Час чытання: 2 хв
У аднаго селяніна былі тры сыны. Неяк паклікаў ён да сябе ўсіх траіх і сказаў:
– Я ўжо стары і вырашыў, пакуль жывы, падзяліць паміж вамі спадчыну. Грошай у мяне няма, і таму я пакідаю ў спадчыну аднаму з вас пеўня, другому – касу, а трэцяму – кошку. Рэчы не вельмі каштоўныя, але, калі пападуць яны ў добрыя рукі, могуць прынесці вялікую карысць. Паспрабуйце ж знайсці такую краіну, дзе людзі ніколі не бачылі гэтых рэчаў, і тады будзеце шчаслівымі.

І вось пасля смерці бацькі пайшоў старэйшы брат са сваім пеўнем шчасце шукаць. Але куды б ён ні прыходзіў, пеўні ўсюды былі ўжо знаёмыя. У гарадах ён яшчэ здалёк бачыў пеўняў на вокнах. Гэта былі флюгеры, яны ўвесь час трымалі кірунак па ветру. А ў вёсках пеўні так і заліваліся песнямі на ўсіх дварах. Нікому гэта птушка не была ў навіну, ніхто на яго пеўня і глядзець не хацеў.
Усё ж нарэшце старэйшаму брату пашанцавала – ён трапіў на востраў, жыхары якога яшчэ ні разу не бачылі пеўня.
– Глядзіце, якая цудоўная птушка! – сказаў старэйшы брат. – На галаве ў яе прыгожая карона, а на нагах шпоры. Яна кожную ноч кукарэкае тры разы, і заўсёды ў адзін і той жа час. Першы раз яна кукарэкае ў дзве гадзіны, другі раз – у чатыры гадзіны і трэці раз у шэсць гадзін раніцы. А калі яна закукарэкае днём, гэта значыць, што неўзабаве памяняецца надвор’е.
Певень вельмі спадабаўся ўсім жыхарам горада. Яны не спалі ўсю ноч і ўсё слухалі, як ён звонка выклікваў час у дзве гадзіны, у чатыры і ў шэсць. А раніцой яны спыталі, ці не прадаецца птушка і колькі яна каштуе. «Дайце мне за яе гэтулькі золата, колькі можа панесці асёл», – адказаў старэйшы брат.
– Ды ён амаль задарма аддае такую каштоўную птушку! – усклікнулі ўсе жыхары вострава.
І яны купілі пеўня.
Калі старэйшы брат вярнуўся дамоў, браты здзівіліся, што ён атрымаў за пеўня так многа грошай.
– Эх, пайду я пашукаю шчасця, – сказаў сярэдні брат. – Магчыма, мне таксама пашанцуе выгадна збыць сваю касу, – і адправіўся ў дарогу.
Але ўсюды, дзе ён праходзіў, былі ў сялян такія ж косы, як і ў яго.
Нарэшце і яму пашчасціла трапіць на востраў, дзе людзі яшчэ не бачылі касы. Калі ім трэба было збіраць ураджай, яны прывозілі на ніву гарматы, стралялі, і гарматныя ядры перабівалі сцяблінкі каласоў. Гэта было вельмі непрактычна, таму што ядры то праляталі міма, то пападалі па самых каласках і псавалі шмат зерня. Ды і грукату было шмат ад страляніны.
Падышоў сярэдні брат да гэтых людзей і так хутка і бясшумна пачаў касіць, што яны аж раты паразяўлялі ад здзіўлення. Пачалі жыхары вострава прасіць, каб ён прадаў ім касу.
– Дайце мне гэтулькі золата, колькі можа павезці конь, – сказаў сярэдні брат.
Атрымаўшы тое, што прасіў, ён, задаволены, вярнуўся дамоў.
Нарэшце адправіўся і трэці брат са сваёй кошкай шчасце шукаць.
Спачатку ў яго ўсё ішло так, як і ў першых двух братоў. Куды б ён ні прыйшоў, усюды было мноства кошак. Але вось і яму пашчасціла: ён прыплыў да такога вострава, дзе не было ні адной кошкі. Затое мышэй на гэтым востраве развялося безліч! Яны бегалі па сталах і лаўках і зусім не баяліся людзей.
Усе жыхары вострава вельмі пакутвалі ад іх, і нават сам кароль у сваім палацы не мог уратавацца ад мышэй: мышы пішчалі па ўсіх кутках і згрызалі ўсе, што ім толькі траплялася.
Вось выпусціў малодшы брат сваю кошку, і яна тут жа кінулася лавіць мышэй.
Хуценька знішчыла яна ўсіх мышэй у двух вялікіх залах палаца.
Кароль захацеў купіць кошку і даў за яе гэтулькі золата, колькі мог павезці вярблюд. Так што трэці брат прывёз дамоў грошай больш за ўсіх.
А кошка ў каралеўскім палацы гэтулькі мышэй пералавіла, што і не злічыць. Яна вельмі стамілася, у яе нават у горле перасохла, і захацелася піць. Падняла яна ўверх мордачку і замяўкала: «Мяў, мяў!»
Пачулі кароль і яго прыдворныя гэты дзіўны крык, напалохаліся і ўцяклі з палаца.
Сабраў кароль сваіх дарадчыкаў, і пачалі яны думаць, як бы ім ад кошкі пазбавіцца.
Нарэшце прыйшлі да згоды:
– Ужо лепш мы будзем пакутваць ад мышэй, чым жыць з такой пачварай і рызыкаваць сваім жыццём. А да мышэй мы ўжо прывыклі.
І кароль паслаў да кошкі слугу з загадам пакінуць палац.
– Калі яна адмовіцца пайсці, папярэдзь яе, што ёй будзе дрэнна! – сказаў ён слугу.
А кошка за гэты час, пакуль ішла нарада, яшчэ больш піць захацела.
І калі слуга спытаў у яе, ці згодна яна пайсці па-добраму, яна ў адказ зноў прамяўкала: «Мяў, мяў!»
Слугу здалося, што яна гаворыць: «Не, не!» Ён так і перадаў каралю.
– Ну што ж, – сказаў кароль, – не хоча па-добраму ісці, давядзецца сілай выганяць!
Ён загадаў выкаціць у двор гарматы і страляць па палацы.
Палац загарэўся.
Калі агонь дабраўся да таго пакоя, дзе была кошка, яна вельмі спакойна выскачыла з акна і пабегла.
А па палацу ўсё палілі з гармат – да таго часу, пакуль ад яго засталася толькі куча ламачча.

Інфармацыя для навуковага аналізу
Паказчык | Значэнне |
|---|---|
| Нумар | KHM 70 |
| Пераклады | EN, ZH, ES, FR, RU, CZ, PT, JA, DE, VI, TR, IT, PL, NL, EL, HU, DA, BG |
| Індэкс чытальнасці паводле Б'ёрнсана | 34,2 |
| Колькасць знакаў | 4.706 |
| Колькасць літар | 3.698 |
| Колькасць сказаў | 67 |
| Колькасць слоў | 798 |
| Сярэдняя колькасць слоў у сказе | 11,91 |
| Словы даўжэй за 6 літар | 178 |
| Працэнт доўгіх слоў | 22,3% |
| Type-Token Ratio (TTR) | 0,526 |
| Moving-Average Type-Token Ratio (MATTR) | 0,871 |
| Measure of Textual Lexical Diversity (MTLD) | 155,9 |
| Hapax Legomena | 303 |
| Average word length | 4,64 |
| Median sentence length | 12,0 |
| 90th percentile sentence length | 19,0 |
| Direct speech share | 1,7% |
| Sentence complexity | 1,27 |
| Connectors | 0 |
| Referential cohesion | 0,014 |
| Character/name candidates | Мяў (2) |
| Character co-occurrence network | none |
| Motif/tag candidates | Браты Грым |







