паслухаўся, прынёс дзіця і аддаў яго ў рукі Марыі, якая забрала яго з сабой на нябёсы.

Там дзяўчынцы жылося добра, яна ела белы хлеб з салодкім малаком, а яе адзежа была з золата, і анёлкі любілі гуляць з ёй.
Калі ёй споўнілася чатырнаццаць, Панна неяк паклікала яе да сябе і сказала:
— Мілае дзіця, я выпраўляюся ў доўгае падарожжа, вось, вазьмі — гэта ключы ад трынаццаці пакояў нябеснага царства. Я даю іх табе на захаванне. Дванаццаццю ключамі ты можаш карыстацца і адмыкаць імі ўсе дзверы, якія пажадаеш. Але трынаццатым ключом, самым маленькім, табе карыстацца забаронена.

Сцеражыся адчыняць дзверы, да якіх ён пасуе, інакш з табой здарыцца няшчасце.
Дзяўчынка абяцала быць паслухмянай. І калі Панна Марыя выправілася ў дарогу, пачала аглядаць пакоі нябеснага царства. Кожны дзень яна адчыняла адны дзверы — і вось пабачыла ўжо ўсе дванаццаць пакояў. У кожным сядзеў апостал, і вакол яго ўсё было такое бліскучае і раскошнае, і дзяўчынка цешылася з гэтай раскошы і прыгажосці, а анёлкі, якія паўсюль яе суправаджалі, цешыліся разам з ёй. І вось толькі адны дзверы засталіся неадамкнутыя, дзяўчынка адчула неадольнае жаданне даведацца, што там схаванае.

Тады яна сказала:
— Не падумайце, я не хачу цалкам адчыняць гэтыя дзверы і не хачу заходзіць у гэты пакой, але мы можам проста паглядзець у шчылінку, што там такое.
— Не! — сказалі анёлкі. — Гэта грэх! Панна Марыя забараніла табе рабіць гэта, з табой можа здарыцца няшчасце!
Дзяўчынка прыціхла, але цікаўнасць у яе сэрцы не маўчала, а калола і дражніла гэтае маленькае сэрца і не пакідала яго ў спакоі. І калі аднойчы ўсе анёлкі некуды пайшлі, дзяўчынка падумала: цяпер я адна і магу зазірнуць у той пакой, ніхто не даведаецца, што я зрабіла. Яна дастала патрэбны ключ, і калі ключ апынуўся ў яе руках, яна ўставіла яго ў замок, а калі ён апынуўся ў замку, яна павярнула яго… Дзверы адскочылі, і дзяўчынка пабачыла Святую Тройцу ва ўсім яе агні і бляску! Яна пастаяла крыху, заварожана разглядаючы ўсё гэта, а потым дакранулася пальцам да бліскучага ззяння — і яе палец зрабіўся залаты. Дзяўчынка вельмі спалохалася, шчыльна зачыніла дзверы і пабегла адтуль. Але страх не пакідаў яе, і сэрца працягвала біцца і не знаходзіла спакою, і золата заставалася на яе пальцы, як ні намагалася дзяўчынка адмыць яго або адцерці.
Мінула не так шмат часу, і Панна Марыя вярнулася са свайго падарожжа. Яна паклікала дзяўчынку да сябе і загадала аддаць ключы ад нябеснага царства. Калі дзяўчынка падавала ёй ключы, Панна Марыя зазірнула ёй проста ў вочы і спытала:
— Ты не адчыняла трынаццатыя дзверы?
— Не, — адказала дзяўчынка.
Тады Панна Марыя паклала руку дзяўчынцы на сэрца, адчула, як тое б’ецца, і зразумела, што яе загад быў парушаны і дзверы былі адамкнутыя.
— Ты дакладна не рабіла гэтага? — другі раз спытала Панна Марыя.
— Не, — адказала дзяўчынка другі раз.
Тады Панна Марыя паглядзела на палец, які зрабіўся ўвесь залаты ад нябеснага ззяння, пераканалася, што дзяўчынка награшыла, і спытала трэці раз:
— Ты не рабіла гэтага?
— Не, — сказала дзяўчынка трэці раз.
І тады Панна Марыя прамовіла:
— Ты не паслухалася мяне, а да таго ж схлусіла. Таму ты больш не дастойная жыць на небе.
І дзяўчынку апанаваў глыбокі сон. Калі яна прачнулася, то ляжала на зямлі, унізе, пасярод гушчару. Яна хацела паклікаць на дапамогу, але не магла вымавіць ні гуку. Яна ўскочыла і хацела бегчы адтуль, але ў які бок ні паварочвалася, скрозь былі густыя зараснікі, праз якія яна не магла прабрацца.
У гушчары, дзе яна апынулася, быццам у палоне, стаяла старое дуплістае дрэва: у ім дзяўчынка і мусіла жыць. Калі надыходзіла ноч, яна запаўзала туды і спала ў дупле, там жа знаходзіла сабе прытулак, калі быў дождж або навальніца.
Але гэта было ўбогае жыццё. Дзяўчынка горка плакала, успамінаючы пра тое, як добра ёй было на небе і як з ёю гулялі анёлкі.
Адзінай ежай ёй былі карэньчыкі і лясныя ягады. Увосень яна збірала апалае лісце і арэхі і адносіла ў сваё дупло. Арэхамі яна сілкавалася ўзімку, а калі ўсё навокал пакрывалася снегам і лёдам, яна запаўзала пад ахапкі лісця, каб схавацца ад холаду.
Вопратка яе хутка парвалася і лахманамі звісала з цела. Калі ж сонейка зноў пачынала прыпякаць, яна выходзіла са свайго схову і садзілася пад дрэвам, прыкрываючыся доўгімі валасамі, быццам плашчом.

Так яна гібела год ад году, церпячы ўсе беды й пакуты зямнога існавання.
Аднойчы, калі дрэвы зноў зазелянелі, кароль той краіны, палюючы ў лесе, пагнаўся за казуляй. Казуля ўцякла ў кусты, што раслі вакол старога дрэва, і ён сышоў з каня і мячом пачаў пракладаць сабе шлях скрозь зараснікі.
Прабіўшыся нарэшце скрозь гэты гушчар, ён убачыў дзяўчыну неймавернай пекнаты, якая сядзела пад дрэвам і якую з галавы да пятаў хвалямі захіналі залацістыя валасы.
Ён спыніўся, моўчкі, са здзіўленнем узіраючыся ў яе, а затым спытаў:
— Хто ты такая і навошта сядзіш ты тут, у гэтай лясной глухмені?
Яна нічога не адказала, бо не магла растуліць вуснаў.
Кароль працягваў:
— Хочаш пайсці са мной у мой замак?
Дзяўчына адказала яму толькі лёгкім кіўком галавы.
Тады ўзяў яе кароль на рукі, данёс да свайго каня і паехаў з ёю дадому. Калі яны прыехалі ў ягоны каралеўскі палац, ён загадаў апрануць яе ў самае шыкоўнае адзенне і даць ёй усё, што толькі пажадае яе душа. І хоць яна не магла гаварыць, прыгажосць яе была такая чароўная, што кароль пакахаў яе ўсім сэрцам і праз нейкі час ажаніўся з ёй.
Не мінула і году, як каралева нарадзіла сына. І вось аднойчы ўначы, калі яна ляжала адна ў ложку, перад ёй з’явілася Панна Марыя і сказала:
— Калі ты скажаш мне праўду і прызнаешся, што адчыняла забароненыя дзверы, я адкрыю твае вусны і вярну табе дар мовы; калі ж ты пачнеш упарціцца ў сваім граху і будзеш настойліва адмаўляць сваю віну, я забяру ў цябе тваё нованароджанае дзіця.
Каралева атрымала магчымасць сказаць нарэшце праўду, але заўпарцілася і зноў сказала:
— Не, я не адмыкала забароненых дзвярэй.
Тады Панна Марыя ўзяла з яе рук немаўля і знікла з ім.
Назаўтра, калі дзіцяці нідзе не маглі знайсці, падняўся гоман у народзе: «Наша каралева — людажэрка, роднае дзіця загубіла». Яна ўсё чула, ды нічога запярэчыць не магла, кароль жа не хацеў гэтаму верыць, таму што моцна кахаў яе.

Праз год у каралевы нарадзіўся яшчэ адзін сын, і зноў ноччу прыйшла да яе Панна і сказала:
— Цяпер ты згодная пакаяцца ў тым, што адмыкала забароненыя дзверы? Калі прызнаешся, я аддам табе твайго першага сына і вярну дар слова, калі ж будзеш упарціцца ў граху і адмаўляць віну сваю — адбяру ў цябе і гэтае немаўля.
І зноў адказала каралева:
— Не, я не адчыняла забароненых дзвярэй.
Панна ўзяла з ейных рук дзіця і ўзнеслася з ім на нябёсы.
Назаўтра, калі зноў высветлілася, што і гэтае дзіця каралевы знікла, народ ужо адкрыта казаў, што каралева зжэрла яго, і дарадцы караля запатрабавалі зладзіць над каралевай суд.
Але кароль так яе кахаў, што ўсё не хацеў верыць абвінавачанням. Ён загадаў сваім дарадцам пад страхам смяротнага пакарання, каб пра гэта болей не было і гаворкі.
На наступны год нарадзіла каралева надзвычай прыгожую дзяўчынку. Трэці раз з’явілася перад ёй ноччу Панна Марыя і сказала:
— Ідзі за мною!
Узяла Марыя каралеву за руку, павяла на неба і паказала ёй там абодвух яе старэйшых дзяцей: яны сустрэлі яе вясёлым смехам, гуляючы зямным шарам, яблыкам Святой Панны.
Узрадавалася каралева, гледзячы на іх, а Панна сказала:
— Няўжо тваё сэрца не памякчэла? Калі ты прызнаешся, што адмыкала тады забароненыя дзверы, я вярну табе абодвух тваіх сыночкаў.
Але каралева і трэці раз адказала:
— Не, я не адчыняла забароненых дзвярэй.
Тады Панна зноў апусціла яе на зямлю і адняла ў яе трэцяе дзіця.
Калі на наступную раніцу разнеслася вестка аб знікненні малой прынцэсы, народ гучна закрычаў: «Каралева — людажэрка! Яна заслугоўвае толькі смерці!» І кароль ужо не мог больш пярэчыць сваім дарадцам.
Над каралевай быў зладжаны суд.

Аднак яна не магла вымавіць ні слова ў сваю абарону, і яе прысудзілі да спалення на вогнішчы.
Былі прынесеныя дровы, і калі вакол каралевы, што была моцна прывязаная да слупа, з усіх бакоў з’явілася полымя, лёд яе гордасці пачаў таяць, а ў сэрцы заварушылася раскаянне ў сваёй віне. «Калі б я хаця б перад смерцю магла пакаяцца, што адчыняла тыя дзверы!» І тут яе голас вярнуўся, і яна гучна закрычала:
— Святая Панна, я гэта зрабіла!
Тут жа з нябёсаў паліўся дождж і патушыў агонь, над асуджанай каралевай узнікла сляпучае ззянне,
і на зямлю сышла з нябёсаў Панна Марыя з абодвума сынамі каралевы і яе дачкою.
— Хто прызнаецца ў сваім граху і раскайваецца ў ім, таму грэх даруецца, — ласкава прамовіла Панна, аддала каралеве трох яе дзяцей, вызваліла ёй язык і надзяліла шчасцем на ўсё астатняе жыццё.

Інфармацыя для навуковага аналізу
Паказчык | Значэнне |
|---|---|
| Нумар | KHM 3 |
| Пераклады | EN, ZH, ES, FR, RU, CZ, PT, JA, DE, KO, VI, TR, IT, PL, NL, EL, HU, DA, FI, SE, BG |
| Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана | 42,7 |
| Колькасць знакаў | 9.151 |
| Колькасць літар | 7.298 |
| Колькасць сказаў | 94 |
| Колькасць слоў | 1.495 |
| Сярэдняя колькасць слоў у сказе | 15,90 |
| Словы даўжэй за 6 літар | 401 |
| Працэнт доўгіх слоў | 26,8% |
| Type-Token Ratio (TTR) | 0,472 |
| Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR) | 0,863 |
| Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD) | 166,8 |
| Hapax Legomena | 500 |
| Average word length | 4,88 |
| Median sentence length | 14,0 |
| 90th percentile sentence length | 27,7 |
| Direct speech share | 3,5% |
| Sentence complexity | 1,91 |
| Connectors | 0 |
| Referential cohesion | 0,014 |
| Character/name candidates | Панна (18), Марыя (14) |
| Character co-occurrence network | Марыя - Панна (13) |
| Motif/tag candidates | Браты Грым |










